Выбрать главу

Распараджаўся на хаўтурах Уладзімір Бравусаў. Дзейнічаў рашуча, энергічна. Пазіраючы на яго Сахута ўзадаў, як Пятро Махавікоў і Ева апавядалі з захапленнем пра святкаванне юбілею Сырадоева дзесяць гадоў таму. І тады вёў рэй Бравусаў. Так, падумалася, нездарма кажуць:  святкаванне юбілею— гэта  вясёлая  рэпетыцыя  пахавання.

Людзей сабралася багата, але прамоўцы выступалі коратка, пералічвалі пасады. на якіх працаваў нябожчык,  усе казалі. што быў сумленны, старанна выконваў свае абавазкі, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам. Коратка гаварыў і Андрэй Сахута, адно дадаў да ўсіх іншых харакатрыстык:  нябожчык быў добрым чалавекам, прывёз яму канькі-снягуркі з Нямеччыны, заўсёды цікавіўся, як вучацца ў школе суседскія дзеці. Быць строгім, а часам і суровым прымушала жыццё. Пра забойцу. паляванне на лася стараліся не згадваць, як у доме вісельніка ніхто не гаворыць пра вяроўку.

Андрэй Сахута міжволі падумаў, што адданы служка савецкай улады Іван Сырадоеў усяго на некалькі дзён перажыў Савецкі Саюз, які мацаваў цягам усяго  свядомага жыцця. Але ў развітальным слове ён пра гэта не сказаў.

Затое Анатоль Раковіч, калі яны ўжо кінулі па тры жмені вільготнага жвірыстага пяску ў свежую магілу,  скрушна ўздыхнуў:

— Усё жыццё служыў савецкай уладзе. І загінуў амаль адначасова з ёй. І думаецца мне, што Косця Варонін помсціў   не толькі за лася. А й  за бацьку, за раскулачанага дзеда. За ўсе грахі савецкай улады. Рэкі крыві. Мільёны жыццяў. І скончылася крахам…

Сахута моўчкі кіўнуў. Былы абкамаўскі ідэолаг  не знайшоў чым запярэчыць сучаснаму кіраўніку раёна, таксама былому камуністу. Былому  сакратару райкама партыі.

Марына і Бравусаў угаварылі Андрэя застацца начаваць у іх.Чысціня, акуратнасць, нейкая дамавітая ўтулнасць панавалі ў хаце. Андрэй парадаваўся, што на згоне жыцця старэйшая сястра пажыве з каханым чалавекам. Бравусаў хоць і кульнуў на хаўтурах “законныя” тры чаркі, ці првільней сказць — рытуальныя чаркі, — выглядаў бадзёрым, рухавым, узяўся частаваць госця. Угаворвала і Марына:

— Давай, браток, за тваю сямейку. Чокацца не будзем. Дзень сянні не вясёлы. Ды што ж тут зробіш? Жысць ідзе сваім ходам,—   яна змахнула хусцінкай  слязу, прыгубіла чарку.

Гаспадар і госць асушылі па поўнай. Даўным-даўно нашы прашчуры вынайшлі “жывую” ваду, якая найлепей супакойвае чалавека ў цяжкія, скрушныя хвіліны існавання на зямлі.

Сядзелі за сталом доўга, пілі і елі мала, згадвалі пасляваеннае жыццё.Урэшце Марына заўважыла, што ў брата зліпаюцца павекі, здагадалася, што падняўся ён дужа рана.

— Ой, загаманіліся мы! Андрэй, кладзіся спаць. Я табе паслала на старым ложку . Хай прысніцца нешта добрае,— пажадала сястра.

Гэты ложак Андрэй памятаў з маленства: металічная рама.металічныя ножкі, пафарбаваныя ў сіні колер, кароткія дошкі заместа панцырнай сеткі ці матраца са спружынамі, сяннік, напханы мяккай  атаваю,  які падаўся мякчэйшым за пуховую пярыну. За сталом засынаў, а як лёг, абрынуліся згадкі: як спаў тут школьнікам, у часе зімовых  студэнцкіх  канікулаў — улетку спаў заўсёды на сене. Зноў уварвалася ў стомлены мозг жахлівая думка: я  мог ужо тры месяцы ляжаць у сырой  і  халоднай зямлі, апярэдзіў бы і Сырадоева, і Косцю Вароніна. Гэтую думку ён рашуча адагнаў прэч. Падумаў, што заўтра сутрэнецца з Палінай. Прадчуванне радасці падкаціла гарачаю хваляю пад сэрца. Але стома і чарка хутка выціснулі ўсе  думкі  ды  згадкі, развагі ды спадзяванні.  І ён забыўся моцным сном, нібы ў далёкім юнацтве.

Жаданая сустрэча адбылася, Дар'я Азарава паехала ў госці да   унукаў.

Адтуль патэлефанавала, што застанецца нанач.

— Ой, як няёмка! Прымусіла я старую жанчыну начаваць не ў сваёй хаце. Але гэта  здарылася.  ўпершыню, — нібы апраўдвалася Паліна. — У наступную ж сераду мы не пабачымся. Першага студзеня. Ты будзеш далёка,— яна ўздыхнула. — Грэшнікі мы з табой. Але гэтая ноч хай будзе нашай. Апошняя ў гэтым годзе.

Андрэю пачулася ўсхваляванасць у ейным голасе. Дакрануўся вуснамі да шчакі Паліны — шчака была мокрая ад слёз.

ХVІІІ

А ў Мінску рыхтавалісяда Новага года Пятро і Ева Махавіковы. Гаспадыню найбольш займала, што паставіць на стол, што падарыць сваім сямейнікам. Вядома, пра ўсё яна раілася з Пятром. І хоць у таго назбіралася багата клопатаў у выдавецтве, як  часта здараецца напрыканцы года ў любой установе ці на прадпрыемстве,  але мусіў ён выслухоўваць жонку,  мусіў і ў краму часцей заглядваць.