Адгарнуў першую старонку, а пачаліся запісы ў студзені 1989-га. Значыць, я тут свайго роду летапісец краху сацыялізму. Правільней, гэта суб’ектыўныя нататкі пра канец сацыялізму. Можа, некалі надрукую сваю графаманію. А дзе ж пра той мітынг? Адбыўся ён, здаецца, зімою. Ці не ў лютым? Пачаў гартаць старонкі, нарэшце знайшоў патрэбную:
19 лютага. Нядзеля. Сёння на стадыёне адбыўся мітынг — каля сарака тысяч людзей сабралася. Я ішоў на мітынг, як на свята. Дамовіліся з Андрэем, што я завітаю да яго ў абкам, адтуль пойдзем разам, там рукою падаць. Дзень выдаўся светлы, з ветрыкам, лёгкім марозікам. Каля стадыёна прадавалі “Навіны” БНФ, сям-там луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Цэнтральныя сектары стадыёна былі запоўненыя бітком, на бакавых людзей меней. На супрацьлеглай трыбуне чырванеліся плакаты. Я папрасіў дзяўчат прачытаць, што на іх напісана. “Беларускай мове — дзяржаўнасць!” — маладым звонкім голасам прамовіла сімпатычнае русявае дзяўчо. “Гэта мудра!” — знарок гучна сказаў я. Андрэй тармаснуў мяне за рукаво, маўляў, не выпендрывайся. Два мажныя дзядзькі павярнуліся, коса зірнулі на мяне, пазналі Андрэя, кіўнулі яму.
Адкрыў мітынг старшыня гарсавета, потым гаварыў Зянон Пазняк. Гаварыў занадта пафасна, узнёсла, уеў старшыню гарсавета, маўляў, ён павінен папрасіць прабачэння за падзеі 30 кастрычніка, калі на могілках разагналі святкаванне Дзядоў. З усхваляванай прамовай выступіў Сяржук Вітушка: “Бюракраты, розныя партакраты вымруць, як маманты. Мы прыйдзем на іх месца. Жыве Беларусь!” — скончыў ён пад гул трыбун. А потым дарваўся да мікрафона сакратар Маскоўскага райкама Мінска, пачаў на рускай мове, яго асвісталі, не далі гаварыць. Зірнуў краем вока на Андрэя — той хмурыўся і кусаў вусны. Дзівакі, партыйныя ідэолагі, няўжо не маглі даўмецца, што выступаць тут трэба па-беларуску. Усхвалявана, цікава, хоць і коратка, гаварыла загадчыца дзіцячага садка пра тое, як яны вучаць дзяцей роднай мове. Рабочы з “Інтэграла” усыпаў партыйным бюракратам, быццам сарваў словы ў мяне з языка, але ён і ЦК зачапіў, сказаў, што “яшчо” не навучыўся гаварыць па-беларуску, але актыўна вучыць родную мову. Спачатку яго слухалі скептычна, а потым скандзіравалі: “Ма-ла-дзец!” Зноў вылезла партфункцыянерка: маўляў, я першая жанчына, якая выступае.І мне не будуць свістаць, што яна нстаўніца пачатковых класаў, дарасла да дырэктара школы, цяпер — сакратар райкама партыі, што яна стаіць гарой за беларускую мову, за яе дзяржаўнасць. Але навошта тут бел-чырвона-белыя сцягі? Навошта “Пагоня”? Болей гаварыць ёй не далі. Спачатку выступоўцам давалі па дзесяць хвілін, потым — па пяць. Мітынг доўжыўся болей, як тры гадзіны. Людзі пачалі разыхолдзіцца раней. Андрэй пацягнуў і мяне да выхаду. Вакол купкамі стаяла моладзь,усе спрачаліся.Мы з Андрэем таксама счапіліся, як ніколі раней.
Ён, вядома ж, падтрымаў райкамаўскую кабету: дзяржаўнасць беларускай мовы гэта правільна. Але навошта бел-чырвона-белы сцяг, навошта “Пагоня”? Я пачў даводзіц, што гэта нацыянальныя сімвалы, а ён сваё: пад гэтым сцягам фашысты і паліцаі нішчылі патрыётаў. А я кажу:на спражках нямецкіх салдат было напісана: “Гот міт унс” — з намі Бог, дык што цяпер, усім вернікам трэба адмовіцца ад Бога, бо фашысты яго імя запаскудзілі…Андрэй заспяшаўся ў абкам. Буркнуў “Бывай здароў!” І нават рукі не падаў на развітанне.
На тралейбусным прыпынку стаялі два хлапцы пад бел-чырвона-белым сцягам. Да іх прычапіўся стары ў акулярах: дакарае — хіба вам мала дзяржаўнага сцяга, навошта фашыстоўскі? “Правільна робяць хлопцы,— сказаў я.— Гэта наш нацыянальны сцяг. Яму семсот гадоў. Гэта наша гцісторыя”. Хлопцы заўсміхаліся, расцвілі. .А стары змоўк, як жабоцьку праглынуў. У тралейбусе разгаварыліся. Хлопцы вучацца ў радыётэхнічным інстытуце. У аднаго на штрыфлі курткі прыгожы значок “Світанак”, а ў другога — маленькі паласаты бел-чырвона-белы сцяжок.
На маю думку, мітынг удаўся, зробіць ён добры зрух у нашым абуджэнні і Адраджэнні.
Увечары ўсчалася завея, але назаўтра сіноптыкі абяцаюць плюс шэсць, а на Брэстчыне — да дзевяці. Вось табе і люты! Ці не мітынгоўцы сваім разгарачаным дыханнем угрэлі прыроду?
Дэталь, пра якую ледзьве не забыўся. Перад мітынгам па стадыёне павольна праехалі чатыры вялізныя фуры Мінскага аўтазавода. Маўляў, бачыце, чаго дасягнула савецкая Беларусь! А можа, іншы падтэкст: самых гарачых можам запіхнуць у чэрава гэтых машын, месца хопіць...