Выбрать главу

Пятро перачытаў старонкі дзённіка і зноў злавіў сябе на думцы: калі б не занатаваў, то шмат што забылася б, захавалася б адно агульнае ўражанне: было багата людзей і быў душэўны парыў. Гартаў свой кандуіт далей і ўбачыў дату, абведзеную чырвоным фламастэрам.

26 студзеня. 1990г.

Светлы дзень! Нарэшце прыняты Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Цяпер паступова, спакойна, без ляманту і гвалту, трэба працаваць. Павінна адрадзіцца Беларусь. Год таму на мітынгу 19 лютага я ўпершыню ўбачыў плакат “Беларускай мове — дзяржаўнасць!” Тады нават не верылася, што гэта будзе. Дапамаглі суседзі —  і літоўцы, і украаінцы прынялі ўжо законы аб мове. Таму нашым партбюракратам не было куды адступаць, хоць у мінскай “Вячорцы”, па радыё і тэлебачанні  гучалі выступы тыпу: я беларус ці беларуска, “говорю по-русски  и белорусский язык мне не нужен”. Мусіць, чуліся такія галасы і на сесіі Вярхоўнага Савета. Віцэ-прэм'ер Ніна Мазай зрабіла цікавы,  грунтоўны даклад,  вымаўленне ў яе натуральнае, голас прыемны, гучны. Любата слухаць!

Так, 26 студзеня — светлы дзень календара. Але ёсць жа і другая дата: 26 красавіка 1986-га — чарнобыльская аварыя. Паміж гэтымі датамі ўжо амаль чатыры гады. Чарнобыль ахінуў смертаносным  чорным крылом і мае родныя Хатынічы...

А на дварэ цяплынь нечуваная: плюс шэсць! І сонейка свеціць. Лагодны дзень. У  прыродзе пацяплела, а ў людскіх душа — халадрыга, злоба і нянавісць. Азербайджан з Арменіяй ніяк не могуць памірыцца, Грузія з Абхазіяй ваююць, Малдавія з Прыдняпроўем бяруцца ў рожкі, у Таджыкістане гінуць людзі. І Ў іншых краінах няма супакою і ладу. Познімі вечарамі слухаю галасы “забугорныя”. Развае лучыць з усім светам, гэткім супярэчлівым, гэткім маленькім і гэткім  вялікім. Разнастайным і адзіным у сваёй трагічнасці.”

15 сакавіка. Чацвер. Упершыню ўчора пачуў сур'ёзную, аргументаваную крытыку Гарбачова: непаслядоўнасць, кідаецца з аднао боку на другі, за няўдалую антыалкагольную кампанію, якая падарвала зканоміку краіны, за міжнацыянальныя канфлікты, ганьбаванне арміі. І крытыкаваў генсека дэпутат-камуніст з Кузбаса. Ён зазначыў, што пісаў у ЦК КПСС у 1985 годзе, выказваў тады крытычныя заўвагі. Яшчэ тры прамоўцы скублі Гарбачова. Была прапанова абраць прэзідзнтам Бакаціна. Ён двойчы выступаў, адмаўляўся. Ды што яны там — здурнелі? Знайшлі дзеяча! Сабчак абліў брудам прэм'ера Рыжкова, іншых членаў ураду — зроблена свядома, каб выбіць Рыжкова з прэтэндэнтаў. Ён спалохаўся, зняў сваю кандыдатуру. І застаўся Гарбачоў дзін. Зноў выбары без выбару.

Што будзе далей? Дужа вострая сітуацыя ў краіне. Самы цяжкі час перажываем. Адну сістэму руйнуем, іхоць яна і ўпіраецца. Ствараем другую. А ці лепшую?

Пішу на рабоце. Ніхто мяне не турбуе, праграма забіта афіцыйныі перадачамі, усе глядзяць паседжанні з'езда саветаў. Гэта бясплатная “шпектакля”. Не адарвацца. Гарбачоўская галоснасць у дзеянні. Ён яе спарадзіў, яна яго і загубіць

Надакучыў тэлевізар, слухаю прамую трансляцыю па радыё, бо сцэнарыі трэба чытаць. Паседжанне з'езда прызначана на дзесяць. Спалоханы каментатар гаворыць, што ўжо шэсць хвілін адзінаццатай, а прэзідыума няма. Мож,  не набраў Гарбачоў патрэбную колькасць галасоў? Мо завалілі яго нарэшце? У дзесяць нуль восем паяўляецца. Усё-ткі прайшоў — набраў 59 з нечым працэнтаў. Можа, схімічылі? У нас гэта ўмеюць.

Учора дэпутат з Данецка сказаў: я складваю свае паўнамоцтвы, мая праграма не выконваецца, бюракраты і жыды — так і прагучала, — давядуць краіну да развалу…

Пажывем — пабачым, што будзе далей. А я між тым думаю, дзе і калі буду сеяць грэчку.

19 сакавіка. Панядзелак. Якая цяплынь! Учора з Евай ездзілі ў вёску. Абразаў старыя яблыні і гэтак шчыраваў, што сёння не павярнуць  галавы — шыя нібы драўляная.Ноч пакутаваў: як ні лягу не   магу заснуць. Выставілі ўчора пчол. Перазімавалі добра,  усе цэлыя. Абляталіся дружна і адразу сыпанулі ў лес. Вярба распускаецца, арэшнік даўно развесіў свае султаны. На месяц раней звычайнага пачалася вясна. Не дзіва, што пчол-ваданосы абляпілі тазік ля студні: значыць, ёсць расплод. Шмат маладых пчол, якія просяць піць.

Думкі вясновыя і клопаты вясновыя. А што будзе ў нашай краіне? Бурлівы, скрутны час! Чытаю прамовы на пленуме ЦК КПСС. Якая барацьба кіпіць там! Наш зямляк Уладзімір Бровікаў, цяперашні пасол у Польшчы, вельмі востра і смела выступіў. Мабыць, ён лепш за ўсіх разумее. Куды  нясе нас “рок событій”. Ён і раней неяк выступаў моцна. Нажывае зямляк палітычны капітал. Можа,хоча вярнуцц ў Мінск нашым генсекам? Я б гэта вітаў. Чалавек разумны, працаваў у нас прэм'ерам. Рэдкі выпадак — журнвліст па адукацыі быў кіраўніком ураду. Панавешалі цяпер сабак на сацыялістычную сістэму. А яна дае  магчымасць любому атрымаць адукацыю. Выбіцца ў людзі, а калі ёсць характар і галава на плячах. Дык можаш стаць дзяржаўным мужам.