Выбрать главу

Дзябёлая прадаўчыца, растапырыўшы рукі, стрымлівала прагных пакупнікоў — гэтак страымліваюць, адганяюць гурт авечак, не хапала толькі грозных воклічаў: “Шкыра! Куды лезеце? Пайшлі назад!” Кабета ў сінім фірмовым халаціку запускала ў аддзел па пяць чалавек. Калі адзін пакупнік выходзіў, то зайсці прасіліся двое. Іншы раз кабета праяўляла акт міласэрнасці і прапускала дваіх.  “Грыша. Хадзі прымерай,”— клікала сына жанчына ў акулярах. “Грыша коўдру прымервае”, — рагатнуў нехта. Усе вакол засмяяліся. Нарэшце і я з касцюмам нырнуў у кабіну для прымеркі. Цёмна-шэры гэдээраўскі гарнітур сядзеў на мне даволі шчыгульна. Хацеў параіцца з Евай. Каб яна зірнула прыдзірлівым жаночым вокам, але народ нецярпліва падганяў, літаральна дыхаў у патыліцу. Прачытаў яшчэ раз цэтлік, міжвлі падумаў: больш якасныя тавары з ФРГ запаланілі ўсю Нямеччыну, таму гэдээраўскія спіхнулі бедалагам пераможцам. Можна доўга апісваць, як стаяў у чарзе ў касу, з малаткастым і сярпастым пашпартам, каб даказаць, што я не які небудзь навалока ці набрыдзь, а тутэйшы, мінчук. Дабалбаталіся!

А ў Маскве ідзе з'езд народных дэпутатаў. У першы дзень моцна ўрэзала Гарбачову сімпатычная чачэнка Сажы Умалатава: “Вы  должны уйти  ради мира и  спокойствія…” Сур'ёзна сказана! І дэпутаты — 426 прагаласавалі за ўключэнне пытання аб недаверы прэзідэнту, але большасць — 1200 выказалася супраць. Пакуль што Горбі застаўся. Ды ці надоўга?

31 снежня 1990. Панядзелак. Апошні дзень года белага Каня. Цяжкі быў год. Ажыятажны попыт, бясконцыя чэргі, няпэўнасць у заўтрашнім дні, расчараванасць у сацыялізме, у марксізме-ленінізме. Нядаўна нават у Сафіі вырашылі дэманціраваць помнік Леніну, які стаяў на плошчы яго імя. Мусіць, неўзабаве пачнём гэта рабіць і мы.

Што Новы год рыхтуе? Якія сюрпрызы і падарункі? Добрага, відаць, нічога. А вось вайна на Бліжнім Усходзе можа разгарэцца. Саддам Хусейн цвёрда стаіць на сваім: Кувейт не аддамо. Канфілкт вельмі сур’ёзны. Затое астролагі супакойваюць: год Казы — пад знакам жанчыны абяцае быць спакойнейшы, дабрэйшы, здаравейшы. Так хочацца гэтаму верыць!

Прыемная навіна: уступіла ў строй другая лінія Мінскага метро — шэсць станцый. Хоць адна добрая навіна.

І яшчэ штрых. Учора ў гандлёвым цэнтры купіў пляшку каньяку. Ды не абы-якога, называецца “Лучезарный”, кошт 38 рублёў. На этыкетцы — 26 р. Новая цана — камерцыйная. Чаргі не было, скрынак шмат, думаў, пітво будзе стаяць доўга. Дудкі! Сёння не было ўжо ніводнай бутэлькі. А давалі ж па талонах. Значыць, ёсць у людзей талоны і грошай не шкадуюць. Разумеюць: рублі худзеюць з кожным днём”.

Першыя навагодния  запісы нічым асаблівым не ўразілі Пятра, гартаў свой кандуіт далей. І вось кінулася ў вочы дата, абведзеная чорным.

17 студзеня. Чацвер, 1991. Вайна пачалася. Сёння ў тры гадзіны па багдадскім часе амерыканцы бамбілі Ірак і Кувейт. Масква развязала ім рукі: не трэ было галасаваць “за” ў Савеце Бяспекі, больш разумна было б устрымацца разам з  Кітаем. Прадалі Гарбачоў і Шэварднадзе ўсё. А ў нас жа дагавор з Іракам. Здрадніцкая палітыка. Перадалі па радыё, што рэзідэнцыя Хусейна разбурана ўшчэнт. Турцыя гатова выступіць супраць Ірака. “Бура ў пустыні” — назвалі янкі аперацыю. А ці не пачнецца “бура” ва ўсім свеце?

У 12.30 перадалі нарэшце заяву Гарбачова. Дыктар сказала: “Заявление записано сегодня утром”. Дык чаму ж раней не перадалі? “Горбі” заявіў, што мы зрабілі ўсё “мыслимое и немыслимое, чтобы предотвратить столкновение…” І пайшла музыка. Зноў канцэрты, фестывалі.