19 студзеня. Субота. Вадохрышча. Вялікае свята. Трэцяя куцця, заканчэнне Калядаў. А вайна разгараецца. Па тэлебачанні з Масквы выступаў бразільскі кангрэсмен, заявіў, што пазіцыя СССР у гэтым канфлікце “вызывает сомнения”. Мы ўсё болей страчваем павагу краін і народаў.
А я яшчэ хварэю. Таблеткі ўжо не п’ю, адно чай на зёлках — гарбату. Калі п’еш крамны, то гэта — чай, а калі сам зёлкі сабраў, высушыў, — гарбата, бо давялося пагарбаціцца.
20 ст удзеня. Нядзеля. Перадаліі па радыё а 15-й гадзіне, што Ірак збіў 142 самалёты. Фантастыка! А мо брахня? Учора гаварылі пра 101. Значыць, савецкая тэхніка не падводзіць. Багдад заявіў, што амерыканцы — манюкі, не гавораць праўды. У першы дзень яны крычалі: у Іраку ўсё знішчана—ракеты, самалёты, разбураны палац Хусеейна і сам ён, відаць, забіты. Аказваецц, усё гэта далёка ад праўды.
Ясір Арафат выступіў з пасланнем аб міры. Антываенныя дэмантрацыі ў ЗША, Германіі, Судане, Іярданіі — у падтрымку Хусейна. Няўжо разгарыцца трэцяя сусветная? Ленін меў рацыю: імперыялізм не можа без вайны.
З дапамогай Евы хваробу перамог. Акрыяў целам і духам. Жонцы нават спадабалася, што я хварэю: усе вечары дома, і дні— таксама. Увечары яна рабіла мне масаж і натхняла мяне… на масаж у адказ. Пераканаўся, што найлепшая гімнастыка, самая карысная працэдура — гэта каханне. Пацалункі. Як хораша спіцца пасля любові!
23 студзеня. Серада. Імяніны Рыгора. Народная прыкмета: калі на дрэвах шэрань — год будзе мокры. Пажывём-пабачым.
Учора ў праграме “Время” аб’явілі: з нуля гадзін не прымаюцца 50-рублёвыя і 100-рублёвыя купюры. Яны будуць абменьвацца па месцы работы на працягу трох дзён і не больш, як тысяча рублёў. Можа, і патрэбная такая мера, бо ў некаторых гэтых купюраў цэлыя мяхі. Паводле слоў новага прэм’ера Паўлава каля 7 мільярдаў нашых грошай за мяжою, і, вядома ж, не рублёвымі купюрамі.
Паехалі з Евай у гастраном “Сталічны”, што на плошчы Якуба Коласа і працуе да 23 гадзін. У кожную касу — чарга, шум, гвалт. Людзі хапаюць абы што, каб памяняць паболей буйных купюр. Мы нічога не купілі, вярнуліся дамоў з пустымі рукамі і з тымі самымі купюрамі. Зрэшты, такой бяды — абмяняем на працы. Колькі ў нас тых грошай! Слёзы...
Дэталь. На заправачнай станцыі да поўначы стаялі машыны, чаго зімою не бывае ніколі. Не думаю, што мянялі там буйныя купюры, назапашвалі паліва, бо сёння паедуць хто куды. Хто будзе развозіць грошы па знаёмых у горадзе, хто павязе ў вёску бацькам. А памяняць, аказваецца, можна толькі ў памеры сярэдняй зарплаты, пенсіянерам — 200 рублёў, у бальніцы, у доме адпачынку — 500.
На студыі ў нас усё было прыстойна. Здаў і я сваю тысячу. Толькі адзін супрацоўнік здаў дзве, мусіў пісаць тлцмачэнне. Адкуль іх мае? Не паспеў пакласці на ашчадную кніжку. Дарэчы, у ашчадных касах, на пошце — даўжэзныя чэргі, звіваюцца, бы вужакі.
Сёння абяцалі паказаць на тэлебачанні новыя купюры, але чамусьці не паказалі. У Вярхоўным Савеце міністр фінансаў блытана тлумачыў сітуцыю, заікаўся, называў купюры “асінгацыя”. Некалькі разоў гэтак сказаў, пакуль пачуліся галасы: трэба казаць “асігнацыя”! Вось табе і міністр.Мо расхваляваўся, бедалага.
! 1 сакавіка. Пятніца. Зноў вясна! 1991-я ад нараджэння Хрыста, 74-я кастрычніцкая, 46-я пасля Перамогі, 30-я касмічная. Пятая чарнобыльская. Усе гэтыя вёсны па-свойму адметныя. Апошняя, чарнобыльская — самая балючая і жахлівая, як самая свежая рана…
Новая вясна прыносіць новыя надзеі. Добра, што скончылася вайна ў Пярсідскай затоцы. Хусейна моцна пабілі, але араба-ізраільскі канфлікт не вычарпаны і не вырашаны. У нас пасля рэферэндума, які адбудзецца 17-га сакавіка павысяцца цэны на харчовыя прадукты. Дый на іншыя тавары. Можа, чэргі будуць меншыя?
Мінулыя два гады — мабыць, самыя балбатлівыя ў нашай краіне: усе засядалі, мітынгавалі, крычалі ўдзень. Ноччу глядзелі тэлевізар. А калі працаваць?Яшчэ ж трэба чаргу выстаяць. А чэргі ўсюды:па хлеб, па гарэлку, і каб шмоткі набыць, тксама пастаяць трэба. Як хочацца, каб хутчэй безгалоўе скончылася! Але хутка, відаць, нічога не атрымаецца. Гады тры-чатыры, а мо і болей спатрэбяцца для стабілізацыі”.
Зноў азваўся тэлефон. Пятро адсунуў убок свой “кандуіт”, зняў слухаўку, пачуў голас намесніка Яўгена.