— Ну, дакладваю. Развод адбыўся. Партыі як і не было. Гэтулькі гадоў служылі ёй. Баяліся гневу парторга, райкама, ЦК. Памятаеш, як цябе скубли за Каляды? Ну, за перадачу Брэсцкай студыі даймалі? А цяпер Каляды — дзяржаўнае свята. Каляды ёсць, а партыі няма... Хіба не дзівосы?
— А як сход прайшоў?
— Фактычна сходу не было. Сабраліся некалькі чалавек. Перакінуліся словам. Пазубаскалілі, дый разышліся... Во, пішу самы кароткі пратакол. Проста для сябе. Яго і аддаваць няма каму. Райкамы апячатваюцца. ЦК — таксама. О, мы, славяне, разбураць і руйнаваць вялікія майстры і аматары. А потым на гэтым месцы пачынаем будаваць нанава. Таму і жывём бедна... Што ты зараз робіш? Можа б, піўка глынулі? А то неяк мутарна на душы. Прыязджай на студыю. Тады куды-небудзь зойдзем...
— Я не супраць, але дачка прывязала. Паехала з сяброўкамі ў Батанічны сад. Без ключоў. Прыедзе невядома калі. Можа, і неўзабаве заявіцца. Прыязджай да мяне. Пасядзім, пагамонім. Памянём маналітную і згуртаваную. Хто мог падумаць пра такі фінал? Сапраўды, як тут не выпіць? Чакаю.
— Лады. Праз гадзінку буду. Ты не клапаціся асабліва. Я прыхаплю з сабою пляшку. І каўбасы кавалак. Усё будзе хакей...
Пятро зазірнуў у халадзільнік, вывудзіў адтуль пару агуркоў, памідораў, мелася там і пачатая пляшка гарэлкі.
— Ну што ж, паспрабуем жыць без партыі. Без райкама і ЦК, — сам сабе прамовіў Пятро. — Жыццё не спыняецца. Жылі нашы продкі без камуністычнай ідэалогіі. Пражывём і мы.
V
Дагарала спякотнае лета. Дні рабіліся карацейшыя, сонца хадзіла ўсё ніжэй, быццам траціла сілу, таму і не грэла так моцна, як у Пятроўку. Затое ночы даўжэлі, наліваліся цемраю, якая ўсё гусцела. На парудзелую ўсохлую траву выпадала густая ядраная раса. Пётр Еўдакімавіч Мамута даўно пераканаўся, што ў жніўні самыя густыя росы і самыя яркія зоркі. Праўда, учарашнім вечарам зоркі мігцелі слаба, бо іх зацьміла поўня. Вялізны месяц выкаціўся з-за лесу, як толькі ацяжэлае чырвонае сонца апусцілася за макаўку кашлатай старой сасны ў Бярозавым балоце.
Гэтую сасну Пётр Еўдакімавіч помніць з даваеннага часу, калі маладым хлопцам прыехаў пасля педвучылішча на працу ў Хатынічы. І вось праляцела ўжо больш, як паўсотні гадоў. Тут ён звіў сваё сямейнае гняздо, знайшоў жонку Тацяну, выгадаваў з ёю чацвярых дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Пражыў з Тацянаю сорак сем гадоў. І вось ужо болей года мінула, як няма яе.
Застаўся Мамута ўдаўцом. Адзін у вялікай пустой хаце, адзін на ўсім завулку, што цягнуўся паўз Канчанскі ручай. У вялікай вёсцы Хатынічы засталося з дзесятак упартых бедалагаў, старых, ссівелых, быццам на іхніх скронях выступіла ад працы соль. Мабыць, ёсць у гэтай сівізне і нябачныя радыенукліды. Уцёк мірны атам з Чарнобыля, вырваўся, нібы страшны казачны джын або злачынца, пасаджаны за краты, і смертаносным крылом ахінуў ці не трэцюю частку Беларусі. Нябачны страшны вораг агаліў Хатынічы. Спаленая напалову ў вайну вёска адрадзілася, у апошнія гады нават пачала маладзець: хлопцы пасля арміі заставаліся шафёрамі, механізатарамі, будавалі звонкія пяцісценкі, бо не адпускала ад сябе рака дзяцінства Бесядзь. Рака далёкіх і блізкіх прашчураў.
Настаўнік Мамута касіў бульбоўнік. Некаторыя сцябліны яго ўжо ўчарнелі: прыхапіла фітафтора, затое зялёнымі кучомкамі з серабрыстымі крупінкамі насення высілася лебяда. От жа паскуднае пустазелле, думаў Мамута, двойчы палоў з Юзяю бульбу пасля таго, як абагнаў плугам, і ўсё роўна адскочыла лебяда, там-сям выторкваліся карычневатыя таўкачыкі пырніку, а між барознаў рассцілалася макрыца. Ну, гэтая хоць і цягне сокі зямлі, але і вільгаць трымае. А як любяць макрыцу свінні! Вучоныя людзі пішуць, што яна валодае лекавымі здольнасцямі. Ці не таму вясковае сала гэткае смачнае, не параўнаць з крамны, якое расло на ферме на камбінаваным харчы. Без лебяды і макрыцы.
І хоць раса ўжо выпала густая, каса рэзала слаба, бо затупілася, мянташыць яе даводзілася ўсё часцей. Дый стома ўжо адчувалася, узмакрэла спіна пад палінялай клятчастай кашуляй. Пётр Еўдакімавіч зноў узяўся за мянташку, слухаў, як звон касы залівіста рассыпаўся па бярэзніку, які атуляў Канчанскі ручай. Касіць ён пачаў па абедзе, з паўгадзінкі падрамаў, бо ўставаў рана, і калі днём не прыляжа, то пад вечар ногі зусім адмаўляюцца насіць старэчае цела, а трэба ж яшчэ нешта рабіць: ці дровы сячы, ці касіць. А тут ужо і пчол карміць трэба: заўтра 25 жніўня, самы час пачынаць...
Мамута акінуў паглядам скошаную дзялку — амаль палову ўчастка выкасіў. Заўтра ўранні паклепле касу і даб’е ўвесь бульбоўнік. Раса цяпер трымаецца позна, бо ўранні зямлю ахутвае сівою коўдраю густы туман. Ён ужо наважыўся ісці дамоў, як убачыў Юзю. У жоўтай кофце, чырвонай спадніцы яна ішла з вядром да студні. “Позняя мая кветка, — мільганула думка. — А чаму позняя? — запярэчыў сабе. — Мы пазнаёміліся так даўно. Неўзабаве сорак гадоў нашаму грэшнаму каханню...”