Выбрать главу

Тацяна з цяжкасцю варочала языком, задыхалася. Пётр Еўдакімавіч стаў перад ёй на калені, не з адчування сваёй віны, хоць і такое пачуццё было ў глыбіні душы. Ягоная душа была поўная любові, шкадавання і спагады да любімай жонкі, маці ягоных дзяцей.

— Па любові мы з табой сышліся. Дзяцей пагадавалі. Унукаў у нас багата. Я на цябе не крыўдую. І ты мне даруй, што апошнім часам... Ну, зрывалася я іншы раз, псавала табе нервы. Даруй, мой любы. Ты ў мяне быў адзіным мужчынам... — Тацяніны вочы былі поўныя слёз, голас дрыжэў, зрываўся, яна цяжка дыхала. — Дай, можа, валакардзіну...

Пятрок накапаў у шклянку зелля, Тацяна выпіла, сцішылася. Ён абняў яе, асцярожна пацалаваў. З ягоных вачэй пасыпаліся гарачыя слёзы.

А праз колькі дзён Тацяна пайшла з жыцця.

Больш як паўгода ён пражыў адзін. А на прадвесні прыехала Юзя, каб пераканаць яго, што трэба кідаць вёску, уцякаць з чарнобыльскай зоны.

— Пятро, даражэнькі, паедзем. Наш сын мае вялікую, трохпакаёвую кватэру. Дае нам асобны пакой. А як мы прапішамся, табе як чарнобыльцу могуць даць аднапакаёўку. Сын так сказаў. Ён падпалкоўнік ужо. Мо і палкоўнікам скора стане.  Будзем жыць  прыпяваючы...

Мамута асабліва не пярэчыў, але прыводзіў свае меркаванні:

— Ты ўсё правільна кажаш. Але не гатовы я. Помнік Тацяне трэба паставіць. Угодкі справіць. Пчолы на днях абляталіся. А там куды іх дзенем? Можа, да восені тут пажывём? Пабачыш, як у нас летам. Бульба расце чыстая. Мёд — таксама чысты. Ну, грыбы, ягады  нельга… А кіламетраў сем-восем прайсці, дым можна збіраць. Можа, занадта напалохалі радыяцыяй. Вунь у Саковічах трыццаць кюры з гакам. Удвая болей, чым у нас. А й там людзі жывуць. Прыязджаў адзін дзядок мёду купіць. І ведаеш, што ён сказаў? Усе яго аднагодкі, каторыя пераехалі, адсыпаліся. А ён жыве. Урэзаліся словы яго: старое дрэва не перасаджваюць.

Юзя моўчкі слухала, але праз дзень-два зноў пачынала гаворку пра пераезд:

— Паедзем, Пятро. І жонка табе раіла ўцякаць адсюль. Мудрая была жанчына. Ну, чаго ты ўпёрся? Пчол на сынавай дачы паставім. Прышле сын грузавік. Забяром усіх і перавязём.

— Да восені буду тут. А там — пабачым. А ты як хочаш. Чарнобыль — гэта надоўга.  Паспеем ад яго ўцячы. Між іншым, Тццяна захварэла да аварыі. Ну, да радыяцыі. А я цяпер добра сябе пачуваю. Я ж яшчэ не зломак? — гарэзліва пазіраў Мамута на Юзю.

— Ды не, мой дарагі. Ты яшчэ мужык — надзіва. Мусіць, пчолкі табе спрыяюць. Сілу даюць, — пяшчотна прыхіналася да яго Юзя, якая была прагная да любові, як і ў тыя пасляваенныя гады, калі пазнаёміліся. — Ты мой самы дарагі і самы салодкі, — шчыра прызнавалася яна. — У мяне былі два законныя мужыкі. З першым пражыла два месяцы. З другім — дваццаць гадоў. Ён разжэня. Першую сям’ю кінуў. Дзве дачкі былі. Спярша мы няблага жылі. А як пачаў выпіваць, то і кончылася наша любоў. А з табою я тут, як у раі. Не бачу я тых радыенуклідаў. Не адчуваю іх. І галава не баліць. І ў роце не сушыць. І спіцца пасля тваіх абдымкаў, як ніколі раней. А яшчэ ведаеш? Ну, маладым здаецца — усё яшчэ наперадзе. Цэлае жыццё. Нацешымся. А цяпер усё іначай успрымаецца. Невядома, што чакае заўтра.

— Цяпер — кожны раз, як апошні раз, — зарагатаў Мамута, абняў, пацалаваў Юзю.

Пасадзілі агарод. Збудаваў Пётр Еўдакімавіч новы парнічок, большы, чым ранейшы: Юзя сказала, што вельмі любіць вырошчваць памідоры. Марына Сахута дала расады. І выраслі памідоры на славу. Радавалася Юзя, нібы дзіця. Усё радзей усчынала яна гутарку пра пераезд. Дужа спадабалася ёй Бесядзь, лес, адно бедавала, што нельга збіраць грыбы і ягады.

Неяк выбраліся яны ў лес. Ішлі паўз Бесядзь, ледзьве не да самых Бялынкавіч: у раёнцы пісалі, што там чыстая зона. Назбіралі па кашы грыбоў: баравікоў, лісічак, маслякоў. Грыбоў нарасло багата, хоць касу закладай, выбіралі толькі самыя маладыя. Калі вярталіся, на Бабінай гары селі адпачыць. Хатынічы адсюль, як на далоні. Яшчэ амаль усе хаты стаялі, толькі новыя  пяцісценкі гаспадары забралі, некаторыя прадалі. Затое дрэвы раскашавалі: густыя вербы, высокія купчастыя клёны і ліпы. Пётр Еўдакімавіч апавядаў, якія былі Хатынічы пасля вайны, як будаваліся людзі, выбіраліся з сырых і цёмных зямлянак. Пятро таксама збудаваў новую хату, бо старая, цешчына, ужо ўрастала ў зямлю.

Юзя слухала, пад сонцам разамлела, зняла гумовікі. І Пятро разуўся, зняў кашулю.

— А можа, давай пакупаемся? Хоць Ілля ўжо ў ваду памачыўся. Але ж надвор’е цёплае. Вада чыстая.

— Дык я ж без купальніка, — спахапілася Юзя. — Не думала пра купанне. А тут і мне захацелася...

— Мілачка мая, навошта ж тут купальнік? Мы ж з табой, як Адам і Ева. Вось у іхніх касцюмах і будзем плаваць. Ніхто нас не падгледзіць. Ніхто не перашкодзіць. Хіба толькі сонца, ды буслы. Вунь ходзяць па лузе. Смела распранайся, — Пётр Еўдакімавіч адышоўся  да  густога бярэзніку, каб Юзя не саромелася.