Выбрать главу

— Ого, які качар! Прыгажун! — узрадавана крыкнуў ляснічы.

Акапян адразу не зразумеў, што качар — гэта самец-прыгажун. Гэта ён уцяміў, калі ўбачыў зялёна-карычневую птушку, узяў у рукі. Вада сцякла з пер’я, з крылаў, пачуў слабую цеплыню птушынага цела, якое зусім нядаўна было поўнае жыцця, спрыту, першароднай прыгажосці. І вось ягонае жыццё нечакана абарвалася. Цікава, чаго ён застаўся, не паляцеў  разам з чарадой? Ці адбіўся з перапуду, ці кінуўся шукаць сваю сяброўку, якую падстрэлілі паляўнічыя? І яго напаткала смерць. Георгію шкада было прыгажуна-качара, і ў той жа час варухнулася ў душы азартная радасць паляўнічага ад удалага, трапнага стрэлу. Калі б не пацэліў, было б сорамна: кампаньёны-хаўруснікі знялі па дзве качкі, а ён ніводнай. А так, ён можа сябе паважаць, бо яшчэ мае цвёрдую руку і зоркае вока.

Не мог ведаць Георгій Акапян, што гэта ягоны апошні трафей   і  апошняе паляванне.

А ў той вечар яны добра пагаманілі, пасядзелі каля вогнішча, кульнулі не па адной антабцы. Былі вясёлыя анекдоты, жартоўныя паляўнічыя гісторыі, смачная, духмяная шурпа, якую ўмеў гатаваць ляснічы.

Георгій Акапян піў з асцярогаю: памятаў, чым скончылася вячэра месяц таму, жнівеньскім вечарам у доміку над Бесяддзю. Дый прымусу — піць да дна не было, а дырэктар саўгаса Даніла Баханькоў пасля некалькіх “антабак” хмыкнуў: піць, як і красці, трэба асцярожна. Настрой у Акапяна быў выдатны. Прывязе жонцы прыгажуна-качара — хай ведае, што ён яшчэ ўсё можа, сёння ў іх усё атрымаецца, ён будзе абдымаць жонку горача і прагна, як у маладосці, калі будзіў яе разы тры-чатыры за ноч...

Вярнуўся дамоў Акапян пасля поўначы. Алена чакала. Узрадавалася, калі ўбачыла паляўнічы трафей. І сапраўды, яны горача цалаваліся, і ўсё ў іх атрымалася. Шчаслівая Алена ўсміхалася: “Ну во, бачыш, пабыў на прыродзе. Адпачыў. І сіла з'явілася. Бяры адпачынак. Неадкладна...” Акапян не пярэчыў, пра недабудаваны завод не сказаў ні слова, пацалаваў жонку яшчэ раз і неўзабаве заснуў. І спаў моцна, як пшаніцу прадаўшы.

Але пад раніцу хапіў жывот — прачнуўся ад рэзкага болю. Схадзіў у туалет раз, другі, трэці... Патэлефанаваў галоўнаму інжынеру, сказаў, што блага сябе пачувае, ціск падняўся, не прыедзе на работу. “Можа, якія лекі трэба? Можа, доктара прыслаць?” — спагадліва пытаўся калега. “Ды не, дзякуй. Мы тут разбяромся...” Упершыню Акапян не спытаўся, чым будзе займацца галоўны інжынер, не даў “кіраўнічых указанняў” ні яму, ні іншым спецыялістам. Што хочаць, тое хай і робяць. Раз вышэйшаму начальству гэты завод да лямпачкі, дык чаму ён распінаўся без выхадных, без адпачынку?

Спагада, клопат галоўнага інжынера яго па-чалавечы кранулі. А яны ж столькі разоў спрачаліся, ледзьве не браліся загрудкі. Аднойчы галоўны інжынер нават паклаў на стол Акапяну заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Не адзін дзень спатрэбіўся дырэктару завода, каб ягоны паплечнік забраў заяву назад.

Цалюткі дзень пралежаў Акапян у ложку. Пад вечар паднялася тэмпература. Яго калацілі дрыжыкі. Алена не на жарты ўстрывожылася, прыклала губы да лба:

— Ой, ты ж увесь гарыш! Нешта трэба рабіць...

Знайшла таблеткі, ён паслухмяна каўтнуў іх. У яго была поўная  абыякавасць да жыцця. Не хацелася думаць пра завод. Уваччу нібы застыў птах, які раптам падціснуў крылы і рынуўся ўніз, — у апошні палёт.

Тэмпература не спадала. Калі слупок ртуці падняўся да трыццаці дзевяці, Алена яшчэ болей устрывожылася, спалохалася:

— Трэба выклікаць “хуткую”. Ты ўвесь гарыш...

— Выклікай... — разняў  сасмяглыя вусны Георгій.

VІІ

Ужо другі месяц Андрэй Сахута быў беспрацоўны. Ён раптам займеў гэтулькі вольнага часу! Свайго лецішча не нажыў і машыны ўласнай не займеў. Самы што ні на ёсць пралетарый. Нават горш, бо бедны пралетарый звычайна меў сталую працу. Хай заробак малы, але атрымліваў яго штомесяц: спярша — аванс, а потым — канчатковы разлік, бывала і прагрэсіўку меў, а потым і трынаццатую зарплату. На хлеб, на кефір, на “чарніла”, а то й на пляшку “белай” хапала. А ў яго, Сахуты, нічога. Вольны казак!

Ада на першым часе супакойвала: не перажывай, адпачні, ёй нават падабалася, што муж нарэшце дома і  ўранні, і  ўвечары,  можа схадзіць у магазін, пагуляць з унукам. Але што б ён ні рабіў, чым бы не займаўся,   у галаве, нібы ржавы цвік, сядзела думка: што далей? Як жыць? Чым займацца? Дзе знайсці работу?

Першыя дні яму было сорамна выйсці на вуліцу, нікога не хацелася бачыць. Калі ішоў у магазін, здавалася, што з усіх вокнаў з прыхаванай радасцю пазіраюць суседзі: ага, камуняка, цяпер зведаеш, як людзі жывуць, замест каньяку папіваеш кефірчык. Раней ты бачыў жыццё з акна машыны, з абкамаўскага кабінета, ды з прэзідыума горда пазіраў у залу.