Выбрать главу

Аднойчы Сахута, упершыню  за доўгія гады жыцця ў гэтым доме, пайшоў у сваю раённую паліклініку да ўчастковага тэрапеўта: даймае ціск, бяссонне мучыць. Пайшоў пешкі, бо на тралейбусе ехаць, дык трэба прабіваць талончык, а талончык трэба купіць, а ён, Сахута, грошай не зарабляе, ён — беспрацоўны. І на кожным кроку жыццё паказвала яму дулю, нібы здзекавалася: а, ты не душыўся ў гарадскім транспарце, цяпер паспрабуеш, паціскаюць цябе, галубочка.

Новы сяміпавярховы будынак паліклінікі Сахута добра ведаў: часта праязджаў міма на машыне, але ніколі ў яго не заходзіў. Цяпер падышоў, прыстоіў  перад прыступкамі высокага ганка: мільганула думка, што будоўляй гэтай паліклінікі, як і ўсім жыццём, кіравалі камуністы. І ён, Андрэй Сахута, калі быў першым сакратаром райкама, і потым у абкаме — заўсёды думаў пра людзей.  Дык чаму ж цяпер розныя гарлапаны панавешвалі сабак на партыю? А значыць, і на яго,  Андрэя Сахуту, чэснага, сумленнага, адданага працаўніка. Чаму зламалі ягоны лёс, ягоную кар’еру?

Але варухнулася ў глыбіні душы іншая думка: вось няма райкама, абкама і ЦК, а жыццё не спынілася, і паліклініка працуе, і трамваі, тралейбусы ходзяць, у магазінах ёсць хлеб і малако, і нават чэргі паменелі, але не таму, што паболела харчоў і тавараў, не, проста ў людзей паменела грошай.

У даволі прасторным, цемнаватым вестыбюлі — Сахута адразу адзначыў, што нізкаватая столь будыніны прыгнятае чалавека, — ён адшукаў акенца рэгістратуры, спытаўся, ці ёсць талончыкі да ўчастковага тэрапеўта.

— Да ўчастковага можна без талончыка, — буркнула стомленая хударлявая кабета. — Заказвайце картку, і ўсё...

Картку... Яе ж трэба мець. Так, у яго была картка ў лечкамісіі. І ўчастковы доктар, дзябёлая, пышнагрудая ўсмешлівая Зінаіда. О, як часта яна тэлефанавала, клапацілася пра здароўе высокага партыйнага функцыянера. “Андрэй Мацвеевіч, вы пра нас зусім забыліся. Трэба прайсці агляд. Аналізы здаць. Флюараграфію”, — лагодным голасам варкавала ў слухаўку персанальная дакторка. Сахута даўным-даўно забыўся на чаргу ў паліклініцы

Для яго паездка ў лечкамісію нагадвала спатканне з сімпатычнай жанчынай.

Ён яшчэ раз агледзеўся і ўбачыў акенцы–амбразуры,  і ля кожнага стаялі людзі. За шклом былі відаць стэлажы, застаўленыя тоўстымі гросбухамі, у якіх месціліся медыцынскія карткі жыхароў раёна. Над адным з акенцаў ён прачытаў назву сваёй вуліцы  прыткнуўся да чаргі. Людзі называлі адрас,  казалі да якога ўрача маюць талончык і хутка адыходзілі

Андрэй наблізіўся да акенца, разгубіўся, не ведаючы з чаго пачаць.

— Што вам, малады чалавек? — зірнула на яго кабета ў акулярах. — Гаварыце хутчэй.

— Мне трэба завесці картку. Іду да ўчастковага тэрапеўта.

Ён падаў у акенца пашпарт. Кабета пагартала дакумент, здзіўлена прамовіла:

— Даўно тут жывяце. А картку дасюль не завялі.

— Не было калі хварэць.

— А некаторым дык падабаецца хварэць. Абы бальнічны вырваць Раней так было. Цяпер, мусіць, гэткай халявы не будзе. Рынак прымусіць укалываць. А то пры камуністах людзі рабілі выгляд, што працуюць, а дзяржава…Ну, яны, камунякі, рабілі выгляд, што плацяць за работу. А што цяпер? Дзе яны тыя камунякі? Пахаваліся, як мышы пад венікам. Ваша месца работы?

— Беларускае тэлебачанне... Старшы інжынер, — схлусіў ён.

Схлусіць вырашыў яшчэ ідучы ў паліклініку, бо прызнацца, што беспрацоўны, язык не павярнуўся б. А тэлебачанне ён ведае, бываў там, сябра працуе. Ведае, з якой павагаю некаторыя людзі ставяцца да блакітнага экрана: ён сябра сям’і, галоўны дарадчык і суразмоўнік. Андрэй адчуваў, што вушы ягоныя  ўспыхнулі чырванню, як у нашкодзіўшага першакласніка, але кабета гэтага не заўважыла, яна таропка выпісвала картку, бо чарга да акенца імгненна падрасла.

— Ідзіце на трэці паверх. Картку перададзім, — жанчына назвала нумар кабінета, у якім прымае ўчастковы тэрапеўт. — А гэта талончык на флюараграфію. Пастарайцеся сёння зрабіць здымак. Акурат яна зараз працуе. Тут, на першым паверсе.

Андрэй шчыра дзякаваў рэгістратарцы, якая даволі ветліва ўсё яму растлумачыла, і між іншым усыпала камунякам, а значыць, і яму, былому сакратару абкама.

Ля дзвярэй, за якімі месцілася флюараграфія, стаяла доўгая чарга. Андрэй прыткнуўся ў канцы яе, міжволі ўздыхнуў. Пажылая жанчына, якая стаяла перад ім, павярнулася, зразумела ягоны ўздых, супакоіла:

— Тут хутка. Зрабіць здымак — мінутнае дзела. Запускае адразу па чатыры чалавекі. А вы да якога доктара?