Выбрать главу

Неяк у нядзелю маскоўскае тэлебачанне паказала праграму, у якой былі спецыяльна  падабраныя кадры забастовак, дэманстрацый з усіх саюзных рэспублік. Яго ахапілі жах і злосць: як можна так паказваць?! Дыктар ні слова не сказаў пра асуджэнне шэсцяў, не аналізаваліся прычыны. Перадача нібы заклікала: а вы, мінчукі, чаму седзяце?  Чаму не выходзіце на вуліцы? Чаму не гоніце сваіх партакратаў, ідэолагаў?  Тыпу Сахуты і яму падобных? Як не разумеюць гэтага ў Крамлі? Куды яны глядзяць? Пра што думае Гарбачоў? А можа, усё гэта робіцца з яго дазволу?

Асабліва Сахуту ўразілі падзеі ў Кітаі.Прыехаў туды Гарбачоў, на цэнтральнай плошчы Пекіна сабралася некалькі тысяч прыхільнікаў дзмакратыі, пачалі мітынгаваць, выступаць супраць улады. Іх разагналі, павесілі некалькі самых ярых закапёршчыкаў. І ўсё супакоілася. Кітайцы актыўна праводзяць мадэрнізацыю. Планамерна. Абдумана. Не разбуральную перабудову, а  мадэрнізацыю.

Пасля паражэння на выбарах Андрэй Сахута ўсё часцей думаў пра сваю будучыню і перспектывы будаўніцтва камунізму. І ягоная будучыня, і перспектывы камунізму рабіліся ўсё болей туманнымі і расплывістымі. І ён стаў усё радзей усміхацца, вакол вачэй з кожным днём гусцела сетка дробных зморшчынак, ад носа да куточкаў вуснаў усё глыбей праразалася зморшчына-падкова, глыбокая і скрушная.

Ішоў час. Штодня тэлефанаваў Андрэй былым калегам, таварышам, ці ёсць у каго на прыкмеце вакансія, дзе б льга было ўладкавацца. Яму спачувалі, супакойвалі, абяцалі пашукаць, але каанкрэтных прапаноў не было. Нібы абухом па галаве ўдарыла вестка аб смерці адказнага супрацоўніка ЦК КПБ Сямёна Міхнюка, які некалі вадзіў Сахуту на гутарку да Ціхана Кісялёва, тагачаснага першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі. Сахуту тады абралі першым сакратаром райкама. Сямён Міхнюк не дажыў два гады да пенсіі, зваліў адданага партыйца інфаркт. “Мусіць, і мяне чакае гэткі лёс”, — са скрухаю і абыякавасцю падумаў Андрэй. Бо з кожным днём адчуваў сябе горш, Ада кожны вечар наладжвала допыт: каму тэлефанаваў, хто што абяцае. І амаль кожны вечар усчынаўся скандал:  я табе даўно  гаварыла, каб шукаў работу, а ты ўсё нечага чакаў, вось і дачакаўся. Апынуўся  ля  разбітага  карыта.

Балюча перажываў Андрэй, што не адчуваў маральнай падтрымкі дзяцей, яны сталі радзей заходзіць да іх. Сын Дзяніс зрэдку званіў, суцяшаў, маўляў, не перажывай, бацька, усё ўладзіцца, але ні разу не прапанаваў грошай, нават не спытаўся, можа, дапамагчы. Надзя сама жыла цяжкавата, адна гадавала дзіця.

Упершыню ў жыцці маючы гэтулькі вольнага часу Андрэй узяўся за кнігі. Чытаў розныя, а найперш пацягнула да беларускай літаратуры. Перачытаў Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, нанава адкрыў для сябе Купалу. Чытаў яго вершы, паэмы, публіцыстычныя артыкулы пра незалежнасць, самастойнасць Беларусі і дзівіўся, як надзённа яны гучаць зараз. Неяк сказаў пра гэта сябру Пятру Махавікову, той ажно ўзрадаваўся:

— Ага, дайшло да цябе! Ну што ж, лепш пазней, чым ніколі.

Пятро тэлефанаваў часта, вечарамі заязджаў, заўсёды браў з сабою пляшку гарэлкі, а то і каньяку, яблыкі ці лімоны. Доўга гутарылі, спрачаліся.

— Сістэму разбурыла не пятая калона, пра якую ты кажаш. Не заходнія галасы, хоць і яны стараліся з уіх сіл. Яна абрынулася знутры. Людзі страцілі веру ў камуністычныя ідэалы. Хрушчоў што абяцаў?  Праз дваццаць гадоў — камунізм. А прамінула ўжо трыццыць! Дзе той камунізм? Дзе абяцаны зямны рай? — гарачыўся Пятро.—  Дуля з макам! Пустыя паліцы ў крамах. Талоны, купоны. Бязладдзе, безгалоўе на кожным кроку.

— Ну, а ў Кітаі генсек сядзіць на месцы Палітбюро кіруе, — не здаваўся Андрэй. — Ідзе мадэрнізацыя. Самі накармілі свой мільярд з гакам. І нам тушонку прадаюць. Курткі, шмоткі. НаватАмерыку завалілі таварм. Усё ў іх ёсць. Значыць,  камуністычная сістэма развязала рукі народу… Чытаў нядаўна Розанава. Мае рацыю Васіль Васілевіч, калі піша,  што Кастрычніцкую рэвалюцыю  падрыхтавала літаратура. Яна ж, літаратура, падрыхтавала і 91-ы год. Вось кніжачку “Тутэйшыя” нядаўна перачытаў, успомнілся, як аднойчы дыскутаваў з імі. У іх былі больш важкія аргументы…  

— З Розанавым я згодны. Літатура — вялікая сіла.  Яна абуджае душы людзей. Там. У душы чалавека, выспяваюць рэвалюцыі. А тады адна іскра і шугае прлымя.. — разважаў Пятро.