Выбрать главу

Гэтыя сустрэчы з сябрам, размовы, спрэчкі не прыносілі Андрэю палёгкі. Пасля чаркі-другой засынаў лягчэй, затое назаўтра яшчэ мацней балела галава. І жыць не хацелася…

Неяк увечары патэлефанаваў Мікола Шандабыла з Магілёва. Пагаварылі пра жыццё-быццё, ён і раней тэлефанаваў, супакойваў, каб дужа не браў да галавы, праца знойдзецца.

— Колькі тваёй Браніславаўне да пенсіі?

— Два гады. А мне цэлых сем.

— Так, табе яшчэ, як меднаму кацялку. Ну, дык гэта ж добра! Малады мужык. Яшчэ напрацуешся. Толькі не бядуй. А то... На днях мы тут пахавалі аднаго сакратара райкама. Сорак гадоў чалавеку. Інфаркт. Жонка, сцерва, пілаваць узялася... Даканала. Яму і без яе было мутарна. Кошкі душу скрэблі.. Слухай, а з’ездзі ты дамоў. Я чуў, Марына з Бравусавым жывуць прыпяваючы. У Лабанаўцы намячаецца вакансія. Галоўны ляснічы лясгаса збіраецца на пенсію. Магу сасватаць цябе. А з пасады галоўнага ляснічага можна і ў Мінск сігануць, у міністэрства . У Лабанаўцы старшынёй выканкама зараз Толя Раковіч. Зрабілі мы фінт. Ранейшага старшыню забралі ў Магілёў. У яго пенсія на носе. Даўно прасіўся... А Раковіч малады, талковы хлопец. Хай кіруе. Гаварылі з ім пра цябе. Падтрымка  будзе. Надумаеш ехаць, звякні яму. Машыну падашле к поезду. Што табе  па начы цягацца...

Андрэй падзякаваў земляку, сказаў, што абдумае прапанову.

Доўга думаць не было часу. Ён схапіўся за гэтую прапанову, як тапелец за саломінку. Паехаць у родную  вёску  хацеў даўно,  але жонка адгаварыла, маўляў, што ты там выседзіш у радыяцыйнай вёсцы. Цяпер ён вырашыў не адкладваць і дні праз два выбраўся ў дарогу.

Білет Андрэй узяў у плацкартны вагон: усё-ткі трохі танней, меней шанцаў сустрэць каго са знаёмых, бо начальнікі ездзяць звычайна ў купэйных вагонах. Людзей набілася, як семак у гарбуз. Праз гадзіну-дзве пасажыры пачалі выходзіць. Андрэй ні з кім не пачынаў размоў, чытаў газету, разгадаў амаль усю крыжаванку.Пахваліў сябе: нешта ведаю,  і  тут жа ўпікнуў: каму патрэбны твае веды?

У Магілёве мелася быць сустрэча з земляком Міколам Шандабылам. Цвёрда зямляк не абяцаў, бо ў той дзень праводзілася нарада, якая магла зацягнуцца. У душы Андрэю вельмі хацелася пабачыцца з сябрам, бо цяпер, як ніколі раней, яму патрэбна была падтрымка, сяброўская  парада: зямля як захісталася пад ягонымі нагамі ў дні ГКЧП, так і не меў ён цвёрдасці, пэўнасці ў сваім становішчы беспрацоўнага партыйнага функцыянера. Падлівала смалы ў агонь і жонка, якая дужа нецярпліва чакала, калі ён знойдзе работу. Дапякала, што не пагадзіўся з прапановай Гарошкі — пайсці ў ягоную фірму намеснікам па збыце і забеспячэнні, кіраўніком службы маркетынгу.

Гарошка здзівіў. Андрэй лічыў, што былы другі сакратар райкама затаіў крыўду, калі яго, Андрэя, абралі першым, бо на гэтую пасаду прэтэндаваў Гарошка. Раней іх звязвалі нармальныя, таварыскія стасункі: Андрэй Сахута — старшыня райвыканкама, Гарошка — другі сакратар, іх яднала агульная справа. А тут сітуацыя памянялася: Гарошка зрабіўся  падначаленым, падкрэслена ўгодлівым і паслухмяным. Сахута стараўся нічым не пакрыўдзіць таварыша па партыі. Гады два яны працавалі разам, даволі дружна і зладжана, але ранейшай цеплыні і таварыскасці ўжо  не было. Потым Гарошка перайшоў у гаркам на пасаду загадчыка аддзела. На пачатку дзевяноста першага, калі адчуў, што ў паветры запахла смажаным, на імя жонкі, інжынера па адукацыі, зарэгістраваў фірму, якая пачала вырабляць лічыльнікі гарачай і халоднай вады. Прадукцыя патрэбная, фірма набірала сілу. Гарошка расправіў плечы. Пасля ГКЧП ён і патэлефанаваў Андрэю: падаў руку дапамогі. Ада ўхапілася за гэтую прапанову: “Згаджайся, твая лясная прафесія ў горадзе мала дзе патрэбна”. Праўда, яму абяцалі пасаду ў Міністэрстве лясной гаспадаркі — міністра ён даўно ведаў. Гэта была адна з прычын нежадання ісці да Гарошкі. А другая была іншага кшталту: Андрэй у глыбіні душы баяўся, што былы ягоны падначалены хоча пацешыць сваё самалюбства: “Ты некалі камандаваў мною, а цяпер я пакамандую, ды так, як захачу, бо ніякі прафсаюз, не тое, што партбюро, цябе не абароніць”.

Але на вакантную пасаду ў міністэрства ўзялі чалавека з ЦК. Жонка як дачулася пра гэта, учыніла скандал: Андрэй і Ада ўпершыню моцна пасварыліся. Ён  пашкадаваў, што не мае “запаснога аэрадрома” — палюбоўніцы,  да якой можна было б пайсці. Часам зусім не хацелся жыць.

Нават узнікалі думкі пра суіцыд…

Гэтыя  згадкі прамільгнулі ў галаве Андрэя Сахуты пад перастук колаў плацкартнага вагона цягніка, які імчаў яго на радзіму. Дарога заўсёды супакойвае чалавека. І Сахута чуўся больш упэўнена, у душы  праклюнуўся парастак надзеі: пачне працаваць у родных мясцінах насуперак радыяцыі. Ён пачне новае жыццё, акрыяе духам і целам. Ён павінен выстаяць. Не зламацца.