Развал партыі падкасіў шмат каго.Узгадаў Сямёна Міхнюка, які не дацягнуў да пенсіі, упаў, як падсечанае дрэва. А неяк Андрэю трапіўся на вочы артыкул: “Яны пайшлі з жыцця разам з цэлай эпохай”. Гэта была перадрукоўка з французскага выдання. Гаворка ішла пра самагубства былога міліцэйскага міністра Пуга, удзельніка ГКЧП, былога галоўнага гаспадарніка ЦК КПСС Кручыны, маршала Ахрамеева. Моцна, балюча ўразіў артыкул. І тон яго быў здзеклівы: пайшлі з жыцця — туды ім і дарога. Андрэй асабліва шкадаваў маршала Ахрамеева, з цікавасцю слухаў яго вострыя, смелыя выступы на з'ездзе дэпутатаў у Маскве. Нават узнікла сумненне: а ці сам пайшоў з жыцця гэты мужны чалавек, ці не дапамаглі яму гэта зраьіць?
У Магілёў цягнік прылескатаў надвячоркам. Стаяў ён тут ажно дваццаць хвілін, таму і дамовіліся сустрэцца з Міколам Шандабылам. Услед за пасажырамі Андрэй выйшаў з вагона і адразу ўбачыў земляка, які валюхаўся насустрач. Высокі, мажны, чырванатвары, у шыкоўным светла-шэрым касцюме, але без гальштука — каўнер ружаватай кашулі быў расшпілены. Кашуля ружаватага колеру невыпадковая, каб не так у вочы кідалася чырвань твару. Гэтая чырвань, гладкасць і шырыня твару, а таксама круглае чэрава, што выпірала з-пад пінжака, яскрава сведчылі, што намеснік старшыні аблвыканкама па чарнобыльскіх праблемах з поспехам перамагае радыяцыю. Сваім выглядам ён пераконваў: “Вось я, матаюся па зоне, амаль кожны дзень бываю ў камандзіроўках, у адселеных вёсках — днюю і начую на забруджанай тэрыторыі, а мяне і чорт не бярэ”.
Хіба можна было пазнаць у ім таго адчайна-хвацкага танцора і гарманіста, зграбнага, лёгкага і з касою на сенажаці, і на вечарынцы ў скоках? Землякі абняліся. Мікалай Арцёмавіч паляпаў Андрэя па плячы, пільна зірнуў у вочы, быццам шукаў прыкметы суму і душэўных згрызот у беспрацоўнага абкамаўца. І вядома ж, знайшоў іх, бо Андрэй пахудзеў за апошні час, і плечы неяк па-старэчы апусціліся. Але прамовіў зямляк знарок весела:
— Ну, выглядаеш бадзёра. Малайцом! Не бядуй! Усё ўтрасецца. Ліха перамелецца, і зноў добра будзе.
— Ой, мусіць, доўга ліха будзе гаспадарыць, — міжволі ўздыхнуў Андрэй.
— Дарагі мой, ніхто гэтага не ведае. Вось уладкуешся на працу. Падтрымку гарантую. Ты пазваніў Раковічу?
— Не знайшоў я яго, — схлусіў Андрэй, бо і не шукаў — пасаромеўся. — Недзе на раёне быў...
— Дарэмна. Ну, я зараз на кватэру патэлефаную.
Развіталіся без абдымкаў. Міколу было няёмка, што не запрашае Сахуту ў госці, не шукае для яго вакансіі ў абласным цэнтры. Але ён і сам чуўся на сваёй пасадзе няпэўна, бо і так ужо тры гады пасля пенсіі працуе. Сёй-той з былых абкамаўцаў і гарадскіх партыйных дзеячаў не супраць заняць яго крэсла, праўда, з насцярогаю, бо ездзіць у зону нікому дужа не карціць.
Далей Андрэй ехаў адзін у купэ. Углядаўся ў акно, нібы прыліп да яго. Пачаўся лес. Дрэвы то адбягаліся на якую вярсту ад чыгункі, то зноў абступалі рэйкі з абодвух бакоў. Лес быў найбольш змешаны: бярозы, асіннік, старыя таўшчэзныя вольхі раскашавалі, як пані.
Зрэдку на ўскрайку лесу высіліся дубы. Яны злёгку зачырванеліся, яшчэ не хацелі паддавацца павевам восені. Затое асіны ўжо ўспыхнулі барвовым полымем, зажаўцеліся бярозы. Пачыналася залатое бабіна лета. Зыркае вечаровае сонца, нібы пражэктар, высвятляла і паваленыя дрэвы, і лаўжы — не прыбранае, не спаленае голле. Вочы не хацелі гэта прыкмячаць, яны любаваліся хараством верхняга ярусу лесу.
Андрэй любіў час бабінага лета. Любіў празрыстасць паветра, чысціню высокага неба, шматколернае восеньскае ўбранне і нейкую сцішанасць у прыродзе, якая перадавалася і чалавеку. Лёгкі сум апаноўваў душу: адляцела ў вырай разам з птушкамі яшчэ адно лета, наперадзе доўгая зіма, але пасля яе абавязкова надыдзе вясна, усё жывое расцвіце, акрыяе душою і целам чалавек. Вясною ніхто не хоча паміраць. Красаваць і радавацца імкнецца ўсё жывое.
Але на гэты раз бабіна лета мала радавала Андрэя. І на душы не было таго ўзнёслага адчування, таго хвалявання, якое ахоплівала, калі ехаў на сваю малую радзіму. Тады заўсёды здавалася: чым бліжэй родная вёска, тым болей у паветры кіслароду. Цяпер на душы было маркотна, трывога, невядомасць і няпэўнасць псавалі настрой, тачылі сэрца.
На станцыю Андрэй Сахута прыехаў пасля поўначы. Некалькі чалавек выйшлі з вагона, ён ступіў на перон апошні, адразу адчуў подых вільготнага пругкага ветру.
— Андрэй Мацвеевіч! Добры вечар! З прыездам, — перад ім стаяў высокі плячысты мужчына ў цёмным плашчы. — Пазналі? Раковіч.