Выбрать главу

— Анатоль Мікалаевіч! Добры вечар! Дзякуй за сустрэчу. Прызнацца, не чакаў... — паціснуў працягнутую руку, нават захацелася абняць земляка, але стрымаўся: яны ўсё-ткі малазнаёмыя.

Мабыць, Раковіч адчуў гэты душэўны парыў госця,  далікатна абняў Сахуту за плечы, павёў да машыны. Вадзіцеля не было, Раковіч сам сеў за руль “Волгі”.

— А памятаеце, Андрэй Мацвеевіч, як выцягваў трактарам ваш “газон”: Вы тады агітбрыгаду прывозілі на адкрыццё клуба...

— Памятаю. Незабыўная была паездка. І вечар такі вясёлы.  Канцэрт. Як ваш бацька маецца?

— За семдзесят пераваліла. На пенсіі. Яшчэ тупае па гаспадарцы. Пчол трымае. А прыязджалі вы... Здаецца, гэта быў шэсцьдзесят першы год. Я скончыў школу. Паступаў у інстытут механізацыі. Заваліў. Бацька адмацюкаў. Пасадзіў на трактар. Вот, кажа, паўкалываеш зіму, вясну, дык захочаш вучыцца. Так яно і было. На другі год паступіў.  І вось ужо трыццаць  прамільгнула...

Андрэй Сахута яскрава ўзгадаў той далёкі восеньскі вечар. Як ехалі ў перапоўненым райкамаўскім “газіку”, ён быў за рулём, як забуксавалі, пайшлі па гразі пехатою, як сустракалі іх вяскоўцы. Потым канцэрт, пачастунак, вясёлыя скокі, асабліва вылучаўся шчаслівы старшыня калгаса Мікалай Раковіч. Згадаў Сахута і незабыўны пацалунак дзяўчыны-камсорга, яе прызнанне,  што першы раз сама цалавала хлопца, свайго начальніка — ён быў тады першым сакратаром райкама камсамола, — ды яшчэ  жанатага.

— Там была ў вас каморгам дзяўчына. Здаецца, Палінаю звалі.Аграномам працавала. Не ведаеце, дзе яна?

— Чаму ж не? Ведаю. Яна цяпер дырэктар школы ў Лабанаўцы.  Не пашчасціла ёй. Летась памёр муж. Гады тры да пенсіі заставалася. Не хварэў. І ў чарку дужа не ўлягаў. Ён быў начальнікам энергасетак. Так сказаць, галоўны электрык раёна. Лёг спаць і не прачнуўся. Інфаркт. А Паліне Максімаўне мінулаю вясной споўнілася пяцьдзесят. Шумна, весела адзначылі залаты юбілей.  І вось засталася адна...

Раковіч апавядаў пра яе дзяцей. Андрэй слухаў няўважліва, у яго адразу мільганула думка, што трэба з ёй сустрэцца... Цікава, якая яна цяпер? Уваччу паўстала цёмнакарая весялуха з пушыстаю тоўстай касой. Увесь вечар ён скакаў з ёй, горача пацалаваў — потым сябе дакараў: хіба можна цалаваць другую, калі маеш жонку, маладую, прыгожую, каханую. Згадаў, як сядзелі за сталом пасля канцэрта, Поля прыціскалася да ягонай нагі гарачым каленам... І вось ужо, як адзначыў Раковіч, прамільгнула тры дзесяцігоддзі. Як ляціць час!

— Месцаў у гасцініцы няма. Пераначуеце ў мяне. На цэмзаводзе збудавалі гасцініцу. Але не давялі да ладу. І завод меліся пусціць сёлета. Мабыць, не ўдасца. Пастаўкі абсталявання зрываюцца. Грошай няма. Акапян, дырэктар завода, ад перажыванняў злёг у бальніцу. Некалі ягоны бацька быў тут першым  сакратаром  райкама партыі...

Назаўтра ў кабінеце Раковіча Сахута знаёміўся са сваім будучым шэфам — дырэктарам лясгаса. Невысокі, шчуплаваты, пад тонкім дзюбаватым носам цямнеліся кароткія вусы.

— Капуцкі Іосіф Францавіч, — падаў вузкую цвёрдую далонь.

Андрэй назваў сябе, шчыра паціснуў дырэктараву руку, быццам гаварыў: хачу, каб у нас былі таварыскія стасункі, я не прыехаў цябе падседжваць, хоць і мясцовае начальства, і вышэйшае — мае сябры і землякі. У круглых цёмных вачах дырэктара убачыў прыхаваную насцярожанасць: чаго прыляцела сюды гэтая сталічная птаха? Ён ведаў пра Сахуту куды болей, чымся Сахута пра яго.

Хітры  Раковіч сказаў, што яму трэба на хвілінку адлучыцца, выйшаў з кабінета, каб калегі-лесаводы знаёміліся без яго. Неўзабаве Сахута ведаў, што Капуцкі родам з Ашмян, прыехаў сюды пасля інстытута, працаваў памочнікам ляснічага, потым падняўся па службовай прыступцы — стаў ляснічым. На гэтай пасадзе адрабіў сем гадоў, затым прызначылі яго галоўным ляснічым, і вось ужо чацвёрты год працуе дырэктарам лясгаса.

— А я пасля тэхнікума пачаў свой жыццёвы шлях памочнікам ляснічага ў Лясковічах. Месяцы тры адпрацаваў — узялі ў армію. Вярнуўся са службы. Можа, з паўгода адрабіў, абралі сакратаром райкама камсамола. А потым — абкам камсамола, ЦК, у Мінску — райвыканкам, райкам, абкам... Ну, а тут вядомыя вам падзеі. І застаўся я пры сваіх...

— Ну, я чуў пра вас. Нічога, неяк ўсё ўтрасецца. Лес шуміць... Працы нам хопіць, — разважліва сказаў Капуцкі.

Знешне Капуцкі быў вельмі спакойны, але ў ягонай галаве мітусіўся рой думак. З аднаго боку яго задавальняў такі паварот падзей: будзе новы галоўны ляснічы, прафесійна чалавек адсталы, але жыццёвы вопыт мае, сувязі ў вобласці і ў сталіцы таксама мае. Дырэктарам яго пакуль што не паставяць, дый ці захоча ён тут асесці? Кар’еру лясную рабіць яму пазнавата — пераваліў за паўсотню. А вось яму, Іосіфу Капуцкаму, самы час уцячы адсюль, з радыяцыйнай зоны. Лясгас лічыцца адным з перадавых у вобласці, за год. Сахута абкатаецца тут,  а ён будзе рыхтаваць сабе глебу. А раптам жонка Сахуты ўпрэцца? Пэўна, ёй не захочацца са сталіцы ехаць сюды. А мо дзеці выпхнуць, ім заўсёды мала месца.