Выбрать главу

Пытанняў у галаве Капуцкага было болей, чымся адказаў. І таму ён  далікатна распытаў пра сям’ю, пра жонку. Тое, што ёй усяго два гады да пенсіі, што яна тут некалі працавала, што яны тут пазнаёміліся, пабраліся шлюбам — абнадзейвала.

— Гэта ж вы родам з Хатынічаў?

— Так, мая старэйшая сястра жыве там і зараз. У адселенай вёсцы. Хачу пад’ехаць да яе. Можа, Раковіч дасць машыну.

— Можна сёння з’ездзіць. У мяне ёсць транспарт. І ў лясніцтва заскочым. Там памочнік выконвае абавязкі ляснічага. Малады хлопец. Яшчэ халасцяк. Уцякаць хоча ад радыяцыі. Ляснічы вырваўся, як птушка з клеткі. Двое малых дзяцей. Грэх трымаць было.

Андрэй слухаў і раптам яго апякла думка: а што калі пачаць працу з лясніцтва? Раз ёсць вакансія. Там некалі  пачынаў. Марына блізка жыве... Ада, канешне, будзе супраць. Затое не трэба вяртацца ў абрыдлы горад, бачыць спачувальныя позіркі, чакаць званкоў.  Прасіць у жонкі грошай нават на піва...

— А ведаеце, Іосіф Францавіч, у мяне крамольная думка паявілася. А можа, уладкавацца пакуль што ляснічым? Раз ёсць вакансія.

— Выдатная мысля! Да першага снежня яшчэ болей як два месяцы. А чакаць і даганяць — кепская справа. Зараз едзем у лясгас. Напішаце заяву і катанём на агледзіны.

Увайшоў Раковіч.

— Прабачце, мужыкі, я з намеснікам вырашаў адну справу. Затрымаўся. Вы трохі пазнаёміліся?

— Мы хораша пагаманілі. З сённяшняга дня Андрэй Мацвеевіч заступае на працу, — з непрыхаванай радасцю паведаміў Капуцкі, маўляў,  во,  які  я дыпламат.

— Вы што, жартуеце? На якую пасаду? — здзівіўся Раковіч.

— Ляснічым на сваёй радзіме. Дзе некалі пачынаў сваю...

Сахута шукаў патрэбнае слова і нібы спатыкнуўся. Напрошваліся варыянты: сваю біяграфію ці жыццёвую дарогу, ці дзейнасць. Але ўсе варыянты падаліся занадта пафаснымі: выходзіць, што ён за трыццаць гадоў падняўся на адну прыступку — вырас ад памочніка да ляснічага!

Раковіч, мусіць, зразумеў перажыванні, душэўны стан мінскага госця, бо паспяшаўся падбадзёрыць:

— Андрэй Мацвеевіч, у вас ёсць шанц за два-тры гады прайсці шлях ад ляснічага да міністра. Гэта варта адзначыць.

Гаспадар кабінета дастаў з сейфа пляшку каньяку “Белый аист”, заказаў сакратарцы тры кубкі кавы.

Анатоль Раковіч не чакаў такога павароту і быў сапраўды рады, што высокі сталічны госць не пабаяўся радыяцыі, кідае сталіцу, каб пачаць працу на сваёй радзіме. Задаволенасць была і на твары Іосіфа Капуцкага, але ў глыбіні яго цёмных круглых вачэй затаілася нязгода са словамі старшыні райвыканкама: ён, дырэктар лясгаса, павінен ісці на павышэнне, бо ўжо наеўся радыенуклідаў, ягоная дачка хварэе на шчытавідную залозу. У душы Іосіфа Францавіча памацнела надзея, што ён вырвецца адсюль. Але зробіць гэта з годнасцю — падымецца ўгору па кар’ернай лесвіцы.

Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  1991 г.

3 кастрычніка. Пінск Брэсцкая вобласць. Сесія гарадскога Савета вырашыла вярнуць Пінску герб, нададзены яму па Магдэбурскім праве 1 студзеня 1581 года — у перыяд кіравання Стэфана Баторыя.

4 кастрычніка. Берлін. Германія адзначыла першую гадавіну ўз’яднання краіны. Дзень 3 кастрычніка аб’яўлены дзяржаўным святам.

11 кастрычніка. Вільнюс. 10 кастрычніка на віленскіх могілках Панерай пахавана старэйшая беларуская пісьменніца Зоська Верас. Яе светлае жыццё пачалося 30 верасня 1892 года.

VІІІ

Першы дзень пасля адпачынку ўразіў Пятра Махавікова. І перш за ўсё — незвычайнай цішынёй на студыі. Ціха было ў павільёнах, ціха ў калідорах, маўчалі тэлефоны. За цалюткі дзень яму не пазваніў ніхто з начальства. Сказаў пра сваё ўражанне намесніку Яўгену. Той рагатнуў:

— Начальству ўсё да лампадкі. Усе кінуліся будаваць катэджы. Грызуцца за надзелы зямлі, за льготныя крэдыты. І смелыя ўсе зрабіліся. Ведаюць, што на бюро райкама не пацягнуць. У ЦК не паклічуць. Цішыня. Між іншым, цэнзарку нашу адправілі на спачын. А то ж дурнотай займалася. Памятаеш, які гвалт узняла з гэтым фільмам? Ну, дзе пра Свіслач былі кадры, а далей штаб БВА. Гразіла табе ўляпіць страгача. А на паштоўках гэты пейзаж ва ўсю тыражавалі.