Пятро ўзгадаў тую гісторыю, калі цэнзарка гразілася зняць з эфіру перадачу. А гэта ўжо ЧП! Вялікія непрыемнасці, і перш за ўсё для галоўнага рэдактара. Куды глядзеў? Тады ён, так бы мовіць, узяў адказнасць на сябе.
— Я ў свой журнал запісала, што вас папярэдзіла. Калі хто заўважыць, будзеце адказваць, — скрыпела пільная бабуся ў тэлефонную трубку.
На шчасце, ніхто не звярнуў увагі на той кадр. Усё тады абышлося. А цяпер будзе яшчэ лепей, бо паменее валтузні вакол перадач. Хацелася верыць, што працаваць стане цікавей, вальней.
Дзень канчаўся. Пятро падсунуў бліжэй каляндар, зірнуў на свае занатоўкі: ці ўсё зрабіў? Над лічбай 30, круглай, самавітай, прыпіска драбнейшым шрыфтам: імяніны Веры, Любові, Надзеі.
З гэтай тройцы найбольш яго грэла Надзея. Веры не было, Любоў прытупілася: узрост, што ні кажы, за паўсотню пераваліў, ужо “няма таго, што раньш было...” А вось Надзея — яна памірае апошняй.
Надзея на тое, што ўсё перамелецца, ператрэцца, пераходзіцца, як цеста ў дзежцы, і жыццё ўвойдзе ў свае спрадвечныя берагі, пакоціцца звыклым ходам. Як бы ні было неспакойна, скрутна на белым свеце, жыццё не спыняецца. Пасля грому надыходзіць зацішша, пасля буры-ўрагану на моры жыццёвым пануе штыль. Пятру захацелася занатаваць гэтыя развагі, дастаў кандуіт, па звычцы адгарнуў некалькі старонак назад , нібы для разгону прачытаць іх, каб лепей пісалася далей, пра дзень сённяшні.
4 верасня. Серада. Раніца была цудоўная, светлая, вельмі ціхая, нейкая зажураная. А па абедзе ўзняўся вецер — значыць, будзе перамена надвор’я. У прыродзе цішыні доўга не бывае. На душы неспакойна. У Маскве на з’ездзе дэпутатаў Гарбачоў не дае нікому сказаць ні слова: аб’яўляе перапынкі — да 15 гадзін, потым да 17. Дэпутат Віктар Алксніс параўнаў сітуацыю з 1918 годам, з разгонам “Учредительного собрания”. Аб’явілі, што ў Кітай драпанулі тысячы партработнікаў і чэкістаў. Нашым туды далёка, а то сыпанулі б... Зямляк Андрэй Сахута, былы сакратар абкама партыі, без працы ходзіць. Яшчэ факт: пісьменнікі Расіі дзяжураць начамі каля свайго будынка — баяцца, што яго захопіць іншая групоўка пісакаў. Дажыліся!
9 верасня. Аўторак. Які туман! Здаецца, што дрэвы, хаты — усё абкладзена ватаю. Але памалу туман пачаў развейвацца, выбліснула зыркае і яшчэ даволі цёплае сонейка. І ўсё наваколле засвяцілася тонкімі ніткамі павуціння — першая прыкмета бабінага лета. Праз чатыры дні яго каляндарны пачатак. Люблю гэты час у прыродзе!
На мой адпачынак выпала багата гаспадарчых спраў: канчаю лазню, аббіваю сцены прымыльніка вагонкаю — азартная справа! Трэба шукаць печку, рамы на балконе трэба ўстанавіць. Кругом клопат..
Больш за два тыдні жыве незалежная Беларусь. Змен пакуль ніякіх. Хіба што бел-чырвона-белы сцяг над гарсаветам. Трохдзённы путч разбурыў саюз непарушны. А што будзе на яго руінах?
Газеты паведамляюць: У Магілеве над будынкам гарадскога Савета лунае бел-чырвона-белы сцяг, красуецца герб “Пагоня”. Нарэшце! А Ленінград ужо стаў Санкт-Пецярбургам. Мінскі гарсавет ставіць пытанн аб вяртанні гістарычнай назовы — Менск.
13 верасня. Пятніца. Пасля моцнага пацяплення — пазаўчора было плюс 23 — зноў захаладала. Восень бярэ сваё. Затое ўчора прывёз два кашы апенькаў. Цудоўныя грыбы! Не было ўлетку грыбоў, можа, восень аддзячыць за цярпенне. А якая асалода збіраць апенькі! Знойдзеш пень, а ён увесь аблеплены грыбамі. Зверху яны стаяць, нібы раскрытыя парасонікі — чыстыя, бялюткія, здаровыя, а ніжэй малыя, быццам рудавата-белыя шарыкі. Даводзіцца зразаць толькі “галоўкі” — яны самыя смачныя. Абрэжаш пень, застаюцца белыя карані, нібы працягнутыя рукі; уражанне, што пень крычыць, моліць: “Аддай мае грыбы, маё багацце!”
Сёння амаль паўдня аддаў унуку Алесіку. Звазіў яго з бацькамі ў паліклініку, дзе ўзяпі ў малога кроў з пальчыка. Спачатку ён маўчаў, потым моцна плакаў. А затым моцна спаў на вуліцы, у двары, а дзед, гэта значыь, я чытаў “Зрячій посох” Віктвра Аастаф'ева. Выдатная рэч! Піша ярка, вобразна, шчымліва лірычна.
Вось і вечар. Ева з Ірынкай пайшлі ў магазін, а я з унукам. Ён зноў заснуў. О, як ён спіць! Ручкі, паўсагнутыя ў кулачкі, ногі, як у жабоцькі, сагнутыя ў каленках і рскінутыя ў бакі. Здаровенькі, харошы хлапец расце. Пра тое, што ў ягоных жылах не цячэ мая кроў, стараюся не думаць. З Кастусём адносіны добрыя, нявестка неяк прызналася, што зайздросціць нашай дружбе. Вось выдадзім замуж Ірыну, будзе ў нас яшчэ унук ці ўнучка. Жыццё працягваецца. Будзем сеяць, Беларусы!