Ада гаварыла сумбурна, усхвалявана, у голасе чуліся раздражненне, крыўда, злосць, што не параіўся, не паслухаўся яе. Пятру здавалася, што ў сябра добрая сям’я, і раптам гэткія лютасць і злосць.
Паспяшаўся Андрэй, падумалася Пятру, мог бы пайсці ў выдавецтва, хаця туды не ўзялі б, раз адбіваюцца ад цэкоўскага кадра, а вось на сваё месца на тэлебачанне мог бы прапанаваць. Думкі, думкі клубіліся ў галаве Пятра Махавікова. Трэба хутчэй дамоў. Што скажа Ева? Ён прадчуваў, што яна скажа. Калі пачула, што аклад там большы, параіла:
— Ну, то, можа, варта, ісці. А як туды дабірацца? Гэта ж далёка. Праспект Машэрава...
Яны пачалі абмяркоўваць, як туды лепей даехаць. Былі розныя варыянты: аўтобусам, тралейбусам да прыпынку “Няміга” або трамваем да метро. Перасадка, затое хутка.
Пятро быў удзячны Еве за спагаду, спакойную разважлівасць і памяркоўнасць. “Якое гэта шчасце мець добрую жонку!” — падумаў ён. Згадаў учарашнюю размову з Адай, зразумеў, што між Сахутамі стасункі накаліліся. Мабыць, яна добра дапякла мужу, што доўга ходзіць без работы. Таму Андрэй і кінуў Мінск, можа ўсё скончыцца разводам.
Раніцай Пятро Махавікоў быў на праспекце Машэрава. Ішоў нетаропка, прыглядаўся да будынкаў, быццам хацеў усё добра запомніць, бо, магчыма, па гэтым маршруце давядзецца хадзіць аж да пенсіі. Прамінуў грувасткі Дом мадэляў, вось славутая крама “Алеся” — запаветны куток сталіцы для ўсіх жанчын. Быў ён тут з Евай, але аельмі даўно.
Пятро шчыльней захутаў шалікам шыю,. бо акурат у твар дзьмуў вільготны парывісты норд-вест, сцепануў плячыма пад скураною курткаю. Гэтую апранаху вецер не прабіваў, а каленям было холадна. Годзе піжоніць, трэба насіць нагавіцы, паўшчуваў сябе Пятро, зірнуў на гадзіннік — стрэлкі паказвалі дваццпць хвілін дзевятай. Наддаў ходу, бо пазніцца не пажадана, але і раней прыпёрціся таксама няварта, каб не падумаў пан дырэктар выдавецтва, што тэлежурналіст Пятро Махавікоў дужа прагне заняць крэсла галоўнага рэдактара. Праўда, ён і на тэлебпчанні меў, так бы мовіць, адэкватнае крэсла, але ж тут большыя грошы..
Вось і Дом кнігі. Шэры дванаццаціпавярховы гмах тарцовай сцяною туліўся да шырокага праспекта. Пятро міжволі падумаў, што так даўно жыве ў Мінску, а ў гэтым доме не быў. Праўда, кнігарню “Светач”, якая месцілася збоч, наведваў шмат разоў. І вось цяпер ён будзе хадзіць тут штодня. Учора ўранні пра гэта і думаць не думаў. Цікавае жыццё сваімі паваротамі! У ім выспявала рашучасць прыняць прапанову сябра. Рыкашэтам развал КПСС паўплываў і на яго лёс — раней мог бы ўмяшацца ЦК і не адпусціць яго, трэ было б здымацца з уліку ў адным райкаме, станавіцца на ўлік у іншым. Жыццё ўпрасцілася. А мо наадварот, ускладнілася? Болей будзе бедламу? Чыноўніцкага самадурства?
Роўна а палове дзевятай Пятро Махавікоў пераступіў парог выдавецкай прыёмнай. У невялічкім пакойчыку за масіўным сталом сядзела смуглявая дзяўчына ў акулярах і друкавала на пішучай машынцы. На светла-рудых дзвярах справа кінулася ў вочы шыльда “Дырэктар”, а злева на такіх жа дзвярах было напісана — галоўны рэдактар. Значыць, кабінет за гэтымі дзвярыма можа быць маім, падумаў Пятро, павітаўся і назваў сябе. У гэты момант дзверы расчыніліся. Уладзімір Клімчук, высокі, мажны, таксама ў акулярах на шырокім твары, басавітым голасам прамовіў:
— Заходзь, Пятро. Распранешся ў мяне.
Не марнуючы час, ён дастаў аркуш паперы, падаў госцю.
— Ну што, будзем працаваць? Тады пішы заяву. На маё імя. Як жонка? Падтрымала?
— Ты маеш рацыю, — усміхнуўся Пятро. — Як сказаў, буду зарабляць болей, адразу згадзілася. Хоць яна і без гэтай фразы не пярэчыла б. Мы добра жывём. Я рады, што знайшоў яе.
— Табе можна пазайздросціць. Пра гэта іншым разам. Сядай, можа, за гэты стол, — Клімчук паказаў на доўгі стол паўз сцяны даволі вялікага кабінета. — Да мяне будуць заходзіць людзі. А табе трэба напісаць заяву, запоўніць лісток уліку кадраў. Аўтабіяграфію. Кароткую, лішне не расцягвай. І пойдзем да начальніка ўпраўлення кадраў. Я ўчора з ім перагаварыў. Пойдзем знаёміцца.
У той дзень, як звычайна па аўторках, а другой гадзіне дня ў намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё Івана Кузьміча праводзілася планёрка, на прафесійнай мове яна называлася — “задзел”. Іван Кузьміч, які меў мянушку “Більярдны шар”, бо сваю круглую галаву звычайна галіў пад нуль, доўгі час працаваў дырэктарам праграм.. Раней з яго пасміхаліся, калі ён прамаўляў слоўца “стенарии”. Цяпер сцэнарыі ён чытаў рэдка, таму гэтае слова ад яго чулі радзей, маладыя супрацоўнікі нават і не ведалі, пра каго кажуць калегі: галоўны чытач “стенариев”. У свой час Іван Кузьміч працаваў у аддзеле прапаганды ЦК партыі, адтуль яго спусцілі дырэктарам праграм тэлебачання, меў ён двух намеснікаў, персанальную чорную “Волгу” і з цёмнага да цёмнага сядзеў у невялікім пракураным кабінеціку на старой тэлестудыі, што месцілася на беразе Свіслачы. Цяпер ён займеў шыкоўны кабінет у новым высачэзным гмаху тэлестудыі.