Выбрать главу

Планёркі-задзелы, абмеркаванне праграм тэлебачання на тыдзень Іван Кузьміч праводзіў, як сам любіў гаварыць, у тэмпе. Так было і на гэты раз. У Пятра Махавікова было дзіўнае адчуванне: няўжо сёння апошняя планёрка для яго? Ну, могуць тыдзень-два патрымаць, хоць маюць права тармазнуць і на месяц,  але ён спадзяваўся,  што адпусцяць. Раз чалавек цвёрда вырашыў перайсці на іншую работу,  няма чаго  вадзіць яго за нос.

У канцы кожнай планёркі шэф тэлебачання дазваляў сабе кароткі маналог: “азадачыць” падначаленых, настроіць на творчую, а галоўнае, дысцыплінаваную зладжаную работу,  бо іхнія агрэхі адразу відаць усяму беларускаму народу. Маналогі гэтыя былі падобныя, як два більярдныя шары, але Іван Кузьміч не мог уявіць планёрку без гэтага фінальнага акорда. Планёрка без заключнага маналога нагадвала выпіўку без тоста.

— Ну што, усё абгаварылі. Дзякуй за работу. Усе свабодныя, — закончыў свой маналог Іван Кузьміч.

Часам каго-небудзь з галоўных рэдактараў ён прасіў застацца, каб вырашыць нейкае пытанне. На гэты раз у кабінеце застаўся без запрашэння галоўны рэдактар навукова-папулярнай рэдакцыі Махавікоў.

— Што, Пётр Захаравіч, ёсць праблемы? — гаспадар кабінета зірнуў на гадзіннік: значыць, некуды спяшаўся.

— Ёсць вось такая папера, — Пятро паклаў перад ім заяву.

Іван Кузьміч прачытаў раз, другі, падняў стомленыя вочы:

— Ты што? Гэта сур’ёзна? І куды вырашыў рвануць?

— Я  б не хацеў пакуль гаварыць...

— Ну што за сакрэты? А я адкрыю табе свой сакрэт. Іншым разам думаў... Вось у будучым годзе адзначу юбілей. І папрашуся ў адстаўку. Хоць на рыбалку паезджу. І на сваё месца прапаную цябе. У гэтым крэсле павінен сядзець толькі прафесіянал. Сам разумееш, агрэхі нашай службы адразу ўсім відаць. А ты, браток, у кусты. Падводзіш мяне. Хаця я разумею сітуацыю... Дык куды ўсё-ткі? Не хочаш прызнацца? Старшыня пакліча цябе. І мне трэба з ім перагаварыць. Так што, трэба параіцца.

Пятро мог сказаць, што праз год яму будзе пяцьдзесят чатыры, а калі Іван Кузьміч пажадае яшчэ болей “паруліць” тэлебачаннем і затрымаецца на год-два пасля юбілею, то вылучаць Пятра будзе позна. Але ён бачыў, што шэф сапраўды недзе спяшаецца, таму сказаў:

— У мяне ёсць намеснік. Чалавек вопытны, неблагі арганізатар.

— Добра. З якога ты хочаш?

— Я гатовы хоць з сённяшняга...

— Ну, браце,  хуткі ты. Як стронга. Ты ж ведаеш, маем права патрымаць  месяц. Ну, але насільна мілы не будеш. Дый  парткома няма. І ЦК сплыў у нябыт. Карацей, тыдзень на роздум. Я пазнюся ўжо.

— Да пабачэння. Спадзяюся на вашу падтрымку.

— Добра, — шумна ўздыхнуў  Іван Кузьміч.

Праз дзесяць дзён Пятро Махавікоў быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва. Напярэдадні сабраў сваіх студыйных калег, падзякаваў усім: і прыхільнікам, і апанентам, і зайздроснікам. А гэта ёсць у любым калектыве, асабліва творчым. І мусіць, заўсёды будзе. У любога кіраўніка, які мае нават паўтузіна падначаленых, будуць любімчыкі, будзе сама мала тры групоўкі.

Пятро ведаў, што падрыхтаваны загад аб прызначэнні былога намесніка на пасаду галоўнага, менавіта ён  і  рэкамендаваў яго, але пакуль старшыня не падпісаў, гаварыць пра гэта няварта. Прафсаюзны лідэр, сталага веку кабета-рэдактар, сказала даволі доўгую  прамову, у якой дзякавала ўжо былому галоўнаму “ад усяго калектыву і ад сябе асабіста” за цярплівасць, за строгасць, патрабавальнасць, але перш-наперш за тое, што быў спагадлівы і добры. Сімпатычная дзяўчына, якая нядаўна пачала працаваць рэжысёрам, уручыла букет кветак. Пятро цмокнуў яе ў шчаку, згледзеў ухмылкі на некаторых тварах, зразумеў, што да чаго... Каб заахвоціць, падбадзёрыць маладога рэжысёра, ён часцяком падхвальваў ейныя перадачы, і жанчыны, а можа, і некаторыя мужчыны ,  вырашылі: галоўны ўпадабаў дзяўчыну, магчыма, каму здавалася, што ён пазірае на прыгажуню, бы кот на сала. А ён часам і сапраўды любаваўся  ёю. А між тым прафсаюзны лідэр падаравала Пятру прыгожы кубак: