— І самая надзённая праблема — выданне кніг “Памяць”. Нядаўна прынята вельмі сур’ёзная пастанова ўрада. Неўзабаве запатрабуюць справаздачу, — Клімчук зірнуў на Пятра, і той адразу зразумеў, што пісаць тую справаздачу давядзецца яму. — Вы, Пятро Захаравіч, будзеце персанальна курыраваць гэтыя выданні. Дарэчы, мы з табой, — Клімчук перайшоўшы на “ты”, — былі на першай нарадзе ў ЦК. Яшчэ пры Машэраве. Гэта яго задума... Гррандыёзная задума — выдаць сто трыццаць Кніг Памяці.
— Я быў у тым першым дэсанце ў Шумілінскі раён. На Віцебшчыну. Мы рабілі першую Кнігу Памяці, — падаў голас Пятро.
— Ну дык ты — чалавек вопытны. Я ведаў каго сватаў, — задаволена ўсміхнуўся Клічук, і амаль усе прысутныя заўсміхаліся.
— А я ведаў, куды ішоў, — сказаў павесялелы Пятро.
У яго праклюнуўся парастак надзеі, што ён справіцца з новай работай, урасце ў новы калектыў.
— У “Мастацкай літаратуры” створана група “Памяць” з трох чалавек. А я адзін, яко перст, — азваўся Сяргей Рудзянок.
— Зато ж ты ў нас плечавень, — падвесяліў прысутных і намеснік дырэктара Сідаровіч.
— Дадзім табе, Сяргей Дзмітравіч, талковага карэктара. З перспектывай, каб стала рэдактарам. Памяркуем, каго...
— О, там прыгожых дзяўчат у карэктарскай хапае! Яго толькі пусці туды, бы казла ў агарод, — спадабалася жартаваць Сідаровічу.
— Дамо толькі адну ахвяру, — смяяўся і дырэктар. — А ў потым дабавім яшчэ аднаго чалавека. І вас будзе трое. Выданне Кніг Памяці — справа сур’ёзная, адказная і грашавітая. Дзяржава выдзяляе кругленькія сумы раёнам. А раёны добрасумленна пералічваюць грошыкі выдавецтвам. Вядома, не за прыгожыя вочы, а за работу.
Планёрка Пятру спадабалася. Тут не было нервовай напругі, якая ўладарыць на тэлебачанні. А найбольш уразіў вясёлы, аптымістычны настрой дырэктара, яго бліжэйшых памочнікаў. Цэнзуры няма, партбюро няма, узгадаліся словы Клімчука, што самі з вусамі, але трэба выдаваць толькі тое, што дасць навар.
Пасля нарады Пятро завітаў у пакой да Сяргея Рудзянка. Вядома, ён мог патэлефанаваць яму і запрасіць да сябе. Але памятаў параду Клімчука: “Штодня заходзь у які-небудзь пакой выдавецтва, адчыняй дзверы — так хутчэй пазнаёмішся з людзьмі. Калі ёсць патрэба пагаварыць сам-насам, не саромейся выклікаць у кабінет”.
На апошніх дзвярах ля шырокага калідорнага акна з выглядам на праспект Машэрава красавалася шыльда “Памяць”, над буйнымі літарамі быццам трапятаўся язычок чырвонага полымя.
Пятро адчыніў дзверы, увайшоў у даволі вялікі светлы пакой — два шырокія акны прапускалі мора святла. Першае акно выходзіла на праспект, а другое, насупраць дзвярэй, адкрывала паўночна-заходнюю панараму горада — гатэль “Планета”, далей абеліск, а яшчэ далей сінелася Мінскае мора. У фіялетава-бэзавай смузе губляўся, звужаўся, нібы ўпіраўся ў неба праспект Машэрава.
Сяргей Рудзянок сядзеў за самым вялікім сталом каля дальняга акна, падняўся, нібы школьнік, калі ўваходзіць настаўнік, або салдат пры з’яўленні афіцэра. Пятро прысеў да стала, тады апусціўся на сваё крэсла Сяргей. Былому ваеннаму лётчыку Пятру Махавікову міжволі спадабалася гэткая павага да субардынацыі, мабыць, Сяргею давялося паслужыць у войску.
— Сяргей Дзмітравіч, ці ёсць у вас гэтая пастанова? Ну, пра якую гаварылі на планёрцы.
— Канешне, ёсць, — Рудзянок дастаў з шуфляды чырвоную папку, развязаў матузкі, пагартаў, нібы хацеў пераканацца, ці ўсё тут на месцы, задаволена дадаў: — Вось газета з пастановай. Вось метадычныя ўказанні Цэнтра. Спіс раёнаў, якія замацаваны за нашым выдавецтвам. Рэцэнзіі на першыя кнігі. Зараз мяняецца канцэпцыя выдання, — Рудзянок памаўчаў, быццам шукаў больш дакладныя словы. — У ранейшых Кнігах Памяці на тысячу гадоў да Кастрычніка адводзілася трыццаць-сорак старонак. А на час пасля рэвалюцыі — 600—700. Вядома, шмат месца займаюць спісы воінаў і партызанаў, якія загінулі... Дзеля іх і пачыналася выданне. Але цяпер — гэта будзе свайго роду малая энцыклапедыя раёна. Пра гісторыю, прыроду, матэрыяльную культуру. Пра славутых землякоў. Каб кніга чыталася з цікавасцю.
— Дык жа добрая канцэпцыя! — не стрываў радасці Пятро. — Можа, дасцё гэтыя матэрыялы? Хачу пазнаёміцца.