Выбрать главу

— Калі ласка, — падаў Рудзянок чырвоную папку.

Пятро заўважыў, што два сталы ў пакоі пустуюць, а за сталом каля дзвярэй сядзела немаладога веку кабета ў акулярах, кароткія, яшчэ густыя каштанавыя валасы атулялі ейны  твар, схілены над рукапісам. Пятру хацелася спытаць, які рукапіс яна чытае, як яе завуць, але зрабіць гэта ён пасаромеўся: некалі зойдзе іншым  разам  і абавязкова  пра ўсё  распытае.

Калі дзверы зачыніліся за галоўным рэдактарам, у пакоі ўсчалася гаворка.

— Ну як табе новы галоўны? — спытаўся Рудзянок у каляжанкі.

— Сімпатычны. І такі далікатны. Можа, дасцё матэрыялы? А мог выклікаць цябе ў кабінет і загадаць прынесці яму папку з матэрыяламі. Мне падалося, што ён нешта хацеў у мяне спытаць, але стрымаўся. Можа,  ён  для пачатку гэткі рахманы? Гэтак мякка сцеле...

— От, жанчыны! Яна адразу пра тое, хто як сцеле... — рагатнуў Сяргей Рудзянок.

— Дзмітравіч, ты — бессаромнік, — пачуў ён у адказ.

Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991 г.

16 кастрычніка. Мінск. Сесія Вярхоўнага Савета прыняла Закон “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”.

17 кастрычніка. Пекін. Далікатэсныя рэптыліі для прыгатавання рэдкіх страў кітайскай кухні з’явіліся на рынках Пекіна.

19 кастрычніка. Ерэван. Першы Прэзідэнт Арменіі Тэр-Петрасян пачаў сваю палітычную дзейнасць са стварэння камітэта “Карабах”.

22 кастрычніка. Вашынгтон. Міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка выступіў на 46-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у дыскусіі па дакладзе МАГАТЭ.

ІХ

Бралася на вечар, калі Андрэй Сахута вярнуўся з райцэнтра. Ездзіў разам са старшынёй калгаса Зінкевічам на ягоным “газіку”. Збіралі там раённы актыў для абмеркавання  наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вучылі, як змагацца з мірным атамам, які вырваўся на волю. Нічым асаблівым нарада не ўразіла Андрэя, сядзеў, слухаў, сёе-тое занатоўваў па даўняй звычцы: занатоўкі ён рабіў нават седзячы ў высокіх прэзідыумах. Суседзі ягоныя ў зале  нічога  не запісвалі,  перамаўляліся  між  сабою, той-сёй  драмаў.

На першы погляд звычайная нарада. Але гэта толькі на першы погляд. Мела яна адметнасць, прадыктаваную падзеямі апошняга часу: у прэзідыуме не было нікога з сакратароў райкама, а ў зале сядзелі былыя камуністы. Сядзеў між іх непрыкметны чалавек у цёмна-шэрым касцюме з акуратна завязаным гальштукам — былы сакратар абкама па ідэалогіі. Лысаваты. З абветраным, гладка паголеным тварам, хударлявы, плечы яго трохі абвіслі, бо гападар касцюма за пошнія тры месяцы скінуў амаль паўпуда вагі,  назапашанай  у мяккім крэсле.

Ён слухаў выступоўцаў з падкрэсленай увгай. І не таму, што яны адкрывалі нейкія ісціны, нечым здзіўлялі, а хутчэй таму, што слухаў іх упершыню. Андрэй запісваў іхнія прозвішчы, пасады, назвы паселішчаў, пра якія яны гаварылі. І рабіў гэта свядома, з думай пра будучыню: калі яго прызначаць на абяцаную вышэйшую пасаду, магчыма ,  давядзецца з гэтымі людзьмі сутыакацца часцей. Можа, з кім у яго наладзяцца сяброўскія стасункі— калі не сяброўскія, то, пэўна, таварыскія, бо жыццё ў чарнобыльскай зоне прымушае людзей мацней трымацца адно аднаго. Кожны ў глыбіні душы разумеў: усе яны закладнікі мірнага атама.

Сахута лавіў цікаўныя позіркі ў яго бок — тут усе ўсіх ведалі. І раптам новы чалавек , ды яшчэ  не падобны на маладога спецыяліста. У раёне быў страшэнны дэфіцыт кадраў, але маладыя спяцы прызджалі вельмі рэдка. Самыя цікаўныя  пыталіся  цішком у старшыні  калгаса:  хто сядзіць поплеч яго.

Але галоўная адметнасць нарады была ў самой яе сутнасці: гісторыя не ведала дагэтуль такой маштабнай аварыі, нідзе ў свеце мірны атам не прынёс гэткай шкоды чалавеку. І запанаваў ён амаль на траціне Беларусі, ахінуў смертаносным крылом Прыбяседдзе. Свае ахвяры, сваю жахлівую даніну збірае ўжо шосты год. І колькі часу будзе збіраць, таго не ведае ніхто. Ні акадэмікі, ні міністры. Ні  пажарнікі, якія тушылі рэактар.  Ні ліквідатары, якія  ўжо наеліся радыенуклідаў па макаўку.  І яны, гэтыя нябачныя забойцы-раденукліды, быццам  караеды  дрэва,  падточваюць маладых здаровых людзей. Караеды нападаюць на старое, хворае, аслабленае дрэва, здаровае ім не па зубах. “Мірны” атам нікому ў зубы не гядзіць, ён гатовы зваліць любога мацака.

Менавіта пра гэта думаў Сахута, бо ён быў тут свежым чалаекам. І адчуваў усё вастрэй, чымся мясцовы люд. За месяц, пражыты ў зоне, не раз чуў гаркава-металічны смак нябачнай радыяцыі. Прыцярпеўся  ўжо, што  напрыкканцы дня  баляць ногі, нават калі цалюткі дзень праседзіць у лясніцтве. А ўвеары яму карцела хутчэй памыцца, як аб нечым недасяжным, дужа прыемным.  ён  думаў  пра цёплы  душ у сваёй  гарадской  кватэры. Але замест гэтага да пояса мыўся халоднай вадою са студні.