Нарада доўжылася каля трох гадзін без перапынку. Выступы былі спакойныя, памяркоўныя, кароткія. Ніхто нікога не крытыкаваў. І кіраўнікі, і падначаленыя разумелі, што ўсе яны закладнікі Чарнобыля. Каму было куды ўцякаць, той ужо ўцёк, каго змаглі — адсялілі. Перасяленне ідзе і зараз. Дакладчык, намеснік старшыні райвыканкама, адно паўшчуваў будаўнікоў, хоць і разумеў — не яны вінаватыя ў зрыве плана. Калі б матэрыялы, грошы паступалі своечасова, дамы для перасяленцаў раслі б, як грыбы пасля дажджу.
Выступаў і дырэктар лясгаса Капуцкі. Пабедаваў, што план пасадак лесу павялічаны, а людзей і тэхнікі бракуе. Андрэй слухаў яго з увагаю і насцярогаю. Увага ішда ад таго, што яму давядзецца ўсё пачутае ўкласці ў вушы сваім падначаленым, а насцярога мела іншую прычыну: раптам дырэктар неабдумана ляпне, што да іх вярнуўся на пасаду ляснічага зямляк, былы сакратар абкама партыі. Тады б Сахуту давялося падняцца, на яго б усе глядзелі, як на дзівака, а нехта, можа, і ў ладкі запляскаў, хоць у душы пасміхнуўся б: во жыццё прыціснула партакрата, што і сталіцу кінуў, значыць, цесна зрабілася каля карыта, адпіхнулі, выплюнулі. На шчасце, дырэктар нічога такога не ляпнуў, старшыня калгаса падвёз Сахуту да лясгаса, паабяцаў заехаць сюды, калі вырашыць свае справы.
— Ну што, Мацвеевіч, асвойталіся, агледзеліся? Трэба вас апрануць па-нашаму, — дырэктар паляпаў па плячы старэйшага па ўзросце былога высокага партыйнага начальніка.— Прывезлі новую флорму. Вось вам зорачкі ў пятліцы,— дастаў з шуфляды маленькі карабок. — Шэсць штук. Па тры…— Станеш галоўным ляснічым. — раптам перайшоў на “ты”,— тады будзе чатыры зорачкі. Можа, прымераеш тут? Скажу сакратарцы , каб нікога не пускала. А я выйду.
Ад новай цёмна-зялёнай формы з блішчастымі гузікамі патыхала нечым незнаёмым: ці то фарбаю, ці то нафталінам. Карацей, нечым халодным і казённым.
— Дома памераю, — адказаў Андрэй і сам здзівіўся, што домам называе не кватэру ў Мінску, а пакойчык-катух у тым жа будынку, дзе і лясніцтва, толькі ўваход з другога боку: у адным пакойчыку атабарыўся памочнік. У другім ён, Сахута.
— Калі што не падыдзе, можна падагнаць у атэлье. У райцэнтры ёсць. І ў Белай Гары падгоняць. Сёння зарплата ў нас. Можна адным скрыпам замачыць і палучку, і форму. — шырока ўсміхнуўся Капуцкі, ажно прысеў пад вусамі дзюбаваты нос. — Каб новая форма добра насілася. Каб не муляла нідзе.
Замочвалі ўтрох — дырэктар запрасіў для знаёмства галоўнага ляснічага, які рыхтаваўся да пенсіі і ягоную пасаду абяцалі Сахуту. І пасля чаркі гаворка круцілася вакол вытворчых спраў і клопатаў. Вось паркету нарабілі шмат: выдатны, дубовы. З чыстай зоны. А пакупнікі асцерагаюцца браць — баяцца радыяцыі.
— Дык у мяне ёсць пакупнік. Наш зямляк. Працуе на тэлебачанні. Кватэра вялікая. Яму шмат трэба. Жонка даўно агітуе здзерці абрыдлы лінолеум і пакласці паркет.
Андрэй расказаў, што зямляк Пятро Махавікоў цяпер перайшоў у выдавецтва, што ён там галоўны рэдактар, рыхтуюць кнігі ў абарону прыроды. І пра лес — таксама.
— Патрэбны чалавек. — адразу ўсхапіўся Капуцкі.— Патэлефануйце. Хай абмераюць плошчу кватэры. Скажуць, колькі ім трэба.
І вось ужо вечарам Андрэй сядзеў у сваім кабінеціку і спрабаваў дазваніцца да сталіцы — удзень яму гэта не ўдалося. Дый часу бракавала. Увечары лацвей. У новай форме з трыма зорачкамі ў пятліцах форменнага кіцеля. З першай зарплатай на новай пасадзе Андрэй адчуваў сябе, як ніколі ўпэўнена, упершыню падумаў: добра, што вярнуўся дамоў. Не збаяўся плётак, абгавораў. Спачувальных позіркаў. Не мераў тут ні разу ціск — не было чым і не было калі, чуўся лепей, чым у Мінску, жывот ягоны спаў. Зліняў. Дзягу на форменных штанах зацягнуў ці не на апошнюю дзірку. “Ці кава, ці налезлі б зараз студэнцкія штаны? — падумаў з усмешкаю.— Мусіць, блізка да той халасцяцка-камсамольскай кандыцыі”.
А сёння пасля нарады, дзелавітай, спакойнай, пасля замочкі новай формы і першай леснічоўскай зарплаты — здавалася, што грошы грэюць кішэню, хоць і няшмат іх. Няўжо і грошы тут радыеактыўныя? Не, радыяцыя зараз меней за ўсё хвалявала Андрэя Сахуту. На душы незвычайнае адчуванне волі, палёту. Не трэба асцерагацца, каб не трапіць пад гарачую руку першаму. Не трэба баяцца званкоў з ЦК. Ён тут, у лесе, самы галоўны. Па абедзе можа ўскінуць стрэльбу на плячо і пайсці на качак. Што ён і рабіў часцяком разам з памочнікам. Той умее спрытна абскубсці, разабраць качку і згатаваць наварысты булён. А што ў ім магла быць радыяцыя, пра гэта стараліся не думаць.