Выбрать главу

Андрэй пашкадаваў, што ніхто зараз не бачыць яго ў навюткай форме, ні былыя калегі-абкамаўцы, ні жонка, ні дзеці. Раптам злавіў сябе на грэшнай думцы-жаданні: захацелася, каб яго ўбачыла Паліна Максімаўна. Тая гарачая камсамолка-аграномка, з якой ён цалаваўся на адкрыцці клуба ў Бяседавічах. Ён узгадаў пра яе, калі слухаў даклад, пазіраў на Анатоля Раковіча, старшыню райвыканкама, таго Толіка, які выцягнуў райкамаўскі “газік” з глыбокай лужыны. Аж не верылася, што было гэта трыццаць гадоў таму!

Ён не ведаў, што Паліна таксама запрошана на паседжанне, угледзела яго, калі Андрэй апранаў плашч і разам са старшынёй калгаса Іванам Зінкевічам ішоў да выхаду. Ён аж здрыганўся ад нечаканасі, калі  пачуў:

— Андрэй Мацвеевіч! Хвілінку пачакайце, — да яго наблізілася вельмі ж знаёмая абліччам жанчына з прыгожым, адкрытым тварам. З-пад акуляраў зірнулі вялікія цёмна-карыя вочы, бы спелыя вішні пасля дажджу. — Не пазнаяце? А памятаеце Паліну-камсорга з Бяседавіч? Адкрыццё клуба...

— Канешне, помню. Хоць і даўно было.

— Я разумею, тут не месца для ўспамінаў. Ёсць просьба... Ці можна выпісаць у вас дроў? Вы, можа, чулі пра маё гора? Цяпер во самой  і  пра  дровы трэба клапаціцца. Паблізу райэцнтра ўсё павысякалі.

Андрэй выказаў ёй спачуванне. Зінкевіч тым часам гукнуў ад дзвярэй, што пачакае на вуліцы. Яны з Палінай адышліся ўбок. Андрэй коратка расказаў пра сваю сям’ю, Паліна трохі пра сябе. Дамовіліся, што заўтра ці паслязаўтра яна прыедзе з сынам у лясніцтва.

Ён зноў набраў нумар кватэры. У трубцы чуліся занудлівыя кароткія гудкі. Тады патэлефанаваў Пятру Махавікову. Той быў дома. Узарадаваўся сябру. Яшчэ болей узрадаваўся, калі пачуў, што  Андрэй можа прывезці паркет.

— Зараз параюся з жонкай. Абмераем кватэру. Я патэлефаную. Скажы нумар…

На гэтым развіталіся, хоць абодвум вельмі хацелася пагаварыць, бо падзей у іхнім жыцці адбылося зашмат.

Нарэшце дазваніўся дадому. Праз шум і трэск ледзь пазнаў голас Ады.

Можа, таму, што кепска было чувац, падаўся жончын голас чужым, халодным. Распытаў пра дзяцей, пра хатнія справы. Пахваліўся, што атрымаў зарплату, новую форму.

— Ну во,  далі нейкую капейчыну. Форму шараговага ляснічага ў зоне. Разумныя людзі ўцякаюць адтуль. А ты скочы, як Саўка ў вір галавою. І дзеці супраць. Не ўхваляюць твой учынак.

— Дзіва што!Ты настройваеш іх. Не спяшайся рабіць высновы. Зразумей. што болей я не мог сядзець склаўшы рукі.

— Я не спяшаюся. А вось ты паспяшаўся. Пятро хацеў парэкамендаваць цябе на сваё мсца. Галоным рэдактарам навукова-папулярных перадач. Ты б справіўся. І  начальства тэлевізійнае  цябе  ведае. А то наламаў дроў. Ты там. Я—тут. Што гэта за жыццё?

— Гэта ўсё часова. А тэлебачанне — не мой хлеб. Я не журналіст па адукацыі. Не бядуй. Усё ўтрасецца,— спрабаваў суцешыць жонку. — Можа, праз тыдзень прыеду, тады ўсё абмяркуем. Усім прывітанне! Цалую! — і паклаў трубку.

Сядзеў за сталом,  адчуў зноў цяжар у патыліцы — падымаецца ціск, а гэтак добра адчуваў сябе гадзіну назад. Яму зусім не хацелася ехаць у горад. Адчыніліся ўвахлодныя дзверы. Нехта затупаў у калідоры. Андрэй  выйшаў з кабінета — перад ім стаяў памочнік Віктар. У пінжаку наапашкі, у галёшах на босую нагу.

— Ну, ці дазваніліся? А то бульба ўжо гатова. Адубее. І форму ж замачыць трэба, — мабыць, Віктар заўважыў не дужа вясёлы твар шэфа, таму дадаў: — От, каб ваша жонка пабачыла вас у новай форме. Яна б усё кінула і паімчала за вамі на край свету.

— Дарагі мой. не так усё проста. Без жанчын гэтак жа цяжка абыходзіцца, як і жыць з імі. Сказаў гэта  даўно  мудрэц  Сенэка. І гэта сапраўды так.

Яны кульнулі па кілішку мясцовай аржанушкі-весялушкі за новую форму і першую зарплату. Закусілі салам з цыбуляй, падсмажанай на элетраплітцы бульбаю з салёнымі гуркамі. Здаровы натуральны харч. Так думаў Сахута, са смакам жаваў сала, хрумстаў цыбуляй  і яму  не  хацелася  ніякіх жончыных прысмакаў.

Спаў Андрэй моцна. Яму нічога не снілася. Прачнуўс, калі ў пакоі было яшчэ цёмна, соладка пацягнуўся, убачыў у паўзмроку блішчастыя гузікі кіцеля, які  вісеў на плечыках на цвічку, бо шафы ў пакоі не было. Падумаў пра Паліну, можа, яна сёння прыедзе . І адчуў незвычайны прыліў сіл. Нейкае першароднае жаданне жыць, насуперак Чарнобылю. Распаду партыі, раздраю зканамічнаму. І ягоны жыццёвы вузел падаўся не такім ужо заблытаным, а становішча зусім не безнадзейным.