Але ў той дзень сустрэча з Палінай не адбылася. Затое нечакана ў лясніцтва прыляскатаў на веласіпедзе зямляк Іван Сырадоеў. Жыў ён цяпер у Белай Гары. Перасяліўся туды адразу пасля Чарнобыля, бо і працаваў тады старшынёй сельсавета. Гады тры займаў гэтае крэсла і пасля пенсіі. Сахута якраз спусціўся з ганку — наважыўся ісці на пілараму, паглядзець, што там робіцца. Сырадоеў кінуўся да яго з абдымкамі.
— Скажу папраўдзе, Андрй Мацвеевіч, калі пачуў… Ну, што вы сюды вярнуліся, не паверыў сваім вушам. А цяпер во бачу вас на свае вочы. Хворма вам да твару, Мацвеевіч. Некалі ў мяне была падобная. Фінагентаўская. Толькі троху цямнейшая. А вы молада выглядпеце, Мацвеевіч. Яшчэ жыць ды жыць.
— Памятаю вас, Іван Ягоравіч, у форменным шынялі. Зіма. Сумёты цераз дарогу. А вы ў шынялі і гумовіках. З вайсковаю сумкаю…
— Было такое,— скупа ўсміхнуўся Сырадоеў, быццам саромеўся паказаць жаўтлявыя рэдкія, з'едзеныя за немалы ўжо век зубы. — А я помню цябе малым. На каньках. Я ж прывёз тыя каькі ажно з Нямеччыны.
— За канькі, дзядзька Іван, я вам заўсёды ўдзячны. Такіх ніўкога не было. Памятаю, Бесядзь зімой разлілася. А потым замерзла. Ад вёскі да лесу лёд блішчыць, як люстэрка. Ох, і палётаў я тады на каньках!
Згадкі згадкамі, але ж не дзеля гэтага прыкаціў зямляк.
— Які ў вас клопат, Іван Ягоравіч? — спытаў Сахута.
— Д ы хочу выпісаць тапорніку. Вы ж бярэзнік прарзджваеце?
— От, не ведаю, ці ёсць гатовы. Памочнік займаецца гэтым. Скажу, каб вырашыў вашу праьлему.
— Пачакайце, Мацвеевіч, ёсць размова. Можа, прысядзем? Баляць ногі, хай іх воўк. Яно й не дзіва. Столькі выхадзіў за сваю жысць.
Сырадоеў падышоў да лавачкі ля штыкетніка, прыгнуўся, крысом птнжака выцер яе з разлікам і для сябе, і месца для суразмоўніка.
Пярэчыць не выпадала, Андрэй сеў побач госця.
— Калі няма гатовага тапорніка, не бяды. Дайце дзялянку. Я з жонкай высеку. Толькі каб далей, можа, пад Белы Камень. Тут жа кругом радыяцыя. Адсюль дровы ніхто не бярэць. А то ў хаце будзець свой рэактар. Во. дажыліся! Праўда. жыўнасці ўсякай паболела. Ласі ходзяць статкамі. Днямі Косцік Варонін быў у лесес. Дык сямейка ласёў прама на яго выйшла. Лось, ласіха і цялё. Ды вялікае ўжо. Здаравенны рагач зямлю капытом пачаў драць. Косцік за дрэвы схаваўся. Ледзь паспеў. А то лось падняў бы на рогі. Еткі здаравіла! — Іван трохі перадыхнуў. Зірнуў на суразмоўніка, нібы прыкідваў, ці гатовы той выслухаць яго іншую просьбу.
— У мяне ж юбілей на носе. Шэсцьдзесят гадкоў пратопаў ужо. Дзесяць гадоў таму адзаначалі пяцёрачны юбілей. Весела было. Вы, здаецца, тады не змаглі прыехаць. А Пятро Махавікоў з жонкаю быў. І Даўгалёў, Шандабыла ўважылі мяне. Тады была іншая жысць. Хто мог падумаць, што партыя рассыплецца? Саюз во гатовы разваліцца.
Андрэй не меў часу на доўгую размову. І зусім не збіраўся пачынаць дыспут на палітычную тэму. Ён зірнуў на гадзіннік, даючы зразумець госцю, што клопату ў яго хапае, а часу бракуе.
— Я разумею, Мацвеевіч. Спраў у вас багата. Хочу запытацца. Паляванне ж скора на капытных адкрываецца. Як бы ліцэнзію на лася займець? Колькі яна цяперыцька каштуе?
— Мне трэба пацікавіцца Я ж тут нядаўна. Разведаю. Праз тыдзень пад'едзьце. Будзе ясная сітуацыя.
— Добранька, Мацвеевіч. Дык, можа, скажаце памочніку. Ну, пра еты самы тапорнік.
Андрэй папрасіў памочніка памагчы земляку, а сам пакіраваў на пілараму. Там ён доўга не затрымаўся, хлопцы пілавалі дошкі, пытанняў да яго не было, ляснічы вярнуўся ў кабінет: з галавы не выходзіла думка — можа прыехаць Паліна, пажадана быць на месцы.
Чакаць Андрэю давялося доўга, прыехала даўняя знаёмка напрыканцы наступнага дня. Пачуўся гул матора і чамусьці адразу падумалася: гэта яна.
Унутраны голас быццам казаў яму: ідзі, сустракай. Але нешта стрымлівала Андрэя, і хоць ногі гатовы былі бегчы, ён сядзеў і чакаў. І сам з сябе дзівіўся: як устрапянулася сэрца. Я, стары партакрат, аказваеца, яшчэ магу хвалявацца, маё сэрца яшчэ не акамянела, мільганула ў затуманенай галаве.
Неўзабаве з першага пакоя, дзе стаяў стол бухгалтара Аляксея — ён жа быў і касірам,— данёсся жаночы голас:
— Дзе можна знайсці ляснічага?
— Як дзе? Ён у сваім кабінеце, — прагугнявіў Аляксей.
Пачуўся кароткі стук у дзверы і на парозе стаяла Яна — у чырвонай кофце, з-пад якой віднелася чорная блузка. На галаве цёмная хустка. Твар усхваляваны, з прыкметнай чырванню. Адно цёмна-карыя вочы пазіралі на свет з годнасцю, сур'ёзна і спакойна.
Андрэй выйшаў з-за стала насустрач, Паліна падала шыракаватую прыгожую далонь з кароткімі блішчастымі пазногцямі.