— Пойдзем. А то мне захочацца вас яшчэ пацалаваць.А хлопцы мо шукаюць нас. А ў Мінск паляціць ананімка вашай жонцы. Атрымаеце вымову.
— Вымовы не баюся. Гэта ж раней вымова , ды яшчэ з занясеннем…Ну. суровая партыйная вымова магла зламаць чалавеку ўсё жыццё. І кар'еру. І здароўе. Можа, і добра, што цяпер гэтага няма. На днях буду ў раёне. Пазваню.
— Буду чакаць. Ці можна ўзяць пару антонавак на ўспамін?
Андрэй сарваў два вялікія. васкова-жоўтыя важкія яблыкі і падаў Паліне.
Ідучы назад, ён міжволі стараўся, каб дыстанцыя паміж імі не была маленькай, бо ў Мінск і праўда можа паляцець кляўза.
Сустрэча ўзрушыла Сахуту. Сваю ўзрушанасць ён стараўся не паказаць ні Віктар. ні тым больш Аляксею-стукачу. Некалькі дзён увушшу нібы гучалі ейныя словы: “Пойдзем. А то мне захочацца яшчэ пацалаваць…” Але жыццё неўзабаве прымусіла ўзгадаць яе іншую фразу.
Неяк уранні настойліва, трывожна зазваніў тэлефон. Андрэй зняў трубку, пачуў незнаёмы басавіты голас:
— Андрэй Мацвеевіч? Добрай раніцы! Гэта пракурор гаворыць. Асабіста мы незнаёмыя, але трэба абмеркаваць адну справу. Лясніцтва ваша далёка ад райцэнтра. Вырашылі не выклікаць...
Андрэй адразу насцярожыўся: размова з пракурорам, пэўна, не для чужых вушэй:
— Прашу прабачэння, адну хвілінку, — выйшаў у першы пакой, сказаў Аляксею: “Паклічце, калі ласка, брыгадзіра з піларамы”. — “Там яшчэ нікога няма”. — “Схадзіце, дык будзем ведаць дакладна. Каб потым спытаць за спазненне”. Аляксей неахвотна пасунуўся за парог. Сахута кінуўся да тэлефона:
— Слухаю вас уважліва...
— На тэрыторыі вашага лясніцтва на днях затрымалі браканьераў. Лася завалілі. Здзіралі скуру, калі іх накрыла інспекцыя. Склалі акт. Наш следчы займаўся гэтай справай. Браканьераў вы ведаеце. Усе трое родам з Хатынічаў. Іван Сырадоеў, былы старшыня сельсавета, конюх Сямён Чукіла, загадваў магазінам у Хатынічах, і брыгадзір Канстанцін Варонін, таксама ваш аднавясковец. Ведаеце іх?
— Ведаю, але даўно не бачыў.
— Як не бачылі? Яны кажуць, што пыталіся ў вас дазволу...
— Гэта хлусня. У лясніцтва прыязджаў Сырадоеў выпісаць дроў. Між іншым спытаўся, ці можна купіць ліцэнзію на лася. Я адказаў, што паляўнічы сезон на капытных яшчэ не адкрыты. І што я не ў курсе, ці маем мы права прадаваць ліцэнзіі, што мне трэба разабрацца... Які можа быць дазвол?!
— Карацей, справу перадаём у суд. Я пастараўся, каб ваша прозвішча не фігуравала. Чалавек вы новы. Мы ўсё ўлічылі. Гэта вам інфармацыя для роздуму.
Пракурор развітаўся. Андрэй асцярожна паклаў трубку, зірнуў у суседні пакой — бухгалтара на месцы не было. Уздыхнуў з палёгкаю: гэты віж не падслухаў. Адчуў, як у скронях пульсуе кроў. Ён сумна пазіраў на аголеныя дрэвы старога саду, на шэрае нізкае неба. Адразу няўтульна зрабілася ў кабінеце-катуху, маркотна і скрушна на душы. Міжволі мільганула думка, што праўду казала Паліна: адсюль можна трапіць не толькі на павышэнне, але і ў турму, бо могуць падвесці пад дурнога хату.
З лістапада. Архангельск. Тут будзе пабудаваны завод па вытворчасці аднаразавых шпрыцоў. Заключаны кантракт з іспанскай фірмай “Фаберсанітас”.
4 літапада. Гомель. Вучоныя Беларускага інстытута лясной гаспадаркі рэкамендуюць садзіць лес у радыяцыйный зоне з лапамогаю верталёта.
9 лістапада. Масква. Больш за 10 тысяч камуністаў прыйшлі на Красную плошчу, каб адзначыць 74-ю гадавіну Кастрычніцккай рэвалюцыі. Прамоўцы крытыкавалі кіраўніцтва краіны, называлі яго “здраднцікай клікай Гарбачова-Ельцына”.
11 лістапада. Нью-Йорк. Газета“Нью-Йорк таймс” паведамляе, што афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне. Токіо і Сеуле ўстрывожаны сведчаннямі таго, што Паўночная Карэя бліжэй да авалодання ядзернай зброяй. чым лічылася раней.
Х
Адгарэла восень залаціста-чырвонымі барвамі. Абляцела жоўта-бурае лісце асін, бяроз і клёнаў. Яшчэ ніжэй схілілася і пабурэла трава прыбяседскай поймы каля Хатынічаў — звону касы яна так і не дачакалася. Вільготны, пругкі норд-вест прынёс свінцова-шэрыя балтыйскія хмары. Некалькі дзён амаль без перадыху сыпаў дробны золкі дождж.
А потым, на пачатку лістапада, выбліснула зыркае сонца, ласкавае, але не гарачае, быццам позняе каханне. Сонца высвеціла ўсё наваколле: голую дуброву каля Бабінай гары, цёмна-зялёныя, густакосыя, бы нявесты перад шлюбам, елкі, пяшчотна-зялёныя непралазныя, купчастыя хвойнікі. У маладым хваёвым лесе любяць расці казлякі — іх там высыпае гэтулькі, што хоць касу закладай, але нічыя рука не збірала бліскуча-карычневыя, знізу жоўта-белыя, як сыр, грыбы: менавіта яны, казлякі-масляты, найбольш назапашваюць радыенукліды. Набіраліся гэтых клятых нуклідаў і іншыя дарункі лесу.