Юзя пыхкала куралём, падавала калі што трэ было. Яна ўжо зрабілася спрактыкаванай пчаляркай. Не баялася пчол, пасля укусаў цела не апухала, мядок любіла, а галоўнае — моцна пакахала пчаляра.
Апоўдні сонца нават пачало прыграваць, пчолы дружна сыпанулі на аблёт. Мамута слухаў вясёлы звон, і ягонае сэрца спявала: позні аблёт — радасць для пчаляра, бо нараджае надзею на шчаслівую зімоўку.
— Ета здараецца рэдка, каб у лістападзе пчолы выляталі на аблёт. Ачысцяцца, і лягчэй ім будзе зімаваць.
Мамута і Юзя ўжо канчалі сваю справу, калі па завулку пратарахцеў матацыкл і спыніўся ля іхняй хаты. У двары адчайна забрахаў сабака.
— Нехта да нас прыехаў. Пойдзем. Засталося толькі паставіць на лёткі металічныя рашоткі. Каб мышы не ўлезлі. Ета можна зрабіць і заўтра, — Пётр Еўдакімавіч зняў сетку, што захутвала твар, якую надзяваў па звычцы, бо пчолы яго джалілі рэдка.
Мамута прыжмурыў дальназоркія старэчыя вочы і здаля пазнаў свайго любімага вучня: ля коўратаў стаяў Андрэй Сахута.
— Прыехаў мой любімы вучань. Былы сакратар абкама партыі.
— Ого, вялікі начальнік! — здзівілася Юзя.— І без чорнай “Волгі”? Адкуль ён узяўся?
— Пайшлі сустракаць госця. Усё раскажа.
Пётр Еўдакімавіч ужо чуў ад Бравусава, што былы вучань працуе ў лясніцтве. Вельмі здзівіўся, што Сахута кінуў сталіцу, магчыма, гэта ненадоўга, каб перачакаць сучасны раздрай, а там, хто ведае, што будзе заўтра?
Андрэй Сахута ішоў насустрач па разоры, не баючыся нешта патаптаць, бо зямля ляжала голая, адно далей, на краі сядзібы, ярка зелянеў лапік руні. Настаўнік і вучань моцна абняліся. Юзі Сахута пацалаваў руку, кабета ажно расчырванелася, бо хоць і была некалі ў сталіцы, ейныя знаёмцы гэтага не рабілі.
Юзя бачыла Андрэя Сахуту ўпершыню, таму цішком пільна разглядала яго, быццам ёй конча трэ было запомніць усё надоўга. А яшчэ ёй хацелася ўявіць, як выглядаў гэты партыйны начальнік у сваім, пэўна, шыкоўным кабінеце. Юзя не была членам патыі, але ў прафсаюзных актывістках хадзіла шмат гадоў, таму на адкрытых патыйных сходах прысутнічала, зрэдку й выступала, але жывога сакратара абкама не бачыла ніколі. Аднойчы на справаздачную партыйную канферэнцыю да іх прыязджаў сакратар райкама партыі. Дырэктар фабрыкі вадзіў яго па цэхах. Паказваў, расказваў і згінаўся перпд ім, нібы пытальнік.
А яшчэ падумала Юзя, што ў сталіцы такога начальніка не бачыла, а ў глухой радыяцыйнай вёсцы сустрэла. Значыць, нешта вельмі перамянілася ў жыцці, калі былы партыйны дзяяч ездзіць на матацыкле ў кірзавых ботах. Юзя ўважліва агаледзела адзенне Сахуты: цёмны, далёка не новы плашч, тоўсты шэры світэр пад ім. Ведама, на матацыкле цяпер ехаць — дубарына, на лбе прыкмеціла чырвоны рубец — націснуў шлем. Яна зразумела, што трэба накрываць на стол, бо час ужо абедаць, дый госць паявіўся. Любімы вучань мужа, сімпатычны чалавек. І начальнік, хай сабе і былы. Для Юзі ляснічы таксама быў начальнікам, вельмі патрэбным чалавекам.
Пакуль мужчыны гаманілі на двары — Сахута не спяшаўся ў хату, Юзя збірала на стол. Былі і грыбы, а вось ці ставіць бульбяны суп з фасоляй, яна не ведала. Вырашыла спытаць, калі мужчыны вып’юць па чарцы. Салёныя гурочкі, грыбы, сала з цыбуляй — хіба гэта кепская закусь?
Гаспадар выставіў ядлаўцоўку. Сахута сказаў, што ён за рулём, піць яму нельга, хіба што для прычэлля. Юзя ўпершыню пачула гэтае слова ў Хатынічах ад старых жанчын.
— Маё пітво не пахне сівухай. Можна смела выпіць. Дакладней,палячыцца. .У зоне людзі не п’юць, лечацца, — гаспадар наліў чаркі да паловы — Юзі падабалася, што новы муж ніколі не налівае сабе поўную чарку, жартам часам кажа: люблю палову чаркі і палову падушкі, а калі буду куляць па поўнай чарцы, то і палова падушкі, а значыць, і жонка не спатрэбіцца.
Юзі карцела спытацца ў госця пра ягоную жонку.
— Андрэй Мацвевіч, ці можна ў вас запытацца? А ваша жонка не баіцца радыяцыі? Ці прыедзе сюды?
— Ну, яна яшчэ працуе, Два гады да пенсіі. А там будзе відацьПраўду кажучы, яна была супраць. Каб я сюды ехаў. Я меў магчымасць застацца ў сталіцы. Але пацягнула сюды.
— І я во кінула горад.Перацйягнуў Еўдакімавіч.
Юзя прамовіла гэтыя словы з цеплынёй у голасе, і Мамута дараваў ёй не зусім тактоўнае пытанне: ці баіцца жонка радыяцыі? Падтэкст быў яўны: я вось не спужалася, прыехала. Супакоіла настаўніка тое, што госць адказаў на нібыта нетактоўнае пытанне спакойна, без аніякай крыўды.
Андрэй зразумеў, што ягоны настаўнік знайшоў на старасці новае каханне. Што жыве ён з Юзяй дружна. Усё ў іх ёсць, што трэба для шчасця. Ён пахваліў агуркі, грыбы, не адмовіўсяі ад бульбы з фасоляй. Адно папрасіў наліць паўталеркі, бо сястра таксама пачне частаваць.