А потым быў суд. Сырадоеў і Сямён угаварылі Косцю ўзяць віну на сябе, абяцалі дапамагчы сплаціць штраф, кляліся, прасілі, малілі, колькі дзён паілі самагонам, каб Косця выручыў іх, каб не сароміць сябе на старасці, сваіх дзяцей не ганьбіць. Косця заявіў на судзе, што ён быў ініцыятарам палявання, што сам дуплетам застрэліў лася і ўсю віну бярэ на сябе. Прысуд быў такі: выплаціць тысячу чатырыста семдзесят рублёў штрафу за нанесеную шкоду лясной гаспадарцы. Грошы немалыя, бо зарабляў Косця каля сотні ў месяц. Прыкладна такую ж суму атрымліваў пенсіянер Іван Сырадоеў, яшчэ меншую пенсію меў Сямён. Нездарма кажуць людзі, што лёгка пазычаць грошы: бярэш чужыя і на нейкі час, аддаеш свае і назаўсёды. Лёгка было хаўруснікам-браканьерам абяцаць, даваць клятвы — абяцанне рот не раздзярэ, а плаціць грошы ўсё роўна, як адрываць ад сэрца.
— Дзе ўзяць етыя грошы, халера іх ведае. Але неяк разбяромся, — закончыў свой аповед былы фінагент.
Андрэй Сахута выведаў усё, што яго цікавіла, і пачаў збірацца ў дарогу. Але Марына і Бравусаў узяліся дружна ўгаворваць, каб застаўся начаваць у іх.
— Ну, хто там цябе чакае? Будзеш сядзець адзін, як сыч. Мы даўно не бачыліся. Хоць пагаворым. Пераначуеш у нас. А раніцай паедзеш. Заставайся, — упрошвала Марына.
— Хвакцічаскі, Мацвеевіч, сястра твая разважае правільна. Заганяй свайго каня на двор. І яшчэ можам узяць па чарцы.
Расчырванелы Бравусаў абняў за плечы госця, дыхнуў яму ў твар перагарам. Андрэй вызваліўся з абдымкаў, але нярэзка, спакойна, каб не пакрыўдзіць новага сваяка. Марыніны вочы прасілі стрымацца, дараваць зяцю задужа навязлівую дружбу.
— Ну што, вы сабе як хочаце, а я паеду, — Іван Сырадоеў выйшаў з-за стала. — Ніякае ГАІ мяне не затрымае. Лісапета мая хуткасць не перавысіць. Пакуль даеду, дык і ацямнее.
— На дарожку, хвакцічаскі, палагаецца па чарцы. Ну, ета, як яе? Аглаблёвая! — Бравусаў спрытна наліў усім, на гэты раз і Андрэю аж цераз край.
— Ну, ты ўжо не разлівай. Заліў вочы і краёў не бачыш, — упікнула Марына.
— Ат, бывае. Не перажывай. Дзе п’юць, там і льюць. А мы, хвакцічаскі, не п’ём, а лечымся, — ухмыльнуўся Бравусаў.
Андрэй міжволі падумаў: у якім бы застоллі ні быў у зоне, заўсёды нехта прамаўляў гэтае выслоўе, яно лунала тут над кожным бяседным сталом і замяняла традыцыйнае: “Ну, будзем здаровы!”
Апошнім часам Андрэй Сахута адчуваў вялікую раздвоенасць у душы, у ім нібы жылі, спрачаліся штодня і бунтавалі два чалавекі. І пачалася гэтая раздвоенасць з ГКЧП: адзін чалавек быў катэгарычна супраць, а другі жадаў “гэкачэпістам” поспеху. Калі Гарошка запрасіў на працу ў сваю фірму, унутраны чалавек угаворваў: ідзі, не ўпірайся, трэба выжыць, лепшай прапановы можа не быць. А другі, той самы, якога ўсе ведалі, які насіў у кішэні партыйны білет, заўпарціўся, закусіў цуглі і не пайшоў.
Падобны ж раздрай у душы перажыў Сахута і перад паездкай на радзіму. Унутраны голас крычаў, маліў: што ты робіш? Усе ўцякаюць ад радыяцыі, кідаюць усё нажытае, а ты лезеш туды, як у пельку, кідаеш жонку, дзяцей. Унутраны голас не даваў спакою ні ўдзень, ні ўночы, супакойваўся, аціхаў, калі гаспадар заліваў яго гарэлкай: лячыўся, як і ўсе ў зоне.
І на гэты раз унутраны голас не змаўчаў: куды ірвешся, куды ляціш назлом галавы? Пабудзь у бацькоўскай хаце, адвядзі душу, пагамані з роднай сястрой, яна ж у цябе засталася адна. І чарку выпі, не выпендрывайся, хоць выспішся, можа, па-людску.
Тры поўныя гранёныя стограмоўкі глуха клацнуліся бакамі. Чацвёртая, налітая напалову, асцярожна дакранулася да кожнай поўнай. Марына, былая медыцынская сястра, кульнула сваю няпоўную чарку першай, быццам пацвярджала мужавы словы: мы не п'ем, а лечамся.
Выпілі і мужчыны: былы фінансавы агент. Былы ўчастковы інспектар. Былы сакратар абкама партыі. Раз'юшаны мірны атам прыраўняў, прычасаў іх пад адну грабёнку, і ўсім рыхтаваў аднолькавую долю — каму раней, каму пазней.
У гэты момант ніхто з іх не думаў пра нейкія там нябачныя радыенукліды. Маўчаў і унутраны голас Андрэя. Затое сам гаспадар раздвоенай душы і ўнутранага голасу адчуў, як цёплая хваля пакацілася, разлілася па грудзях і адгукнулася хмельнай весялосцю і заспакоенасцю ў галаве. Варухнулася цёплая хваля ўдзячнасці Івану Сырадоеву за бліскучыя канькі-снягуры, якія ён, Андрэйка, мусіў прывязваць да бахілаў, бо сваімі клешнямі канькі маглі ўчэпіста трымацца адно за абцасы і падэшвы чаравікоў. А чаравікоў у малога Сахуты не было.
Захацелася абняць па-сяброўску зяця Бравусава, які пакінуў сваю хату ў “чыстай “ вёсцы і перабраўся да Марыны. І яна цяпер расквітнела, як цвіце вяргіня познім бабіным летам. Мільганула ў затуманенай галаве і гадка пра Паліну, яна таксама нагадала яму познюю вяргіню, якая расцвіла насуперак розным жыццёвым націскам і блізкай зіме. Андрэй думаў пра яе і ў душы выспявала надзея на радасць.