Выбрать главу

А яшчэ падумалася, што ў пасляваенныя гады Бравусаў, Сырадоеў і старшыня сельсавета Свідэрскі ўвасаблялі ў прыбяседскіх вёсках савецкую ўладу. Першым пайшоў з жыцця самы адданы змагар за гэтую ўладу Раман Свідэрскі. У той год, калі памёр Сталін, старшыні Белагорскага сельсавета пагражаў суд за рукапрыкладства і перавышэнне паўнамоцтваў. І ён, былы франтавік-ардэнаносец, бязлітасны вораг самагоншчыкаў, расплюшчаны жыццём  і сваёю уласнай жорсткасцю, нянавісцю вяскоўцаў — засек жонку сякераю, сам павесіўся з надзеяй,  што  савецкая  ўлада не пакіне  шасцёра ягоных дзяцей — круглых сірот.

Тое жахлівае здарэнне, а потым пахаванне ясным красавіцкім днём Свідэрскага і ягонай ахвяры назаўсёды запала ў душу сяміклсніка-выдатніка Андрэйкі Сахуты. Жоўты пясок свежых магілак, жоўтыя твары нябожчыкаў у ласкавым святле вясновага сонца, маўклівыя, змрочныя  мужчыны. Заплаканыя чырвоныя вочы жанок. І вясёлы  птушыны  грай на кладзішчы:  галкі ды гракі будавалі гнёзды. Займаліся любоўю і гарлапанілі на ўсю моц.  Птушкі славілі вясну. Яны славілі жыццё!

Той далёкі дзень прыгадаўся Сахуту і зараз. Але ён адагнаў прэч жахлівы ўспамін. Разам з Бравусавым закацілі матацыкл на двор. Потым яшчэ доўга сядзелі за сталом. Пілі мала, гаманілі пра жыццё-быццё, а найболшь — пра палітыку. Марына ўбачыла, што братавы  вочы ўжо зліпаюцца, ён ледзь стрымлівае пазяханне,  рашуча супыніла свайго гутарлівага мужа:

— Валодзя, дос табе балбатаць. Чалавек з дарогі. Андрэй, ложак падрыхтаваны. Можаш класціся.

— Так. Марынка. Хвакцічаскі, пара ўжо набакавую, — шырока, смачна пазяхнуў Бравусаў.

…У гэты час збіраліся ўкладвацца спаць у адзінай, але не самотнай хаце, якая стаяла ў завулку ля канчанскага ручая. Пётра Мамута быў задаволены, што ўдалося выхапіць у прыроды ціхі пагодлівы дзянёк і ўцяпліць пчол — самая неадкладная і самая далікатная работа: ад яе залежыць зімоўка крылатых сябровак, дзесьці схібіш увосень,  потым ужо нічым не дапаможаш.Таму настрой у пчаляра быў прыўзняты, лагодны. Паспрыяла гэтаму і сустрэча з любімым вучнем. Вяртанне Андрэя Сахуты ў родныя мясціны са сталіцы змушала Пятра Еўдакімавіча весялей глядзець на сваё жыццё ў зоне.

Асабліва ж узрадавала знаёмства са сталічным госцем Юзю. Гэта ж трэба! Высокі партыйны начальнік вярнуўся сюды, у зону, яго прывабіў бацькоўскі кут, а яе, Юзю, паклікала  ў Хатынічы даўняе, тады грэшнае, каханне, а цяпер любоў да законнага мужа. Пётр і Юзя быццам імкнуліся некаму даказаць — а найперш самім сабе, што можна жыць і ў зоне да пятнаццаці кюры. І не існаваць ці выжываць, а жыць паўнакроўна, займацца любоўю, ды так, яе не ўмелі ў маладосці. Бо нічога і нікога не баяліся, прыйшло ўмельмтва і не пакінула моц, не знікла маладое жаданне. Юзя  ў  салодкім  палоне раней невядомага ёй аргазму смела стагнала і крычала на ўсю хату. Ніхто з суседзяў не мог падслухаць, учуць і пазайздросціць іхняму шчасцю. Іхняй радасці ў радыяцыйнай зоне.

ХІ

З гадамі Пятра Махавікова ўсё мацней здзіўляла хуткаплыннасць часу. Яму нават здавалася, што з кожным днём час набірае разгон, паскарае свой бег. У маленстве, ды  і ў  маладосці, гэткія вялікія дні, цягнуцца як год. І так багата было іх у будучыні. Цэлае жыццё, поўнае надзей і спадзяванняў, чакала наперадзе. А цяпер ўсё часцей Пятро азіраўся назад, і было адно жаданне — дацягнуць да пенсіі. Аб тым, што перайшоў у выдавецтва, пакуль  ні разу не пашкадаваў. Чытаць даводзілася шмат. Дырэктар Клімчук супакойваў: потым будзеш чытаць меней, гэта абкатка, каб засвоіць сутнасць выдавецкай справы, пазнаёмішся з рэдактарамі, зразумееш, хто як рэдагуе рукапісы, каму і наколькі можна давяраць, каго трэба болей правяраць. Зрэшты,  любая новая справа не адразу раскрывае свае сакрэты і таямніцы. Шэф не прыспешваў, даваў магчымасць спакойна ўрасці ў калектыў. Суцяшала, што заробак тут куды больш важкі, чымся на тэлебачанні, а тузаніны меней. Ева, падлічыўшы аванс і канчатковы  разлік за месяц,  узрадавалася  болей за Пятра.

— Ну, Пецечка, добра, што ты адважыўся... І я не адгаворвала. Хоць прызнацца, у душы пабойвалася. Такі скрутны, ненадзейны наш час. І такая вакол дарагоўля! Ну, але, можа, як-небудзь перажывём усё.

— Перажывём, мая любая, — абдымаў Пятро сваю сапраўды любую жонку. — Дачакаліся ўнукаў. Цяпер задача — дачакацца праўнукаў.