Выбрать главу

А яшчэ Анатоль Раковіч любіў познюю восень і пачатак зімы таму, што гэта быў кароткі перыяд адноснага зацішша. Вышэйшае начальства меней скубла,  адпаведна і ён меней шпыняў падначаленых, бо фронт работ — так любіла гаварыць вышэйшае кіраўніцтва — звужаўся. Народ жыў у чаканні Новага года і Калядаў, каб разгавецца напоўніцу, хоць   і  раней  не  дужа пасціўся.

Але гэтая восень для Анатоля Раковіча мела і сваю адметнасць: ён адчуў сябе паўнапраўным і адзіным гаспадаром раёна. Вядома, у яго хапала ўлады, калі сядзеў у крэсле першага сакратара, але не мог не разумець, што абраны ён кучкай партыйных функцыянераў, і выбраны без выбару. Звычайна прадстаўнік абкама гаварыў: “Есть мнение избрать товарища…” І гэтае “мнение” ўсё вырашала, бо іншых не было. А старшыню райвыканкама выбіралі дэпутаты, як бы там ні было, абраннікі народа. І таму Раковіч, як і ўсе ягоныя калегі — партыйныя лідэры, дзяліўся часткай улады са старшынёй райвыканкама, асабліва ў гаспадарчых справах, затое падбор і расстаноўка кадраў — гэта была вотчына райкама.

Цяпер жа Раковіч зноў вярнуўся ў кабінет старшыні выканкама — кіраўніка савецкай улады і адчуў, што дзяліць уладу няма з кім. Раней былі тры сакратары райкама партыі. Аўтарытэтныя, вядомыя, важныя — без фігі не да носа, — а цяпер ён адзін. За ўсё адказвае ён, Анатоль Раковіч, народ даверыў яму вяршыць суд і справядлівасць, караць і мілаваць. І ніхто не паскардзіцца ні ў абкам, ні ў Цэнтральны камітэт.

Была і яшчэ адна асаблівасць ягонага становішча. Ён вырас і ўзгадаваўся ў гэтым раёне. А гэта мела і свае плюсы,  і мінусы. Галоўны плюс: ён ведаў людзей, усе вёскі, дзе якая зямля. А мінусам было тое, што ён знаходзіўся быццам пад штодзённым рэнтгенам: яго і ягоных бацькоў ведалі ў раёне, сачылі, хто калі з ягоных сваякоў ці аднавяскоўцаў завітаў у кабінет земляка-начальніка, чаго прасіў і што яму ўдалося выпрасіць. Тут Анатолю заўсёды дапамагаў сваімі парадамі бацька: ён прайшоў і мясцовыя, і раённыя калідоры ўлады, чалавек бывалы — з сямі печаў хлеб еў. Пасля вайны быў старшынёй сельсавета, потым намеснікам старшыні райвыканкама, у часы Хрушчова адчуў, што яго могуць турнуць з пасады,  бо  дыплома  не меў,  апярэдзіў начальства і сам  папрасіўся ў родны калгас, падняў  гаспадарку  на  ногі,  вывеў у пяцёрку лепшых.

Калі сына абралі першым сакратаром райкама  партыі, Мікалай Раковіч радаваўся болей за ўсіх, нават болей за самога новаспечанага партыйнага важака. Пасля Чарнобыля стары Раковіч устрывожыўся, але не так за сына, як за малых унукаў. Ён добра памятаў анекдот, які некалі расказаў Даўгалёў пасля бюро райкама. Прыйшла да парторга жонка партыйца, расплакалася: муж яе крыўдзіць, не спіць з ёй, відаць, займеў палюбоўніцу. Парторг выклікае свайго камуніста: “Ты чаму жонку крыўдзіш? Не спіш з ёй? Палюбоўніцу завёў. Пазорыш званне камуніста”. Мужчына яшчэ не стары, гадоў на паўсотню, кажа: “Я не магу з ёй спаць. Я імпатэнт”. — “Ты перш-наперш камуніст. А потым ужо імпатэнт. Каб жонка болей не скардзілася”.

Тады мужыкі-партыйцы дружна рагаталі, бо самі маглі любіць жанок, маглі рабіць сваю мужчынскую справу, маглі жыць і радавацца. Дык вось,  стары Раковіч не столькі за здароўе сына перажываў,  той загартаваны, абкатаны, чарку-другую шандарахне, і ўранні, свежы, як “агурчык”. Шчымела сэрца старога Раковіча за ўнукаў. Калі выбухнуў Чарнобыль, старэйшаму Максімку споўнілася сем гадоў, малодшаму Міколку, якога назвалі ў гонар дзеда, — пяць гадкоў. Вось  іхняе  здароўе і клапаціла  Мікалая Раковіча. Штолета, а таксама на зімовыя канікулы,  ён забіраў унукаў да сябе, у Бяседавічы, якія лічыліся чыстымі ад радыяцыі, забяспечваў сынаву сям’ю малаком, усялякай гароднінай. Франтавік Мікалай Раковіч, тройчы паранены, кантужаны,  які ўжо  амаль  паўвека  пражыў з прабітым  плячом,  як  птушка  з параненым  крылом,  хацеў дачакацца  праўнукаў.

Стары Раковіч балюча перажываў падзеі ў Маскве падчас ГКЧП, забарону КПСС, разумеў, што гэтым не скончыцца. Што наперадзе чакае іншая бяда. Ён адчуваў, што магутная звышдзяржава — Савецкі Саюз ужо дыхае, як загнаны конь перад скананнем. Раковіч парадаваўся, што сын не аупсціўся на дно, як многія партыйныя работнікі,  некаторыя і на той свет пайшлі, а сеў надзейна ў крэсла кіраўніка савецкай улады, застаўся першым чалавекам у раёне. Вунь Андрэй Сахута, які высокі быў начальнік, а ў Мінску не знайшоў працы, мусіў вярнуцца ляснічым у радыяцыйную зону. Сахуту ён памятаў з таго незабыўнага вечара, калі ў Бяседавічах  адкрывалі  новы клуб. Тады Раковіч  увесь вечар скакаў нараўне з маладымі, а то й лепш за іх, бо ў танцы пады-спань ён круціў сваю партнёрку так па-заліхвацку, як не умеў ніхто з маладых.