Выбрать главу

Клопату Анатоль Раковіч пазбыўся, але думкі пра Акапяна не пакідалі яго і на другі дзень, і на трэці. Спярша ўздыхнуў з палёгкаю: не давядзецца быць на пахаванні, не прыедзе Мікалай Шандабыла, а ягоны прыезд заўсёды канчаўся моцнай п’янкай. Абласны чарнобыльскі начальнік любіў гаварыць: аптымізм, добры настрой і добрая чарка перамогуць радыяцыю. Вось чым гэта скончылася для Георгія Акапяна. Мабыць, генетычна ягонае нутро было запраграмавана на вінаграднае віно, а не на саракаградусны напой. Ды Акапян і спіртам не грэбаваў: моцным пітвом ён здымаў стрэс і расшчапляў радыенукліды. Апошнім часам, да ягонай хваробы, Акапян і Раковіч сустракаліся амаль штодня. Будоўля завода, бясконцыя праблемы моцна зблізілі іх, не раз напрыканцы дня здымалі разам стрэс.

І вось Акапяна ўжо няма. Ніякі стрэс, ніякія клопаты для яго не існуюць, бо няма яго самога. Халоднае цела, спакутаванае ад цяжкой хваробы,  маральных пакутаў знайшло вечны супакой у беларускай зямлі, якую некалі вызваляў ад немцаў, а потым адраджаў спаленыя вёскі, здратаваныя танкамі палі, няўрымслівы,  апантаны Георгіеў бацька — Сяргей Хачатуравіч Акапян, партыйны лідэр раёна.

Гэта ж яму да пенсіі заставался сем гадоў. падумаў Раковіч. А мне да пенсіі, як да неба. Ажно трынаццаць гадоў. Няўжо дацягну? Бацька ж вунь жыве, хоць яму пераваліла за семдзесят. Вайну прайшоў, плячо перабітае. Але ж яшчэ хвост трымае пісталетам. Неяк пасля чаркі прызнаўся,  што яшчэ  і жонку не крыўдзіць, можа прылашчыць,  маўляў, вучыся, сынок, жыць напоўніцу,  каб  і  пасля  пенсіі  пораху хапала. А тут і зараз ужо няма цягі: то ціск падскочыць, аж патыліца разломваецца, то за грудзінаю сцісне — ні дыхнуць, ні выдыхнуць. Трэба мяняць лад жыцця. Болей хадзіць, а то ўсё на машыне. А мо паспрабаваць раніцой бегаць? Уранні цёмна, мала хто бачыць будзе. А калі  й  убачыць,  дык  хіба  гэта  кепска? Наадварот, добры прыклад падначаленым. І як мага меней піць. Калі зусім завязаць — начальства не зразумее, адразу спішуць у архіў: стаміўся — на ўзбочыну. Тут законы бязлітасныя і правілы гульні суровыя: не можаш цягнуць воз, саступі дарогу маладзейшаму. А цяпер гэтулькі маладых партыйных функцыянераў яшчэ не ўладкаваных,  прагных уздымацца па кар’ернай лесвіцы. Вось патрэбны новы дырэктар цэментнага завода. Вядома, шукаць кандыдатуру на вакантную пасаду — клопат міністэрства, але ж і з кіраўніцтвам раёна павінны параіцца абавязкова.

Зноў узгадаў Андрэя Сахуту. Вось гэтаму чалавеку давялося перажыць нямала. Гупнуўся  з высокай пасады  і апынуўся  ў радыяцыйнай зоне шараговым ляснічым, без сям'і, без кватэры з ваннай і цёплым клазетам — тут усе выгоды  за  вуглом  на вуліцы, — без персанальнай “Волті”,  без  шыкоўнага кабінета з мноствам тэлефонаў і сакратаркай  у  прыёмнай… Добра, што павысім яго,  як  я  абяцаў, так  і будзе.  Кіраўніку любога рангу заўсёды прыемна, калі ўдаецца стрымаць сваё слова, тады гэты чалавек болей паважае сябе.

Думкі перапыніў тэлефон, пачуўся голас дырэктара лясгаса, той спытаўся, ці можна на аўдыенцыю.

— Добра. Пад’язджайце, — зірнуў на гадзіннік — пачалася шостая гадзіна.

З палёгкаю падумаў: рабочы дзень канчаецца, можна пасядзець, пагаманіць, абмеркаваць  вестку з Белавежскай пушчы, памянуць  Георгія Акапяна, а таксама памянуць былую вялікую краіну. Раковіч здзівіўся, што падумаў пра гэта — пра скананне Савецкага Саюза, — даволі спакойна, без эмоцый  і хвалявання,  нібы  гэта павінна  было  здарыцца. А жыццё  ідзе  сваім ходам. Былы сакратар абкама партыі пачынае новы кар’ерны рост , ён, Анатоль Раковіч, памятае Сахуту з таго далёкага вечара, калі выцягваў з лужыны заляпаны гразёю “газон” камсамольскага лідэра. Маладзенькі трактарыст Толік Раковіч тады глядзеў на першага сакратара райкама камсамола Сахуту як на вялікага і важнага начальніка, да якога  і  ягоны  бацька  ставіўся  з  павагай  і пашанай.

Раковіч падняўся, адчыніў сейф, нібы хацеў пераканацца, што пачатая пляшка каньяку стаіць на месца. Ён разумеў, што госці прыедуць не з пустымі рукамі, але раптам не здагадаюцца ці пасаромеюцца прыхапіць нешта з сабою, дык у яго ёсць “рэзевр галоўнага камандавання”. Папярэдзіў сакратарку, каб адразу прапусціла дырэктара лясгаса, згатавала каву на трох, і можа быць вольнаю. Сакратарка ўгодліва кіўнула і зноў схілілася над пішучай машынкай.

Дырэктар лясгаса Іосіф Капуцкі і новы галоўны ляснічы Андрэй Сахута ўвайшлі ў кабінет Раковіча. Абодва ў форменных кіцелях, расчырванелыя, падвяселеныя, дырэктар трымаў у руках важкі дыпламат. Раковіч зразумеў, што госці ўжо замачылі новую пасаду, але і да яго прыбылі не з пустымі рукамі. Ён асабліва пільна зірнуў на Сахуту:  што адчувае гэты  чалавек,  які пачаў узыходжанне з лясніцтва, дзе некалі працаваў пасля тэхнікума,  і праз трыццаць гадоў мусіў туды вярнуцца. А сёння ён падняўся на  прыступку вышэй, у пятліцы форменнага кіцеля заблішчэла новая, чацвёртая, зорачка.