Выбрать главу

Але твар новаспечанага галоўнага ляснічага не выказваў асаблівай радасці, вочы былі сур’ёзныя, нават стомленыя, хоць трохі і паблісквалі ад выпітай чаркі, ад неспадзяваных абдымкаў і пацалункаў, пра якія ведалі толькі Ён і Яна. “Умее трымацца былы партыйны ідэолаг, — падумаў Раковіч. — Абкатку прайшоў грунтоўную”. І раптам яго нібы апякло: Георгій Акапян і Андрэй Сахута — аднагодкі! Гэты выкараскваецца з ямы, куды спіхнулі абставіны жыцця, а той пайшоў у яму назаўсёды. Але як ні караскайся, усе там будзем, хто раней, хто пазней. Аднак лепей усё-ткі апынуцца там пазней. Раковіч адчуў, як зноў зашчымела сэрца.

— Ну што, Андрэй Мацвеевіч, віншую! Дай Божа дарасці вам да міністра. Прычым гэтак жа хутка.

— Дзякуй, Анатоль Мікалаевіч! Дзякуй за падтрымку. А наконт міністра... Позна. Мой цягнік ужо адляскатаў.

— Ну да намесніка ж рэальна! Чатыры зорачкі... Гэта вы, як генерал арміі, так?

— Цяпер і ў генерала арміі адна зорка. Вялікая, — удакладніў Іосіф Капуцкі.

— Ты хочаш сказць, як у цябе? — усміхнуўся Раковіч і тут жа згледзеў цень незадаволенасці ў вачах дырэктара лясгаса:  той спаў і бачыў сябе на вышэйшай пасадзе, а галоўнае — далей ад радыяцыі. — Ну што, мужыкі? Працоўны дзень канчаецца. Як у нас кажуць: ужо на стыкальні. Можна  і  па кроплі. У мяне ёсць каньяк.

— Анатоль Мікалаевіч. у нас і чарка,  і скварка…— усхапіўся Капуцкі. Але Раковіч  узняў доўгую прыгожую  далонь былога механізатара, а цяпер інтэлігента:

— Пачакай хвлінку.

Ён паклікаў сакратарку. Папрасіў згатаваць кавы.

— Вадзіцель пытаецца, калі яму пад'язджаць? — сказала яна.

— Праз гадзіну. Я пазваню. У нас тут сур'ёзная гутарка. — нібы апраўдваўся Раковіч перад сакратаркаю.

Неўзабаве на падносе пад бялюткаю сурвэткаю яна прынесла тры кубкі. Пузаты, прысадзісты чайнтчак. Цукарніцу і пачак пячэння.

— Ну вось цяпер можна пачынаць. Давайце тут уладкуемся. — гаспадар кабінета паказаў на прыстаўны столік.

Капуцкі выставіў дзве пляшкі “Посольской” гарэлкі,  якую раздабыць льга было адно па блату. Паклаў ладны брус сала,  паўкальца каўбасы і нават вялікі жоўта-зялёны лімон. Госці селі  па баках прыстаўнога століка. А гаспадар ў тарцы яго. Капуцкі наліў чаркі.

— Давайце  памянем нашага таварыша Георгія Акапяна. Хай яму будзе пухам зямля.

Узняліся  ўсе.  Моўчкі выпілі. Не чокаючыся.

— Я некалі слухаў ягонага бацьку. Ён прыязджаў у Хатынічы на сход. А сход быў незвычайны. — пачаў узгадваць Сахута. — Тады аб'ядноўваліся два калгасы. Народ сабралі ў садзе. Сяргей Хачатуравіч звычайна гаварыў: “Душа любезны, заві мяне Харытонавічам”. Ну, яго так і звалі. А словы : “ душа любезны”  ведаў увесь раён. Людзі паважалі яго. Чалавечны быў мужык. Сапраўдны партыйны лідэр. А сход той помніцца. Нібы тое было ўчора.

Раковіч слухаў уважліва. Бо згадаў, як пра аб'яднанне калгасаў апавядаў некалі бацька, тагачасны намеснік старшыні райвыканкама. Толік тады яшчэ не хадзіў у школу. Як ляціць час! Яму ўжо блізка паўсотня. Няма адзінай, маналітнай партыі камуністаў. Няма непарушнага Саюза. А што будзе далей? Жыццё насычана лёсавызначальнымі падзеямі. Яму карцела  пачуць думку  Сахуты пра падзеі апошніх дзён.

— Ёсць прапанова, — Капуцкі напоўніў чаркі, выпрастаўся, рослы, танклявы, вузкаплечы, даўгарукі.

— Ну, давай сваю прапанову. Але чаго ты падняўся. Ты ж не на сходзе, — падсміхнуў Раковіч.

— Звычка такая. Добра. тады сяду. Дык вось, хачу прапанаваць тост за Андрэя Мацвеевіча. Мне пашчсціла пазнаёміцц з гэтым чалавекам. Прызнаюся шчыра, мяне здзівіла ягонае  рашэнне пайсці ляснічым у зону. Гэта  — прыклад сапраўднай любові да лесу. Гэта жаданне служыць  яго Вялікасці лесу. Думаю, што на новай  пасадзе ён  прынясе шмат  карысці  нашай  агульнай справе.

— От, любіш ты, Іосіф Францавіч, шмат гаварыць. Лес маўклівы, а дырэктар лясгаса — гутарлівы, — усміхаўся Раковіч. — Чарка закіпіць у тваёй далоні. Пара б ужо  і  кульнуць…

— Усё, закругляюся. Жадаю вам, Андрэй Мацвеевіч, моцнага здароўя. Поспехаў на новай пасадзе. Каб вам добра працавалася і шчасліва жылося ў родным краі!

— Вялікі дзякуй. Буду старацца апраўдаць давер, — Андрэй мусіў зноў кульнуць поўную чарку.