Раковіч спытаўся, як успрыняла жонка гэтую вестку — пра новую пасаду. Андрэй сказаў, што яна яшчэ не ведае, тэлефанаваў з лясгаса, але яе не было дома.
— Вось тэлефон. Калі ласка, званіце. А мы перакурым.
Раковіч пакіраваў да дзярэй, за ім пасунуўся і Капуцкі.
Андрэй набраў нумар. У трубцы пачуўся глухаваты, стомлены жончын голас. Ці то ад выпітай чаркі аржанушкі-весяляшкі, ці то ад разумення, што ягонае ўзыходжанне ідзе паспяхова, ці то паўплывала адчуванне віны, а ён сёння неспадзявана правініўся, яму захацелася павітацца з жонкаю, як у маладыя гады:
— Дзень добры, мая радасць!
— Дзень добры! Я ўжо зачакалася. Даўно не званіў. Чую, у цябе добры настрой.
Жончын голас адразу пацяплеў, але ў ім чуліся трывога, як ён там, і задаальненне, што патэлефанаваў, жывы-здаровы, што яна для яго — па-ранейшаму радасць.
— З сённяшняга дня прызначаны галоўным ляснічым. Дык во, замачылі. Узялі па кроплі.
— Віншую, мой любы. Жадаю табе поспехаў і чакаю сустрэчы.
Такой ласкавай размовы ў іх не было даўно. Словы “мой любы” Андрэй не чуў ад жонкі ўжо некалькі гадоў. Дый ён апошнім часам рэдка гаварыў жонцы ласкавыя словы. А як страціў высокую пасаду і стаў беспрацоўным іхнія адносіны з кожным днём ускладняліся, нацягваліся, нібы струна. Вядома, ён не забыў, як даймала жонка: чаму сядзіш? Чаму не шукаеш работу? Але сёння інстынктыўна сказаў: “мая радасць...”, дадаў усяго тры літары да жончынага імя, бо ў пашпарце яна — Рада.
Андрэй Сахута быў вельмі задаволены размовай з жонкай. Але сказаў ёй не ўсю праўду. Калі яна спыталася, дзе ён будзе жыць, адказаў, што пакуль спыніўся ў аднавяскоўца, інжынера-сувязіста, што на выхадныя прыедзе і ўсё раскажа. Так, аднавясковец, інжынер-сувязіст, сапраўды жыве ў райцэнтры, але спыніўся Андрэй не ў яго. Гаспадыня кватэры — сімпатычная ўдава, якая ведае Андрэя з часоў камсамольскага юнацтва. І сёння ён з ёю горача цалаваўся...
Рада таксама была задаволена размоваю. У яе душы, як трава праз асфальт, пачала прабівацца надзея, што з новай пасады Андрэй зможа вярнуцца ў Мінск, і яны зноў будуць жыць разам. Службовы раман, які пачаўся ў яе з калегам-фінансістам ад самотнасці і нават ад жадання адпомсціць мужу, што не паслухаўся яе, кінуўся, бы ў вір, у радыяцыйную зону, яна гатовы скончыць у любы момант. Гэты “раман” пераканаў яе, што Андрэй куды лепшы, і што яна не аддасць яго нікому і гатова ехаць за ім нават у радыяцыйную зону. З ім пражыта амаль цэлае жыццё, выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў.
Не маглі ведаць тады муж і жонка Сахуты, якія выпрабаванні чакаюць іхні сямейны човен на вірлівай плыні жыццёвага мора.
ХІІІ
Пасля няўдалага палявання жыццё Косці Вароніна пайшло пад адхон, нібы снег са страхі вясною — шусь і аб’ехаў долу. А яму сёлета споўнілася ўсяго толькі пяцьдзесят гадоў. Залаты юбілей. Жыць бы яшчэ ды жыць. Але з усіх бакоў сыпаліся непрыемнасці, як з сеялкі сыплецца зерне ў свежую раллю. Дык зерне давала ўсходы, поле каласавала, красавала, дыхала цёплым водарам хлеба, радавала вока. Давала чалавеку жыццёвую сілу.
Косця ж, наадварот, з кожным днём усё мацней адчуваў, як стома завалодвае ім, злосць на людзей, на суседзяў, на жонку, і асабліва на хаўруснікаў па няўдалым паляванні перапаўняла ягоную душу. Хаўруснікі-браканьеры — Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла, — угаварылі яго ўзяць усю віну на сябе, маўляў, менавіта твой дуплет зваліў лася. Сырадоеў параніў, а можа, і не трапіў зусім, бо лось бег далей. Сямён не страляў зусім. Хаўруснікі кляліся сплаціць штраф: на трох раскінем гэтыя няпоўныя паўтары тысячы, яны — па пяцьсот, а табе — астатнія чатырыста семдзесят рублёў. Косця слова стрымаў: заявіў на судзе, што ён адзін застрэліў лася, што ўгаварыў Івана Сырадоева і Сямёна Чукілу паехаць на паляванне, што яны — старыя, нямоглыя пенсіянеры. А цяпер яны адмаўляюцца плаціць грошы: маўляў, табе прысудзілі, ты і выкручвайся, карову прадай, гарэлку меней пі... Адным словам, як хочаш і чым хочаш расплачвайся. А менавіта ж Іван Сырадоеў быў закапёршчыкам палявання: хацеў ласяціны да свайго юбілею.
Злосць, бездапаможнасць раз’ядалі Косцева сэрца. Нічога не хацелася рабіць, яшчэ мацней цягнула да гарэлкі — адно пасля чаркі ён засынаў. У сне часта плакаў, трызніў і скрыгатаў зубамі. Потым прачынаўся, соваўся па хаце, як здань. Аксення, жонка, сярдзіта бурчэла: “П’янтос няшчасны, дай хоць хвіліну спакою. Мне ўставаць рана. Каровы ісці даіць. А ты будзеш дрыхнуць”. Косця агрызаўся, ускідваў на плечы замызганую кухвайку, сунуўся на двор курыць. І ўсё думаў, думаў, разматваў клубок свайго нялёгкага і няпростага жыцця.