Выбрать главу

Бацьку Косця зусім не памятаў. Яму споўнілася два гады з нечым, калі бацька пацалаваў яго, соннага, — цёплы, расслаблены камячок, — праглынуў даўкі камяк, што застраў у горле, назаўсёды развітаўся з дачкою Нінай, ёй ужо было пяць гадкоў, тройчы пацалаваў жонку Просю і разам з немцамі падаўся на захад. Старшы паліцэйскі Сцяпан Варонін не мог чакаць літасці ад савецкай улады, бо аддана служыў фюрэру. Улетку сорак трэцяга партызаны паранілі яго, застрэлілі каня, той грымнуўся на беразе Бесядзі. Варонін кульнуўся з яго, пераплыўшы раку, схаваўся ў кустоўі.  Хутка ацямнела,  і  партызаны не знайшлі яго. Просю з дзецьмі гразіліся паставіць да сценкі і расстраляць. Асабліва лютаваў малады камандзір узвода Валодзька Бравусаў. Старэйшыя  партызаны  адгаварылі яго, пашкадавалі малых дзяцей.

Пра гэтае здарэнне Косця даведаўся  шмат пазней. А вось той дзень, калі да іх завіталі  старшыня сельсавета Свідэрскі, участковы Бравусаў і фінагент Сырадоеў, урэзаўся ў памяць на ўсё жыццё.

Маці ўзяла даёнку і пакіравала ў сенцы. Косцік здагадаўся, што яна пайшла даіць карову, і неўзабаве ён будзе піць цёплы і смачны сырадой. Раптам у акне мільганулі цені, на двары пачуліся галасы. Нінка і Косцік кінуліся да акна. Малы пазнаў дзядзьку Рамана Свідэрскага, які жыў недалёка ад іх, заўсёды хадзіў у жоўтым шынялі і чырвоных гумовых ботах. Другі мужчына быў у сіняй прыгожай фуражцы, на ягоных плячах блішчэлі жоўтыя пагоны. Трэці — у цёмна-зялёным шынялі з блішчастымі гузікамі. Мужчыны гучна гаварылі, размахвалі рукамі.

— Бяжым ратаваць мамку!

Нінка ўхапіла малога брата за руку і пацягнула за парог. На двары дзеці абступілі матку з абаіх бакоў. Косцік абхапіў яе за спадніцу, а маці прыхінула яго за плечукі.

— Калі выплаціш грошы на пазыку? Яшчэ раз пытаюся! — крычаў чалавек у жоўтым шынялі.

— Няма цяперыцька грошай. Сотню яек здала. Малака за дзвесце літраў ужо вынесла. Падрасце цялё — здам на мяса.

Пачуўшы пра любімага бычка,  якога здадуць на мяса, Косцік захныкаў. Маці ласкава пагладзіла ягоную галаву шурпатаю пяшчотнаю рукою.

— А воўну хто будзе здаваць? — насядаў, бы каршун, начальнік у жоўтым шынялі.

— Авечка здохла яшчэ ўвосень.

— Брэшаш! Авечу ты прырэзала. Аўчыну не здала.

— Няма ў мяне аўчыны. І воўны няма. Не расцець... Толькі ў адным месцы...

— Ах ты, сцерва паліцэйская! — ўзвіўся чалавек у жоўтым шынялі. — Самагонку гоніш. А яшчэ прыбядняешся, кулацкае адроддзе. Пайшлі за мной!

Праз нейкі час Косцік пачуў стрэлы з лазні. Неўзабаве мужчыны пайшлі, а матка плакала ўвесь вечар.

А назаўтра прыйшла цётка Галя, гаварыла пра нейкі акт, участковы павёз яго ў раён. І цётка,  і  матка плакалі ўдзвюх.

А праз нейкі час, адвячоркам, зноў прыехаў міліцыянер у прыгожай фуражцы. На гэты раз ён не крычаў, пагладзіў Косціка па галаве, даў цукерку яму і Нінцы. Матка яго частавал а,  гаварыла з ім ласкава. Косцік нічога не мог зразумець.

Міліцыянер заязджаў да іх усё часцей, Косцік прывык да яго і не баяўся. Ён усё чакаў, калі вернецца бацька. Матка казала яму і Нінцы, што бацьку забілі немцы. І дзе ён пахаваны, яна не ведае. Косцік чуў ад суседзяў, што некаторым паштарка прыносіла “пахаванкі”, а людзі потым вярталіся. Косцік чакаў бацьку. Раз магілка яго невядомая, значыць, жывы.

У школе хлапчукі не хацелі сябраваць з Косцікам, хоць ён стараўся добра вучыцца, нікога не крыўдзіў. Затое яго крыўдзілі часта. Ён тады кідаўся біцца і часта вяртаўся дамоў з разбітым носам. І ў піянеры Косціка не прынялі. У сёмым класе ўсе ўступілі ў камсамол, а Косціка не ўзялі. Ад крыўды хацелася плакаць, даўкі камяк засеў у горле,  калі адзін вяртаўся дамоў. Усе засталіся на сход. У левай кішэньцы, каля сэрца, заместа камсамольскага білета Косцік насіў маленькую фотакартку бацькі — у гімнасцёрцы з пагонамі, з густым чубам. І ў Косціка чуб гэткі ж густы, як у бацькі.

Маці расказала, што бацьку захапілі ў палон немцы, марылі голадам, прымушалі  ім  служыць. Каб не памерці з галадухі, бацька згадзіўся. І не толькі голад прымусіў. Ён не любіў савецкую ўладу, бо яна загубіла ягонага бацьку, Косцікавага дзеда Восіпа. Дзед быў працалюбівы, майстравіты, меў тройку коней,  пяць кароў.  Яго раскулачылі,  выслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.

Пасля школы Косця Варонін паступіў у вучылішча механізацыі. Там у яго ніхто не пытаўся пра бацьку, яго хвалілі за стараннасць, працавітасць. Вучылішча ён скончыў паспяхова. Вярнуўся дамоў, далі яму старэнькі гусенічны трактар “НАЦІ”. Ён перабраў яго, адрамантаваў, старшыня калгаса Макар Казакевіч вельмі хваліў Косціка.