А ягоныя лепшыя гады жыцця — гэта служба ў арміі. Добра апрануты, заўсёды накормлены. Усё своечасова. Служыў у танкавых войсках. Нампаліт спытаўся аднойчы, чаму ён не ўступаў у камсамол. Косця прыдумаў гісторыю: бацька быў партызанскім сувязным, каб здабываць звесткі, падтрымліваў сувязь з немцамі і паліцаямі. Партызаны з іншага атрада не разабраліся і расстралялі яго як здрадніка. І па вёсках пусцілі такую пагалоску. І Косцю ў камсамол не ўзялі... Ужо дзьмуў іншы вецер, панавала хрушчоўская адліга, яфрэйтара Косцю Вароніна прынялі ў камсамол, прысвоілі званне малодшага сяржанта. На вучэннях Косця лепей за ўсіх адстраляўся, камандзір палка даў яму дзесяць сутак водпуску.
Ніколі не забудзе Косця, як радавалася маці яго прыезду! Такой шчаслівай ён не бачыў яе за ўсё ранейшае жыццё. На танцах у клубе, калі аб’яўлялі “дамскі вальс”, дзяўчаты навыперадкі імчалі, каб запрасіць Косцю на танец. А ён танчыў толькі з Ксеняй. Жанчыны, што сядзелі на лаўках паўз сцены, як галкі, у чорных плюшаўках, любаваліся гэтай парай: абое высокія, зграбныя, светлавокія. Пасля арміі Косця вярнуўся дамоў, зноў сеў на трактар. Неўзабаве згулялі з Ксеняй вяселле. Жылі маладыя добра, калгас дапамог збудаваць звонкую пяцісценку са смаловых бёрнаў прыбяседскага лесу.
Асабліва радавалася Прося. Яна, удава, якую часта абзывалі “паліцэйскай шкурай”, падняла на ногі гэткіх відных, працавітых, паважаных у вёсцы дзяцей. Нінка выйшла замуж за Данілу Баханькова, які цяпер брыгадзірыў у Хатынічах. А яна — лепшая даярка. Нявестку Ксеню Прося палюбіла, як родную дачку, ганарылася, што Ксенін брат, Мікалай Арцёмавіч, галоўны аграном калгаса, вядомы чалавек у раёне. Адно засмучала Просю, што нявестка ніяк не падорыць ёй унука ці ўнучку.
Зачакалася дзяцей і маладая пара. Тое, што жонка не можа зацяжарыць, засмучала і Косцю. Была і яшчэ ў яго адна крыўда, глыбока затоеная ў душы. Да вяселля Ксеня не згаджалася з ім пераспаць: распішамся — тады ўсё будзе. Цяжка было трываць маладому здароваму хлопцу. І любоўю ён займаўся адно ў сне. Ён не ведаў, што гэта нармальная з’ява, якой медыкі далі свой тэрмін — палюцыя.
У ноч пасля вяселля ў іх усё адбылося. І хоць Косця быў хлопец нявопытны, падалося, што ягоная нявеста ўжо “нячэсная”. Тады ён нічога нікому не сказаў, а неяк пасля спрэчкі, калі пражылі ўжо тры гады, упікнуў Ксеню. Тая расплакалася, абазвала яго дурнем, які нічога ў жыцці не разумее Вядома ж, пра абдымкі з Вольчыным Пецькам у капе сена ля Бесядзі яна не прызналася. Мусіць, і Пецька не выдаў іхнюю таямніцу, бо ніхто ў вёсцы не мог сказаць пра Ксеню благога слова. Але Косця меў падазрэнне на Пецьку, бо ведаў, што некалі ён заляцаўся да Ксені. Але зараз у яго свая сям’я, растуць дачка і сын.
Ішлі гады. Дзяцей у Косці і Ксені так і не было. Хадора вадзіла дачку да шаптух, ездзіла Ксеня ў раённую бальніцу, у абласную, піла розныя таблеткі, усялякія зёлкі. Прымусіла праверыцца і Косцю: у яго ўсё было ў парадку. Маўчала звонкая новая хата, не чула яна дзіцячага смеху і плачу.
Як лепшага механізатара старшыня калгаса захацеў прызначыць Косцю брыгадзірам трактарнай брыгады. Але для такой пасады пажадана было мець у кішэні партыйны білет. Іван Сырадоеў, які тады загадваў фермай, напісаў Косцю рэкамендацыю, яшчэ дзве далі інжынер і ветэрынарны ўрач. І Косцю аднагалосна прынялі ў партыю. Пра бацьку ніхто не ўзгадаў, дый даўно тое было...
Цяпер, згадваючы той партыйны сход, Косця ажно калаціўся ад злосці і нянавісці да Сырадоева: камуніст, франтавік, аказаўся гэткай падлюкай... Прыгадаўся ён у форме фінагента. Як прыходзіў да іх, раскрываў скураную сумку, што целяпалася каля боку, і пачынаў: “Ты што сабе думаеш, Прося? Калі будзеш плаціць падаткі?”
А тады, калі прызначылі брыгадзірам, Косця адчуў сябе на кані. Вяскоўцы, старэйшыя за яго мужчыны, і асабліва кабеты, здаля віталіся з ім. Косця заўсёды быў акуратна апрануты, нават камбінезон на ім быў чысцейшы, чым у іншых, нават маладых хлопцаў. Завялася і капейчына ў кішэні. І Ксеня пачала болей зарабляць. Купілі тэлевізар, мэблевы гарнітур, а потым матацыкл з каляскаю. Гэта была даўняя Косцева мара: мець матацыкл— жонку на сядзенне ззаду, сына ці дачку ў каляску і гайда ў лес — у грыб ці ў ягады. І яны ездзілі, але ў калясцы сядзела цешча...
Ксеня даўно марыла прыдбаць шыкоўны дыван і павесіць у спальні на ўсю сцяну, каб і прыгожа было, і спаць цёпла. Дыван купілі, але хата заставалася халоднаю і маўкліваю.
У вёсцы бяздзетная сям’я пачувае сябе вельмі няўтульна, асабліва — жанчына: яна не мае права быць ні кумою, ні павітухаю, ні хроснай маткаю. Розныя шаптухі-знахаркі раілі Аксенні пасадзіць сваімі рукамі ў хаце фікус, насіць на шыі пялёсткі ружы ў маленькім мяшэчку, есці арэхі або слівы спарышы, давялося прасіць цяжарную жанчыну, каб тая цераз плот перадала кавалачак хлеба з рота ў рот... Усё Аксення рабіла, але дзяцей не было. З гадамі Косця ўсё больш пераконваўся, што няма ў іх дзяцей праз жончын грэх, але аднойчы ён пачуў іншае...