Неяк ён набраў у краме поўную сетку — хлеб, селядцы, цукеркі для жонкі, — і паўлітэрку ўзяў. Калі купляў, ля прылаўка тоўпіліся жанчыны, зайздросна пазіралі на яго. Косця выйшаў за дзверы, прыстоіў на ганку і пачуў голас Шкурдзюковай Палажкі:
— Усяго ў іх хапаець. І хлеба, і гарэлкі. А дзяцей Бог не даць. Праклялі людзі Сцяпана, Косцевага бацьку. Таму й род на ім скончыцца.
У Косці аж уваччу пацямнела, хацелася вярнуцца, узяць Палажку за каўнер: “Брэшаш! Бацька мой невінаваты...
Аднойчы пасля жніва Косця атрымаў цэлы жмут грошай. Вырашылі мужчыны замачыць дажынкі, бо працавалі, абліваліся потам па дванаццаць гадзін. Ураджай выдаўся неблагі, то і грошай механізатары зарабілі дабравата. Нуй разгавеліся... Прыйшоў Косця дамоў позна і на добрым падпітку. Аксення ўзялася ўшчуваць. Ён са злосцю выдыхнуў:
— А для каго грошы збіраць? Каму перадам? Дываны купляць, каб моль ела? На той свет нічога не возьмеш. На вечку труны багажніка няма, — ён прываліўся да стала, заікаючыся, цяжкім языком, гундосіў: — Каб жа быў сын ці дачушка... Я ж бы наруках насіў і дзіця, і цябе. Жыў бы, як чалавек. Ета ўсё праз твой грэх. Не дачакалася... Давалка дужа свярбела...
Аксення праз слёзы крыкнула:
— Гэта цябе праклялі за бацьку. Ён страляў і старых, і малых... Вось і праклялі людзі. А ты на мяне плявузгаеш. Нажлукціўся гарэлкі. Набраўся, як жаба гразі.
Косця не стрываў і з кулакамі кінуўся на жонку. Яна баранілася і да крыві паабдзірала яму рукі. Гэта яшчэ болей раззлавала Косцю і ён моцна пабіў Ксеню. Назаўтра ейны твар быў у сіняках.
— Ідзі даіць кароў. Яны, як і я, ні ў чым не вінаватыя, — прастагнала Ксеня.
І Косця, як пабіты сабака, пацягнуўся на ферму... Даяркі, вядома ж, прыкмецілі чырвоныя пісягі на Косцевых руках:
— Што й та за кошка ў цябе такая? Мабыць, сіямская? Кажуць, яна дужа лютая... — з’едліва пасміхаліся жанчыны.
Косця агрызаўся, як зацкаваны воўк. Галава была цяжкая, падрапаныя рукі смылелі, не слухаліся яго. Даіць кароў ён умеў, некалі маці моцна прастудзілася, захварэла на запаленне лёгкіх, адвезлі яе ў бальніцу, то ён з Нінкай гаспадарыў. Тады і карову даіць навучыўся. Здаралася, і Ксені пасабляў на ферме.
На дварэ стаяў верасень, малака рагулі давалі небагата. Даяркі, падаіўшы сваіх кароў, дапамагалі і Косцю. Выйшаў ён з фермы, калі толькі пачало віднець. У роце ўсё перасохла, язык нібы распух. Дамоў ісці не хацелася, і на машынны двор з падрапанымі рукамі, у завэдзганай кухвайцы сорамна паказацца. Ногі самі панеслі яго да Бесядзі. Там ён памыў рукі, спаласнуў твар. Вада была халодная, пахла водарасцямі і... каравяком, бо з фермы, якую “прывязалі” раённыя начальнікі на ўзгор’і, часцяком, калі перапаўняліся адстойнікі, смярдзючая жыжа цякла ў Шамаўскі ручай, а далей у Бесядзь.
Пакрысе віднела, мацнеў вецер. Халодны, вільготны, пругкі, ён працінаў да касцей, бо старая кухвайка грэла слаба. Дый ногі ў гумовіках пачалі мерзнуць. Куды падзецца? Агледзеў каржакаватыя альховыя кусты на беразе ракі, зірнуў на цёмную сцяну лесу. І яго пацягнула туды: там будзе цяплей, зацішней, пакуль дойдзе да Лясковічаў, адчыніцца крама, можна пахмяліцца, душу прывязаць. На работу вырашыў не ісці — сорамна паказацца ў такім выглядзе .
Шырокія падрапаныя Косцевы далоні ўчапіліся за халодны, настылы трос, цяжкі, набрынялы паром неахвотна зрушыўся з месца, памалу пачаў аддаляцца ад берага.
Да лесу дайшоў хутка. Вецер, здаецца, выдзьмуў хмель з галавы, Косця уздыхнуў вальней. Дарогаю трапляліся на вочы баравікі. У кішэні знайшоўся цэлафанавы пакет, сцізорык, і Косця ўзяўся збіраць грыбы. Зразаў самыя маладыя, крамяныя, на тоўсценькіх ножках. І так захапіўся, што забыўся на ўсе свае беды і няшчасці, і цяжкія думкі паступова знікалі з галавы. За ўсё лета ён ні разу не схадзіў у грыбы — не было калі, а тут гэтулькі баравікоў! І самае дзіўнае — іх было шмат паўз дарогі, з абодвух бакоў. Дзятва пайшла ў школу, дарослым не да гэтага, вось і высыпалі грыбы, хоць касою касі.
Пакуль дайшоў да вёскі, назбіраў амаль поўны пакет, схаваў яго пад елачкай, пашыбаваў да крамы. Здаля ўбачыў адчыненыя дзверы, узрадаваўся, аж на душы пасвятлела: зараз “атаварыцца”, возьме пляшку, чаго-небудзь на зуб, уладкуецца ў лесе... Але ні віна, ні гарэлкі ў краме не было — учора ўсё падчысцілі. Згледзеў круглыя флакончыкі трайнога адэкалону, узяў два і пачак пячэння. Знайшоў у лесе свой пакет з грыбамі, тут жа пад елачкай, першы раз у жыцці, каўтнуў з флакона. Тонкі пякучы струменьчык разліваўся ўнутры і быццам спальваў усё на сваім шляху. Пасядзеў троху на пні, але было холадна, і Косця памалу, нага за нагу, пацягнуўся дамоў.