Зноў цяжкія думкі апанавалі яго. І здавалася, што праз усё жыццё не меў ён радасці — адны пакуты, халадэча, галадуха, цяжкая праца без выхадных. Светлы ўспамін застаўся ад службы ў войску і ад першага году сямейнага жыцця. Гэта быў шчаслівы год, сапраўды мядовы, поўны пяшчоты і ласкі. Год канчаўся, прыкметаў цяжарнасці не было, маладыя, іхнія маткі, пачалі трывожыцца. Косцевы падазрэнні, што Ксеня грашыла да яго, мацнелі. Але пачутае ад Палажкі Шкурдзюковай прымусіла думаць і пра людскі праклён. Гэтыя думкі не прыбавілі шчасця ў Косцевым жыцці, наадварот зрабілі яго маўклівым і пахмурным.
...Вецер нарэшце пашкуматаў попельна-шэрыя хмары, выбліснула зыркае восеньскае сонца, але Косцеў настрой не палепшыўся. Хмуры, зацяты, сярдзіты на жонку, на сябе, і нават на ўвесь свет, пераступіў ён парог сваёй хаты.
Аксеня, як і раней, ляжала ў ложку. Павярнулася да сцяны, калі ён увайшоў у хату. Нічога не кажучы, Косця ўзяўся парадкаваць грыбы. Перабраў, абрэзаў карэньчыкі, старанна вымыў, большыя парэзаў драбней. Падпаліў у пліце, парэзаў на дробныя кавалачкі старога сала, ускінуў на патэльню, потым нарэзаў цыбулі. Грыбы тым часам варыліся ў чыгунку. Калі яны пакіпелі, зліў ваду, грыбы высыпаў на патэльню. Яна зашыпела, засквірчэла, уся хата напоўнілася звабліва-смачным водарам. Косця адчуў, што моцна прагаладаўся.
І тут расчыніліся дзверы, уляцела раззлаваная цешча Хадора са слязьмі на вачах. Раскрыла рот, каб абрынуць на зяця-п’янтоса цэлы вадаспад праклёнаў, але ўбачыла яго каля пліты, дзе ён лыжкаю памешваў грыбы, удыхнула казытлівы іхні пах і застыла з адкрытым ротам. Косця разумеў, што абвастраць сітуацыю ніяк нельга, трэба шукаць шлях да міру і згоды. Ён спакойна памешваў грыбы, левую, моцна падрапаную руку, схаваў за спіну. Як можна спакайней ён прамовіў:
— Праходзьце, мама, сядайце. Грыбы сычас будуць гатовыя.
Пачуў, як за шырмаю заварушылася Аксеня. Пачула гэты рух і Хадора, патэпала туды. Неўзабаве з-за шырмы пачулася галашэнне:
— А мая ж ты дачушка! Што ж ён з табою зрабіў?! Трэба ў міліцыю заявіць. Пайду ў кантору, пазваню. Ах, ты паліцэйскі выблядак...
Косця сціснуў зубы, кусаў язык, каб не адмацюкаць цешчу, не ўзяць яе за каўнер і не выкінуць з хаты. Ён моўчкі паставіў грыбы на стол, закапцелы чайнік на пліту і крутнуўся за парог. Куды ісці? Да каго? Да сваіх сябрукоў-сабутыльнікаў, з якімі ўчора піў? З такімі рукамі, падрапанымі да крыві, куды пойдзеш?
Яго пачалі біць дрыжыкі, бо выскачыў нават без шапкі. Намацаў у кішэні кухвайкі круглы флакон, таксама халодны, настылы, дрыжачымі рукамі адкаркаваў, каўтануў пякучай вадкасці, схаваў флакон каля вугла пад дрывамі і пайшоў у хату. У жываце пякло, хацелася нечым заесці.
У хаце было ціха. Жанчыны спакойна, сцішана перамаўляліся. “Значыць, участковага не пабегла клікаць. І не пабяжыць. Сыну-начальніку будзе сорамна. Дый я — не апошні чалавек. Брыгадзір...” Косця сеў за стол і ўзяўся есці грыбы. Высунулася з-за шырмы Хадора.
— Смачныя грыбкі. Паспрабуйце, мама, — нечакана для сябе ціха прамовіў Косця.
І не паверыў сваім вачам: Хадора села за стол, узяла лыжку, падчапіла маленькі баравічок, доўга шамкала бяззубым ротам.
— Ай, праўда, нічога... Можна есці.
— Каб яшчэ сто грамаў — душу прывязаць... Міравую выпіць. Ну, вінаваты я. Сам сябе ненавіджу за ўчарашняе. Але ж за бацьку.... Ці ж я вінаваты, што ён пайшоў у паліцыю? А куды яму было дзецца? На той свет? Дык мы ж Нінкай былі малыя. Ён жа дзеля нас рабіў... Каб пайшоў у партызаны, немцы б з паліцаямі ўкакошылі. Такі вузел тугі жыццё завязала. Куды ні кінь, усюды клін. Я ж бацьку саўсім не помню. Матка казала: пацалаваў мяне соннага...
Косця раптам змоўк, бо адчуў даўкі камяк у горле, з вачэй раптам пасыпаліся буйныя гарачыя слёзы. Заплакала і Хадора. Глухі, здушаны плач пачуўся і з-за шырмы.
— Дачушка, ці ёсць у цябе кропля гарэлкі? А можа, я схаджу двору? Прынясу.
— Ёсць. Сычас.
Аксеня ўскінула на плечы халат, выйшла ў сенцы, вярнулася з паўлітэркай.
Яна сядзелі ўтраіх за сталом, пілі самагонку, закусвалі маладымі баравічкамі. Косця хаваў рукі з чырвонымі пісягамі, Аксеня не падымала галавы, каб не свяціць свежымі барвова-сінімі ліхтарамі. Пасля чаркі Косця пакляўся, што болей і ў рот не возьме. І жонка, і цешча паверылі яму.