Выбрать главу

І Косця мусіў трымацца. Праз тыдзень яго выклікалі на партбюро і ўляпілі суровую вымову — за прагул, за п’янку. Асабліва распякаў яго старшыня сельсавета Іван Сырадоеў. На тое меліся дзве прычыны: Сырадоеў даваў Косцю рэкамендацыю і таму нёс маральную адказнасць за свайго “хрэсніка”. А па-другое, патэлефанаваў старшыня райвыканкама Мікола Шандабыла: маці Хадора пажалілася на зяця — напіўся, збіў Ксеню, сястру Мікалая. Таму Сырадоеў сурова сказаў Косцю: “Яшчэ раз пакрыўдзіш жонку, упяку ў турму, згніеш там”.

Месяцы тры Косця не піў. А пад Новы год разгавеўся: упаляваў з мужыкамі дзіка і замачылі свежыну. Стрэльбу ён атрымаў у якасці прэміі за сумленную працу. І паляванне Косця ўпадабаў. Дома па гаспадарцы зімою клопату мала, дзеці не плачуць — вольны казак. Двухстволку на плечы і пайшоў. Часцяком прыносіў зайцоў. Ксеня навучылася гатаваць зайчаціну: тушыла яе з бурачкамі, дадавала сала, бо адно заечае мяса даўкае і задужа любовае. Ліцэнзій ніхто з вясковых паляўнічых не купляў.

Цяпер,  калі Косця прыходзіў дамоў п’яны, Аксеня маўчала, затое назаўтра ўжо ўядала, як магла. Косця бажыўся-маліўся, што болей не будзе піць, і тыдзень-другі трымаўся, а потым зноў набіраўся, як свіння гразі. Болей за ўсіх угаворваў яго Даніла Баханькоў, старшыня калгаса. А яго ўпрошвала жонка Ніна, яна і Косцю, роднага і адзінага брата, прасіла трымацца. Косця абяцаў, але слова стрымаць не мог. І ўрэшце старшыня мусіў зняць Косцю з брыгадзірства. Даў яму стары, дабіты трактар: не хацеў кіраваць, будзеш рамантаваць. Трактар Косця давёў да ладу, вясною болей за ўсіх узлупіў во- рыв. На жніве болей за ўсіх намалаціў збожжа.  але на ранейшую пасаду шлях быў закрыты.

Так і дажыў Косця Варонін да красавіка 1986, калі выбухнуў чарнобыльскі рэактар. Хатынічы не падлягалі абавязковаму адсяленню. Потым пачалі перасяляцца сем’і з малымі дзецьмі, а тады ў суседнюю вёску Белую Гару пацягнуліся спецыялісты, механізатары, даяркі. Перасяліўся і Косця з Аксеняй. І вось ужо  прамільгнула пяць вёснаў пасля Чарнобыля. Калі б  не гэтае няўдалае паляванне, можна было б трываць і далей, цягнуць жыццёвы воз без асаблівай радасці.

Чым болей Косця думаў, аналізаваў сваё становішча, шукаючы з яго выйсце, тым мацней злаваў на Івана Сырадоева. Так угаворваў перад судом, маўляў, раскінем штраф на трох і выплацім, толькі вазьмі віну на сябе, бо менавіта ад твайго дуплета лось зваліўся. Цяпер Косцю здавалася, што менавіта Іван Сырадоеў, былы фінагент, загадчык фермы, старшыня сельсавета — віноўнік усіх няшчасцяў і бед у ягоным жыцці. Савецкая ўлада раскулачыла Косцевага дзеда Восіпа, праз гэта бацька пайшоў служыць у паліцыю — помсціў саветам. Праз гэта Косця рос сіратою, пакутаваў у маленстве, праз усё жыццё нясе кляймо “паліцэйскага выблядка”.

Крыўда, нянавісць, уласная бездапаможнасць, зацкаванасць штурхалі Косцю Вароніна на помсту. Гэтае жаданне мацнела, прагай помсты налівалася Косцева душа, як гусцее летнім днём  цёмная  навальнічная хмара.

ХІV

Падзеі ў Белавежскай пушчы ўразілі Андрэя Сахуту сваёй нечаканасцю. А падаліся яны нечаканымі, можа, таму, што апошнім часам радзей чытаў газеты, яшчэ радзей глядзеў тэлевізар. Але цяпер, аналізуючы ўсё, што здарылася, ён пераконваўся: нічога нечаканага не адбылося, усё даўно наспела. Пасля развалу КПСС усе канструкцыі Савецкага Саюза захісталіся, заскрыпелі, як нямазаныя калёсы.  Усе  рэспублікі аб'явілі аб сваім суверэнітэце, усе  зрабіліся самастойнымі. Крэмль страціў уплыў на эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі,  як і астатніх  саюзных  рэспублік. Прыбалты ж раней за ўсіх ляпнулі дзвярыма і памахалі рукою на развітанне. Разбегліся па сваіх кватэрах.

Жнівеньскі путч расчыніў дзверы напята. І як птушкі з клеткі, самастойныя дзяржавы вырваліся на  волю, быццам застаялыя, падужэлыя цяляты на вясновае сонейка. На прастору, дзе вольны вецер казытае ноздры,. лашчыць поўсць. Ніхто не ведаў, якое жыццё настане ў асобных кватэрах. На сваім хлебе, са сваімі багамі на покуце. Але ўсе:  начальнікі і падначаленыя, гараджане і вяскоўцы, сівыя ветэраны і бязвусыя юнакі спадзяваліся на лепшае жыццё. Тыя, хто рыхтаваў развал Саюза, зрабілі ўсё мачымае і немагчымае, каб жыццё ў СССР стала невыносным, каб развітанне з “непарушным” было без ааблівага шкадвання. Ды  цяпер  ужо  ніхто не пытаўся  ў  народа,  бо ён ужо выказаўся на сакавіцкім рэферэндуме за Саюз. Але вынікі таго ўсенароднага апытання мала цікавілі закапёршчыкаў-разбуральнікаў. Спрадвеку валадары свету паварочвалі і накіроўвалі народ туды. куды ім. валадарам, хацелася. А народ “безмолвствовал”. Так,  на думку Сахуты, адбылося  і ў снежні 1991 года,