Я таксама не збіраюся сядзець склаўшы рукі. Змагаюся на службе за высокі ўраджай. Прабіваю мінітрактар. Нарэшце дазваніўся да генеральнага дырэктара завода, прадставіўся афіцыйна, сказаў, што хачу параіцца па некаторых творчых пытаннях. Мяркуем выдаць кнігу пра іхні завод.Ён выслухаў, сказаў, што зараз вельмі заняты, запісаў мае каардынаты: “Я пазваню вам”. Я застаўся задаволены размовай. А Клімчук скептычна ўсміхнуўся: “Ой, доўга ты будзеш чакаць ягонага званка”. Пабачым. Паабяцаў жа чалавек. Афіцыйныя людзі павінны трымаць слова.
15 снежня. Нядзеля. Які светлы ранак! Неба быццам вымытае учарашнім снежаньскім дажджом. Мароз падсушыў за ноч зямлю, тое ж самае неба прыцерушыла снегам лясныя сцежкі, па якіх я са смакам збегаў на зарадаку. У гэтым плане мая кватэра вельмі зручная: выбег за кальцавую дарогу — поле, трохі далей лес. Падкіне болей снегу — якая там прастора для лыжных прагулак! Шкада, Ева нядужа вялікая ахвотніца да катання на лыжах. Затое на Камароўскі рынак сёння зацягнула. Праўда, я не надта ўпіраўся: Новы год на носе, трэба таго-сяго прыкупіць. Есці і піць трэба пры любой уладзе.
Даўно не быў на базары. Узрадавала, што ўсяго там хапае. Але засмуцілі цэны — ой, кусаюцца! Купілі свежага сала, пару кілаграмаў цяляціны, нават далікатзсу ўзялі — языка ялавічыны, а на халадзец — галёнку. Магчыма, прыедзе пад Новы год Андрэй, дык пасядзім, пагамонім.
Ужо тыдзень пражылі ў Садружнасці Незалежных дзяржаў. Асабліва нічога не змянілася. Мацнее надзея, што стане Беларусь сапраўднай еўрапейсай дзяржавай. Штодня бачу са свайго кабінета бел-чырвона-белы сцяг над будынкам Дома ўраду. Гэта радуе і натхняе.
6 снежня, Вільнюс. У Літве пачалася лібералізацыя цэн. Гэта першы этап рэформы, завершыць якую ўвядзенне ўласнай валюты. 10 снежня. Мінск.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных дзяржаў. За ратыфікацыю прагаласавалі 263 дэпутаты. Супраць — 1. 2 — устрымаліся.
11 снежня. Брусель. У штаб-кватэры НАТО не выключаюць узнікнення новай вайны ў Еўропе, прычынай якойможа стаць пагаршэнне абстаноўкі ў былм СССР, Югаславіі.
15 снежня. Каір. У егіпецкі горад Марха-Маірух, які знаходзіцца на міжземным марскім збярэжжы краіны, прыблі 23 саудаўскія шэйхі — аматары сакалінага палявання.
ХVІ
Косця Варонін напісаў ліст у рэдакцыю абласной газеты, адаслаў і адразу пачаў чакаць карэспандэнта. Той прыедзе і дапаможа выкараскацца з ямы, у якую загнала яго жыццё. Сябе ён мала вінаваціў. Нуй, праўда, хіба ён вінаваты, што бацька вымушаны быў служыць немцам? Яму, Косціку, тады было два гады. Сын за бацьку не адказвае. Хіба ён не хацеў дзіцёнка? І жонка Аксеня гэтага вельмі хацела, але Бог не даў ім гэткага шчасця. І не па сваёй ахвоце ён кінуў брыгадзірскую пасаду — яго звольнілі за п’янку. Дык хіба ён адзін піў? Колькі ён выжлукціў гарэлкі разам з Данілам Баханьковым! Дык Даніла і зараз у сваім дырэктарскім крэсле, а Косцю звольніў менавіта ён.
А потым гэтае паляванне. Хіба ж Косця вінаваты, што іх накрыла інспекцыя? Што хаўруснікі спіхнулі ўсю віну на яго, абяцаючы супольна выплаціць штраф. А цяпер умылі рукі, адхінуліся ад яго. Злосць, крыўда і нянавісць раз’ядалі Косцеву душу, быццам ракавыя метастазы. І найбольшая крыўда была на Івана Сырадоева, і нянавісць выспявала найперш да яго. З маленства памятаў, як Сырадоеў заходзіў да іх у форменным, колеру балотнай жабы шынялі і такога ж колеру фуражцы, крычаў на матку: чаму не плаціш падаткі, страхоўку, самаабкладанне, пазыку? Нянавісць набухала, як цеста ў дзежцы, калі згадваў, як распякаў яго, Косцю, старшыня сельсавета Іван Сырадоеў на партыйных сходах за п’янку.
І выходзіла, што галоўны віноўнік Косцевага няшчасця, гэта ён — старшыня сельсавета Іван Сырадоеў, хай сабе ўжо былы, але ж віну за няўдалае паляванне, ці, як усе гавораць, за браканьерства, узяць на сябе ўгаварыў менавіта ён, абяцаючы выплаціць штаф. А цяпер ад сваіх слоў адмаўляецца: мая хата з краю, нічога не знаю.