Выбрать главу

Можа таму, што часцей думаў пра бацьку, ён пачаў сніца, чаго раней нтколі не было. Аднойчы прыснілася: бацька і ён косяць дзялку, якую выдзелілі на  “працэнты”. Спачатку ўзяліся адтаптаць  мяжу ад суседзяў Уторкнулі высокія лазовыя віткі, завязаўшы вецце кучомкаю. “Стой, трымай вітку, каб вецер не зваліў, а  я  след  прайду”, — сказаў бацька. Быў ён у белай кашулі ў сінія палоскі, у палінялых джынсах, запраўленых у высокія  боты,  падобныя на нашы кірзачы. На галаве —   саламяны  брыль з шырокімі палямі, як самбрэра  ў каўбояў. Бацька зайшоў з другога канца дзялкі, уткнуў  гэткую ж высокую вітку і павольна, кароткімі крокамі ішоў насустрач Косцю — таптаў мяжу-след. Іхнняя  дзялка ўпіралася ў купчасты лазовы куст, за ім была парослая асакою шырокая лужына.

Калі бацька наблізіўся да Косці, з-за куста выйшаў Іван Сырадоеў. У руках ён трымаў скручаны  трубачкаю школьны сшытак, за вухам тырчаў чырвоны аловак. Быў Сырадоеў у клятчастай кашулі, на галаве выгарэлая ад сонца кепка, насунутая на лоб.

— Дзень добры, Іван Ягоравіч! — здаля павітаўся  бацька.

— Здароў, Сцяпан Восіпавіч! З прыездам цябе! У адведкі ці насаўсім?

— У адведкі. Во, памагу накасіць сена, дый паеду. Прабач, Ягоравіч, але ёсць пытанне… Што ты крыўдзіш маю жонку?  Паласу адвёў з кустоўем. Ты, калі ласка, стаўся да Просі і да Косці па-добраму, па-людску.

— Паласу надбавілі ўшыркі. Камісія ўлічыла куст і лужу. Так што, Восіавіч, ты дарэмна кажаш пра нейкую крыўду. Ты лепш раскажы, як табе жывецца там, у Амерыцы?

— Ого, братка, ета доўгая песня. Жыццё і ў Амерыцы няпростае і нялёгкае. Праўду людзі кажуць: добра там, дзе нас няма. Я жыву ў Аргенціне. Ета Паўднёвая амерыка. Злучаныя Штаты ад нас вельмі далёка.

— Неяк фільм гладзеў пра Аргенціну. Вялізныя статкі жывёлы. Пастухі на конях. У такіх брылях шырокіх, як у цябе, Восіпавіч.

— Так, у нас  прасторы велізарныя. Пампа.  Ета стэпы нашы так называюцца. Сена там не косяць. Жывёла  пасецца  круглы  год. Каля вялікіх гарадоў цяпер, бывае, і сена косяць. Выпасу паменела.

Косця слухаў і радаваўся, што бацька і мясцовы начальнік Сырадоеў гутараць прыязна, па-суседску, што між імі няма ніякай варажнечы. На развітанне Сырадоеў сказаў:

— Тут во каля куста асака пракідаецца. Каровы маладую асаку ядуць ахвотна. Толькі троху солі трэба пасыпаць. Ну, калі будзеце складваць на сенавал. Ты, Сцяпане, можа, пра ета і забыўся, а Косця павінен ведаць. Дый Прося ета ведае.

Сырадоеў, як з'явіўся нечакана, так і знік раптам за кустам. А Вароніны ўзяліся касіць. Бацька ішоў паперадзе, быцццам паказваў сыну, як трэбна шчытна, нізка выкошваць сваю дзялку — працэнты ўсе выгрызалі дужа старанна, кожную купіну абкошвалі пад нулёўку. Косця махаў касою і душа яго радавалася, што прыехаў бацька, што косяць разам, удвух. Яму ад радасці ажно хацелася плакаць. А яшчэ карцела напіцца вады, бо дужа смажыла ў роце. Яны ўжо дакашвалі паласу, калі прыйшлі Аксеня і Прося. На Аксенні бялелася тонкая хустка-касынка, а маці была ў чорнай хусце, завязанай нізка, па самыя вочы. Косцю гэтп моцна ўразіла, ён хацеў спытаць, чаму маці як у жалобе, але не паспеў — прачнуўся. Вочы яго былі вільготныя..

У галаве нейкі туман, не адразу ўцяміў, што галава баліць пасля ўчарашняга: увечары адзін выпіў дзве пляшкі чарніла — пладовага віна. Пра гэта віно Ксеня казала:?Етым віном толькі заборы фарбаваць. А ты жлукціш бутэлькамі. Таму рукі ўжо калоцяцца, як у злодзея, што курэй пакраў”. І той добры настрой, з якім касіў з бацькам сена, хутка знік,  і  прыйшло гнятлівае разуменне, што яму няма чым сплаціць штраф. І жыць яму, Косцю Варонтну, зусім не  хочацца, адно жаданне — адпомсціць сваім крыўднікам. І яго раптам апякло: чаму матка прыйшла на луг у чорнай хусце? Можа, з бацькам што здарылася?  А можа, прадчувае яго, Косцеву смерць? Ён сцішана ляжаў у ложку і адчуваў, як мацнее жаданне завыць па-воўчы ад гэтага жыцця.

А праз тры начы прысніўся іншы сон. Нібыта ён, Косця, выбраўся ў Аргенціну, прыляцеў у Буэнас-Айрэс, а яго ніхто не сустракае.  Ён глядзеў на ўсе вочы, углядаўся ў людзей, якія выходзілі з шыкоўных рознакаляровых машын, але чалавека, падобнага на бацьку не было. І ніхто не падыхлдзіў  да Косці. У школе ён вучыў нямецкую мову, памятаў з дзесятак слоў, але ж у Аргенціне людзі гавораць па-іспанску. У маладыя гады Косця любіў чытаць. Шукаў у Хатыніцкай бібліятэцы кніжкі пра Аргенціну, але не знаходзіў. Не было такіх кніг і ў бібліятэцы вайсковай часці, у якой ён служыў, затое меліся кнігі пра Кубу, пра Эрнеста  чэ  Гевару, некалькі  іспанкіх слоў Косця запомніў: “Буэнас дыяс, кампаньера!” — “Добры дзень, таварыш”, запомніў назву грошай — песа, шыракаполы капялюш — самбрэра,  палюбіў песню “Бэсаме муча..”, у якой гаварылася: цалуй мяне моцна, нібы цалуеш апошні раз.