Выбрать главу

Інжынэр, які і прыняў ад „тройкі" самалёт, крануў пропэльлер: зашыпеў, забурчэў самалёт і глядзі... панёсься!..

Насупраць, пры другой сьценцы, была зроблена таксама паліца, на якой ляжала сена, пакрытае палатном. Самалёт, як ведаў, тут і стаў...

Уся ўвага на самалёце...

Гутарка аб самалёце, а як даведаліся аб яго будаўнікох, дык хоць ты схавайся — адзін хоча пахваліць, другі запытацца, а трэці проста пазнаёміцца.

А ў галовах Данілы, Паўлюка і Язэпа рыюцца думкі, хочацца нешта стварыць сваё, новае, уласнае...

Назаўтра, ідучы ўжо на завод, „тройка" парашыла паехаць павандраваць па мінуўшчыне. І нікому нічога ня кажучы, хлопцы надумалі і пачалі будаваць зусім просты апарат, на якім можна паляцець у мінуўшчыну — ва ўчарашні дзень, у мінулы год, у 11-ае ліпеня, у дзень Кастрычніка.

Патрэбны былі і сродкі.

Некаторыя рэчы яны дасталі з заводу, а некаторыя куплялі за свае ўласныя грошы.

Так праходзіў тыдзень, пасьля месяц, другі...

— Ур-ра! Апарат скончылі!..

Назвалі яго „Паўлюяздан". Злучылі скарочанае імя кожнага з будаўнікоў:

Паулю(к)+Яз(эп)+Дан(іла) — вось і імя!

Як раз у сераду раніцою, адкрыўшы сваю тайну дырэктару заводу, хлопцы адпрасіліся на адзін дзень...

Толькі пасьпелі завадзкія гудкі склікаць рабочых, толькі яшчэ пачалі запяваць сваю заўсёдную песьню машыны, шыпець на колах рамні, як бяз шуму, ціха падняўся "Паўлюяздан“ увысь, увысь, пасьля ўбок і раптам узад...

Не прайшло і паўгадзіны, як „Паўлюяздана" ужо на небазводзе і сьлед прастыў...

Хлопцы ўжо ўляталі ў сёньнешнюю ноч, але аб гэтым ніхто ня ведаў...

АБЕД

Стукнула ў грудзі сіняга паветра пара з завадзкое трубы.

Раздаўся глухі расьцягнуты гудок.

Гэта гудок на абед...

Толькі ў сталоўцы рабочыя заўважылі,што няма „тройкі".

— Так і знай, што нешта задумалі, — казаў стары качагар Лаўрэм...

— Бо не дарма хадзілі тут, кляпалі, згаварываліся, нешта рабілі...

А хлопцы ня так-жа даўно былі тут на дварэ, ля за­воду, а цяпер у сецях сёньнешняй ночы...

Яны ўбачылі свой завод ціхім, над якім разьліваўся сьвет вольтавага ліхтара; убачылі, як насупраць заводу адбываецца вечарынка; убачылі, як ля завадзкое брамы стаіць з вінтоўкаю ў руках вартаўнік.

І гэта ня дзіва!.. Яны выляцелі сёньня раніцою і ў поўдзень убачылі тое, што адбывалася ноччу...

Кожны твой крок нібы фотографіруе, нібы адбівае на лястынцы наша вечна-шумная, чароўная прырода.

Цемнавата. Месяц лазіць па стрэхах заводу, прысядае на дымнай шапцы завадзкой трубы... Ветрык ціха прабяжыць...

Завод сьпіць...

Паўлюк — малады беларускі Эдыссон —стварыў спэцыяльны апарат для сувязі ў выглядзе простага нагана. Ён напісаў запіску дырэктару заводу, уклаў яе ў абойму і, націснуўшы курок, паперка бяз усякіх перашкод, у такім-жа выглядзе, як яна была ў руках Паўлюка, панеслася ўніз і нікому нявідана апынулася ў пакоі дырэктара на стале.

У гэтай запісцы яны паведамілі дырэктара аб іх падарожжы:

„Не клапацецеся, усё спраўна. Мы цьвёрда рашылі даведацца ўвачавідкі аб мінуўшчыне Беларусі. Колькі нам ня прыходзілася гаварыць, дык шмат і шмат таварышоў выказваюць свае погляды, што Беларусь — краіна ціхая, што ў Беларусі няма ў мінуўшчыне гэрояў - рэволюцыянэраў, няма прыгожых гістарычых малюнкаў. Мы паставілі сабе заданьнем нырнуць у мінуўшчыну і там спыняцца толькі на важных, коштоўна-гістарычных кругабегах. Вы ніжэй нас. Вы цяпер працуеце на заводзе, у вас ясны сонечны дзень, а мы вышэй, мы знаходзімся ў сецях сёньнешняй ночы, той ночы, якая прайшла...

Ну, бывайце...

з прывітаньнем „Тройка"."

У часе абеду дырэктар забег дамоў.

— Што за ліха!.. — ускрыкнуў зьдзіўлена дырэктар, прачытаўшы запіску.

— Сёньня раніцою яны адпрасіліся на дзень... „Мы вам толькі аднаму, — казалі яны, — адкрываем сваю тайну"... Малай­цы, чарцякі, адкрылі тайну ды бяз тайны, ма-лай-цы!..

І дырэктар пабег расказаць рабочым.

Рабочыя ну ніяк не маглі ўявіць сабе, як гэта можна.

— Ну, цяпер 1924 год, праўда? Дык як яны могуць апынуцца ў 1923 годзе?

— Эт, галаваломіца...

— Выдумалі самалёт мінуўшчыны.

Але ніхто ні на адно пытаньне ня мог адказаць.

А тут справа не ў вярсьце. «Паўлюяздан» — самалёт часу.

І тут нічога дзіўнага...

Мы ведаем — ёсьць зоркі. Мы іх заўсёды бачым і нам здаецца, што яны ніколі ня гінуць.

Ды праўда, каб сказаў хто-небудзь, што зоркі гінуць, тухнуць, дык яго засьмяялі-б. Гэта-ж выйдзі, асабліва ў зімовы вечар, ды глянь на неба, дык гэтых зорак такая процьма, што ажно дзівішся.

Але быў праў той, хто казаў, што зоркі тухнуць. Тут такая справа. Зорка патухне, але той прамень, які яна кідала, ідзе да зямлі 55—60 год.