Выбрать главу

Жан Эманюэль Жылібер, кіраўнік Гродзенскай медычнай акадэміі, які шмат падарожнічаў па Беларусі, апісвае яе заходнія краявіды «ў выглядзе суцэльнай раўніны, на якой толькі ў некаторых месцах узвышаюцца ўзгоркі: найбольш высокія прыкмячаюцца каля Вільні, Гродна і Навагрудка — яны ўздымаюцца над зямной паверхняй усяго на 300 футаў». Другі падарожнік, А. Башняк, апісваў паўночна-ўсходнюю Беларусь так: «Землі тут гарыстыя, ці, дакладней, узгорыстыя, часткова ж нізінныя; узгоркі невысокія, глеба на іх складаецца большай часткай з буйнога пяску, зусім падобнага на марскі і месцамі змешанага з глінаю. Гэтыя ўзгоркі часам падзяляюцца азёрамі рознай велічыні, з якіх адны акружаны крутымі пясчанымі і камяністымі берагамі, іншыя ж дрыгвою, што складаецца з рознага моху, які паволі засцілае водную паверхню. У гэтай дрыгве бачацца адтуліны, якія называюцца вокнамі і ў якіх людзі правальваюцца і гінуць, калі не паспеюць утрымацца за мох, што акаляе вокны».

170 гадоў таму назад, калі былі напісаныя гэтыя запіскі, такіх балот на Беларусі было шмат. На Палессі, прыгажэйшым і самабытнейшым нашым краі, як сведчаць раскопкі, і як пісаў некалі Герадот, было мора. Яшчэ ў мінулым стагоддзі там знаходзілі часткі старажытнага карабля... Але цяпер балоты асушаныя, і толькі вясною ў некаторыя гады можна плысці на лодцы па вуліцы палескай вёскі — і тады здалёку бачны на канцах вёсак крыжы з вышытымі ручнікамі, а таксама магілы на вясковых могілках, дзе вісяць над мужчынамі ручнікі, над жанчынамі — андаракі...

Паганскія багі, якім так утульна жылося ў нізінах і балотах, а таксама ў чалавечых сэрцах, доўга жылі поруч з хрысціянскімі святымі і новымі абрадамі. Але цяпер яны засталіся толькі ў прозвішчах і песнях: і прыгожая багіня вясны Ляля, і бог маразоў Зюзя, і падземныя Гарцукі — гномы з іх вогненным уладаром Жыжалем, і валадар палёў Жыцень, і таямнічая Мокаш, і багіня смерці — Мара. Яны жылі тут нават раней за Перуна, Вялеса, Дажбога — але адыходзілі разам, неахвотна, таму што паганства трымалася тут доўга і ўпарта. І па сёння сяляне ходзяць да чароўных камянёў з выбітымі крыжамі, п'юць ваду з гаючых крынічак, каля якіх калісьці існавалі храмы, што таксама былі разбураны, а крыніцы, закіданыя камянямі па загадах былой савецкай улады, цяпер аднаўляюцца, і да іх прыходзяць усе — і хрысціяне, і атэісты. Але ў душах і тых, і другіх захоўваецца як падсвядомае язычніцкае ўспрыманне свету. Беларус любіць зямлю, ён урос у яе карэннямі, усёй сваёй істотай. I калі тое, што было на паверхні,— Жывое Дрэва Жыцця, якое ёсць у кожнага народа, было спалена,— то карэнні захаваліся, жывуць. Вось чаму, нягледзячы на тое што беларуская мова ў канцы гэтага стагоддзя засталася невялікімі астраўкамі пасярод суцэльнага мора русіфікацыі,— адраджэнне яе і старажытнай беларускай культуры пачалося.

Памяць народная захоўвае вобразы сваіх герояў, і калі нават яны перайшлі ў міфалогію, то храбрасць іх, паэтычнасць засталіся ў імені — Вярнідуб, Світальнік, Попельнік... Апошняе — таму, што гэты народ пасля ўсіх войнаў адраджаўся літаральна, як Фенікс,— з попелу...

Сярод іншых усходнеславянскіх этнасаў беларусы адрозніваюцца тым, што іх культура ўвабрала ў сябе і балцкі элемент, бо ў выніку славяна-балцкага сінтэзу ў VIII-X стагоддзях у Верхнім Падзвінні і Прыдняпроўі сфарміраваліся новыя рысы культуры.

Наш гістарычны герб «Пагоня» нарадзіўся ў XIII стагоддзі, калі продкі беларусаў абараняліся ад ворагаў. Азначае ён толькі абарону пасля нападу. Ніколі наш народ не квапіўся на чужыя землі, ніколі ён не быў агрэсарам. Гэты герб стаў афіцыйным у 1991 годзе, калі Беларусь упершыню за многія стагоддзі стала незалежнай і прадоўжыла створаную 25 сакавіка 1918 года Беларускую Народную Рэспубліку. Апошняя дата яшчэ афіцыйна не прызнана, бо адбывалася названая падзея ў час нямецкай акупацыі, але гэта, як мы спадзяёмся, справа будучага.

Мінск

Наша сённяшняя сталіца — Мінск, старадаўняя назва якога Менск, таму што быў ён заснаваны на рацы Менцы, а пасля страшнага пажарышча і разбурэння ў 1067 годзе перанесены да ракі Нямігі, якая ўпамінаецца ў вялікім помніку трох славянскіх народаў — «Слове аб палку Ігаравым»: «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цэпамі харалужнымі, на току жыццё кладуць, веюць душу ад цела. На Нямізе крывавыя берагі не болагам пасеяны, пасеяны касцямі рускіх сыноў». А на Менцы і сёння на 16 км на захад ад сталіцы можна ўбачыць земляныя валы.

Пра Мінск можна расказваць многа. Але ў гэтай кнізе мы ўспомнім пра яго коратка: ёсць нямала кніг, дзе пра гісторыю горада расказваецца падрабязна (асабліва адзначым «Рэха даўняга часу» З. Пазняка).