Выбрать главу
Прабач, паэт, прабач ты мне, расстрыга, але я не магу цябе чытаць — да берага скакаць па сьлізкіх крыгах, бо ўжо стаміўся ісьціну шукаць,
бо разумею, што плыву на крызе і што, падчас праводзінаў маіх, мой грэх адпусьціць чалавек у рызе, які калісьці і мяне расстрыг.

*** Пайду туды, адкуль прыйшоў…

Пайду туды, адкуль прыйшоў. Па-за зямлёю, па-за часам. Я тут нічога не знайшоў, хаця сваю і выпіў чашу.
Ды лепш бы разьдзяліў яе, няхай са злосьнікам ці зь сябрам, камусьці ж жыткі не стае і дачасова сушыць зябры?
Але у чым мая віна? Віна майго наканаваньня? Жыцьцё — вялікая мана. I толькі сьмерць яе пазнаньне.

*** Хто натхніць мяне на сьмерць?

Хто натхніць мяне на сьмерць? Я такой ня маю волі. Маю толькі болі. Болі — каб пасьціцца і гавець.
З гор сыдзі, як з купалоў, Дух у вобразе старога, праз пакуты дай мне Бога, дай мне Богавую кроў.
Не жыву — хаджу, што сьцень, брыдкі і чужы паветру, хаця выйшаў колісь зь ветру, выйшаў і азмрочыў дзень.
Ты натхніш мяне на сьмерць, чалавек, цяжарны Богам, празь цябе мая дарога, моцы дай яе здалець.

Чацьвёрты цьвік

Калі чацьвёрты цьвік загналі ў цела, мае пакуты крыж сабе забраў, і на каменьне, што ў мяне ляцела, я воч ня меў, таму не паглядаў, бо я пакінуў цела.

*** спаўзаючы зь церня…

Спаўзаючы зь церня кроў смокча сьлёзы
уп’юся ў яго вачамі — Бог вуснамі — чалавек
насустрач нашы любові як два сонцы імкнуцца ў поўдзень
урэшце зьвяла нас вузкая сьцяжына ў жыце ён дастаў з душы хлеб я — зь цела — віно ён прыгубіў я асушыў кубак і паплылі вянцы               цярновыя                        жытнёвыя                                  васільковыя хто ты мне? бацька брат сын?
ізноў хачу упіцца ў яго вуснамі а Юда ўва мне шэпча упіся ў яго зубамі

О Неба

Купалы расколюцца расколюцца і званы о Неба сіняе блакітнае чырвонае чорнае а ўсё лепей ты ня медзь ня золата не бел-камень камень                                                                           ён і ёсьць о Неба а словы пра цябе мае цялесныя цялесныя яка птушкі ў табе губляюцца губляюцца яка птушкі губляюцца мае словы                                                         цялесныя нягодныя яка стрэлы ў твае вочы яка стрэлы стрэлы стрэлы з вуснаў што храм ад зямлі зямлі                                                       да крыжа крыжа да птушынага памёту памёту на златкупале цалавалі цалавалі ня любячы любячы ня веручы веручы малітвы ня кажучы нат ня ведаючы о Неба абрыдлі мне храмы абразы рызы абразы                                                                      і рызы вазьмі мяне агнём ветрам вадою які птушку яка дрэва яка хочаш а праваляцца храмы і людзі ў храмах                                                               і жывёлы вакол іх на сытных пашах пашах і лясы                                                    вакол іх у лясох кішачых лясох кішачых і ўсе рэкі рэкі пад горы выцякуць выцякуць і зямля                                                ад смагі парэпаецца рэпаецца яка фрэскі пра жывот чалавечы о Неба як расказаць разгадаць твае знакі апошнія

*** Берасьцянае неба, роднае…

Берасьцянае неба, роднае. Мір астральны мой — ад цябе, бо зямное, нібы падлёднае, да паветра палонку б’е.