Выбрать главу
бо спачатку было Сонца і Сонцам быў Я і выкрэсьліў Я вам Слова і пачалося яно з крыві Ігара

Дух

…ды слова не прагняві, Бо слова належыць Духу, Кіньце слова гайні — I паляціць пацяруха. Змоўчыць абражаны Дух, Новае слова народзіць, Спыніць натоўпу рух, Каб гаварыць аб народзе. Зноў прыляціць гайня, Выйдзе зь яе плюгавы. «Дух — гэта, людзі, Я!» — Скажа, а сам з рагамі. Людзі разявяць рот — Як жа ж, такія словы: «З намі — увесь народ! Шлях — да адзінай мовы!» Людзі закрыюць рот, Кожны сябе спытае: «Гэта ж і я — народ — Лёс такі прычакаю?» Людзі закрыюць рот, Людзі апусьцяць вочы… Вось табе і народ, Думаць прывыкнуў моўчкі. З думай такой і вы: Выжыве Дух-заступнік, Знойдзе для нас правы, Зьнішчыць пасад наш кутні… Выжыве — гэна так! Знойдзе… I вам на тацы Медны падасьць пятак: «Вось вам на хлеб, засранцы!»

Марыя

Вечнасьць зрывае пялёсткі з ружы… сее, нібы насеньне, па сухадолах людскія душы, па чарназёмах каменьні.
Сонца ўрастае ў чужое поле і вырастае з чужога, а калі ўзыдзе — сьвятлом, як сольлю, раны пячэ нябогу.
З болем сваім ён пад дрэва сядзе, высыпле жвір з сандаляў, столькі самоты ў яго паглядзе, колькі блакіту ў далях.
Птушка загледзіцца ў твар нябогі, скрушна перажагнецца, ад разьвярэджаных ног дарога травамі захінецца.
Па чарназёмах гудуць каменьні, душы — па сухадолах: стань, небарака, стань на калені, любіць пакорных доля.
Ён жа намацае лёс кавенькай, выбрыдзе да жанчыны, жыта зьмятае яна ў сявеньку белым крылом гусіным.
— Сьветлая! — наймя ёй дасьць нябога. — Выгаі мае раны, Сьветлая, мроя мая й трывога, золачак мой крамяны.
Сьветлая вымавіць: — Я — Марыя, з твару змахне змаршчынкі і бедаку, як душу, раскрые дзьверы сваёй хацінкі.
Зёлак настоіць на першым сьнезе, нанач яго напоіць, скура, як з вужа, зь нябогі зьлезе, згіне з душы нябогасьць.
— Любы мой, — скажа яму Марыя, — шчасьце тваё ў пакутах. Дзьверы адчыніць, бы сьвет, старыя, пойдзе на холад люты,
пойдзе, ды сьніцца начамі будзе: з крыжам яго нібыта, ходзіць па вёсках, па ўбогіх людзях, Богам самім забытых.

Маналёг адступніка

Я трапіў у сіло журбы, я сам у гэтым вінаваты, я быў — здаецца, ўчора — быў на радасьць і сяброў багаты.
Заўчасна разарваць сіло я мог бы, ды баюся болю — яно да жылаў прырасло, як роздум мой прырос да столі,
пусты і быццам бы ня мой, як знак сьціхотнага вар’яцтва, і брыдкі па начох, як лой ці кроў на езуіцкіх пальцах.
Адкуль, адкуль прыйшло яно? Калі з граху, дык грэх мой — шчасьце. Я сам, я сам прыдбаў яго — гайворана віновай масьці.

*** Ён шкадаваў турэмных пацукоў…

Ён шкадаваў турэмных пацукоў, карміў з рукі і, нават пасьля ката, даваў лізаць ім на кайданах кроў, а сам паглядам пілаваў на вокнах краты.
Ён ненавідзеў гэтых пацукоў, калі ішоў чарговы раз да ката, за тое, што лізалі яго кроў і пільнавалі ад пагляду краты.
Ён ненавідзеў і любіў сяброў, што прадалі яго за срэбнік кату. Гаіла сонца прамянямі кроў і пілавала прамянямі краты.

Штучная раса

Торф ня смокча                         штучную расу, і ня п’юць у лузе перапёлкі, я зьбяру яе і аднясу у агонь, бы ржавыя іголкі.