Выбрать главу

Люба (ходзіць па сцэне; хоча нешта сказаць, але ня можа рашыцца; колькі разоў падыходзіць да Філімона, але ізноў адыходзіць з нерашучым жэстам). Дзядзя! Я вам нешта хацела сказаць…

Філімон. Ах, правалілі, дзетачка! ах, правалілі, мілачна!..

Люба. Дзядзя! Я з вамі хацела пагутарыць аб аднэй рэчы…

Філімон (слабым голасам). Гавары, Любачка! Ты адна асалода майго жыцьця!.. Хадзі, пацалуй бедненькага свайго дзядзеньку… (Працягвае рукі і хоча яе абняць).

Люба (адскочыўшы). Не, не!.. ня трэба!.. я не хачу!..

Філімон (я. в.). Чаму-ж ты ня хочаш, ціпанька?.. Ну, кажы-ж, што ты хацела казаць?

Люба (энэргічна). Я хачу сказаць, дзядзенька, што я паеду да цёці, або мо' паеду ў іншае месца, а тут жыць ня буду.

Філімон (зьдзіўлены). Чаму, дзетанька?

Люба. Бо дзядзенька — зусім ня дзядзенька.

Філімон (ускочыўшы). Як ня дзядзенька? Хто табе гэта казаў?

Люба. Хто казаў, той казаў, але я тут жыць ня буду і прашу, каб вы аддалі мне мае дакумэнты.

Філімон. А! гэта мусіць гэтая поддая Марта набрахала. О! я бачу ўжо, што гэта яе работа! Ох, Божа мой! у такі мамэнт навет яны мяне не шкадуюць?… Бяз літасьці!.. Ну, дык пачакай. Любачка! я табе скажу ўсё, ўсю праўду, мілачка! Як я цябе першы раз убачыў сіротаньку, такую бедненькую, чырвоненькую. беленькую, дык мне зрабілася страшэнна шкада цябе, Любачка, і я падумаў сабе: вазьму яе да сябе, яна да мяне прывыкне, палюбіць — і будзем жыць шчасьліва.

Люба. Што вы, дзядзенька! Я-ж такая маладая, а вы ўжо стары.

Філімон. Я не стары, Любачка! Гэта толькі так здаецца, але я не стары. О-го-го! Стары! Ты яшчэ маладая, дурненькая, а я цябе павяду праз жыцьцё, як па масьле.

Люба. Нічога з гэтага ня будзе.

Філімон. Я ажанюся з табой, Любачка!

Люба (востра). Я не хачу, каб вы жаніліся! Аддайце толькі мне мае дакумэнты!

Філімон. Ага! Ага! Марта мусіць набрахала й аб тым, што я з ёю абяцаў жаніцца… Але-ж, ціпачка! Што Марта, а што ты! Як неба да зямлі… Марту я ашукаў, гэта праўда, але цябе не ашукаю, далібог, ажанюся… Ты можа думаеш, што я бедны? Гэта я так толькі ўсім рассказваю… А ты яшчэ ня ведаеш. што ў гэтай шафе! (паказвае на шафу з грашыма). О! я табе пакажу! Ты пабачыш!..

Люба. Непатрэбны мне вашы грошы.

Філімон. А ты кажаш, што я стары. О-го-го! Не адзін малады мог-бы пазайздраваць мне. Ты толькі пацалуй мяне, Любачка, ты толькі папрабуй… Ну, ціпачка!(хоча яе злавіць і пацалаваць).

Люба (ўцякае навокал стала, пасьля бяжыць на балькон і крычыць). Кіньце, я прашу! бо крычаць буду! з балькону ўніз скокну, калі падойдзеце бліжэй! Кіньце прашу вас!.. Марта!!!

Філімон. Ну, ціха, ціха, што ты? Ашалела дзяўчына. Ціха!

Зьява 9

Філімон, Люба і Марта.

Марта (ўваходзіць з кухні). Абед ужо гатоў. Ці падаваць ужо?

Філімон (злы на Марту, што неўпару увайшла). Падавай, падавай, каб ты трэснула!..

Заслона

Акт III

Дэкорацыя тая самая.

Зьява 1

Марта адна, пасьля Люба.

Марта шчоткай падмятае сцэну.

Люба (Уваходзіць з свайго пакою; да Марты ціха): Марта, дзе ён?

Марта. Ляжыць. Усю ноч стагнаў ды стагнаў. Усё казаў: правалілі! правалілі! А пасьля цябе клікаў: «Любачка! ціпачка!» Я яму кампрэс на галаву палажыла. А цяпер заснуў. Калі не паправіцца, думаю, трэба будзе фэльчара паклікаць, каб піяўкі за вушамі паставіў.

Люба. А як-жа ж будзе з маімі дакумэнтамі? Дастанеш, Мартачка?

Марта (выймае з кішані ключы). Ключы вось; я ведаю, дзе ён трымае ўсе важныя паперы… Толькі я чытаць ня ўмею… Я табе ўсё дам. Ты сама ўжо разглядзі, што тваё, а што не тваё. (Ідзе да стала, адчыняе і выймае паперы).

Люба. Ах, вось добра! Дзякую табе, Мартачка! (цалуе Марту).

Марта. Ну, што… Глупства. Вось, глядзі.

Люба (пераглядае). А вось! Вось маё! ёсьць! Ну, добра… Значыцца, цяпер трэба злажыць рэчы і ўцякаць, пакуль ён яшчэ не прачхнуўся. Ці маё ўжо ўсё гатова?

Марта. А я ужо ўсё папрасавала, злажыла. Толькі твая блюзачка яшчэ ня зусім высахла, але я яе зараз выпрасую.