Выбрать главу

Філімон. А! гэта добра! Гэтак ён, пасуседзку, будзе тут прыходзіць і ніхто нічога не падумае. Дорага вазьме?

Скакун. О! ён ахвотна згодзіцца дарма.

Філімон. Як дарма? чаму дарма? зашто дарма?

Скакун (заўважыўшы, што прагаварыўся, ня ведае, што адказаць). Таго… як яно… Не! ня так ужо каб дарма, але гэтак… як дарма…

Філімон. Ну, мы ўжо з ім згаворымся. Заўтра прышлеце яго да мяне, сягоньня я ўжо змарыўся, бо кожны палітычны дзеяч мае шмат і сваіх прыватных клопатаў. Ох, Божа мой! усе мы людзі, ўсе мы чалавекі. Ох, сколькі клопату!

Паўза.

Скакун. Выбачайце, пане міністар…

Філімон (думаючы, што С. зьбіраецца ўжо йсьці). А, вы ідзеце ўжо? Бывайце здаровы! бывайце! (падае яму руку).

Скакун. Не! я ня тое… Я толькі хацеў сказаць, што, ведаеце, ўсялякія будуць расходы.

Філімон (зьдзіўлены). Расходы? А…а якія-ж будупь расходы?

Скакун. Ну, так… мае прыватныя расходы… Ах, Божа мой! бо столькі кожны з нас мае клопату! Разумееце, пане міністар? усе мы людзі, ўсе мы чалавекі. Ох!

Філімон. А можа пасьля? Як усё ўжо будзе таго?..

Скакун. Пане міністар! Прыказка кажа: двойчы дае той, хто зараз дае.

Філімон. Ну, што-ж зрабіць! Маленечкі авансік можна.

Скакун. Большы, па магчымасьці, большы.

Філімон (мацае раней у сябе ў кішані, шукаючы грошай, а пасьля бярэ Скакуна за падпаху і вядзе на балькон). Дарагі мой! Паглядзеце, калі ласка, якая сягоньня харошая пагода, гэта проста нешта нязвычайнае! гэтыя воблачкі! Паглядзеце, дарагі, на неба! (пакінуўшы Скакуна на бальконе, хутка ідзе да шафы з грашыма, адчыняе яе, выймае крыху грошай ды йзноў зачыняе хутка). Вось, калі ласка, колькі магу.

Скакун. Merci, monsieur! (лоўкім жэстам хавае грошы ў кішэнь). Гэта, можна сказаць, ёсьць магутны штырх у напрамку вашай мэты, бо, праз гэта, тэмп разьвіцьця вашай справы робіцца хутчэйшым. (Бярэ рукапіс Філімона). Бывайце здаровы, пане міністар! Усю ноч праседжу над вашым рукапісам, каб хутчэй пазнаёміцца з багацьцем думак вашай працы.

Філімон. Бывайце здаровы! (Праводзіць Скакуна да дзьвярэй і зачыняе за ім дзьверы).

Зьява 15

Філімон, пасьля Мікола і Люба (за сцэнай).

Філімон. Ну, вось! усё ўжо ўладжана… Гэты, здаецца, мяне не абдурыць… Трэба цяпер пайсьці паглядзець, што робіць Любачка. (Ідзець у пакой Любы).

Мікола (выходзіць з кухні). А, чорт! Марты няма, дзьверы ад кухні зачынены. Трэба ўцякаць праз парадныя. Вось улопаўся! (ціха, на цыпачках ідзе да парадных дзьвярэй, раптам за сцэнай чутно піск Любачкі).

Любачна (за сцэнай). Дзядзенька! што вы робіце? Ах, дзядзенька!!.

Мікола (ўстрымаўся). Гэта яе голас! Што сталася? Чаго яна крычыць? (хоча йсьці да дзьвярэй Любы).

Філімон (зьяўляецца на парозе дзьвярэй Любы, задам да сцэны). Ну, што ты, дзетанька! Я-ж твой дзядзенька! Мне ўсё можна, бо я ўсё роўна, як твой папенька. Чаго ты крычыш, ціпанька?

Люба (за сцэнай). Ідзеце, ідзеце, дзядзенька!.. я не хачу!..

Філімон. Ну, добра, добра, Любачка! Толькі ціха, ша!.. (адвярнуўшыся, пабачыў Міколу). А вы што тут робіце? А вы хто такі!

Мікола (спалохаўшыся). Я… я… ваш сусед… Там з гары… вучыцель… Мікола Сьвятляк…

Філімон (інш. тон.). А! Сьвятляк! Вельмі прыемна. Ваш прыяцель казаў мне аб вас… Але чаму-ж вы прыйшлі сягоньня? я-ж сказаў Скакуну, каб вы прыйшлі заўтра. Заўтра ўжо гаворымся аб плаце і пачнем вучыцца. Скажэце, калі ласка, ці вельмі трудна навучыцца? Кажуць, што вы пішаце бяз «ять», але затое ў кожным слове або «фіта», або «іжыца» спатыкаецца. Скажэце-ж, калі гэтая «іжыца» ўстаўляецца?

Мікола (нічога нясьцяміўшы, ня ведае, што адказаць). Іжыца… часам… устаўляецца…

Філімон. Толькі-ж памятайце ўмову: каб ніхто ня ведаў. Ну, я вельмі рад, што вы згодзіліся, спадзяюся, што навука ў нас пойдзе добра… Хаця мне ня трэба надта шмат, але так крышачку, каб, ведаеце, мог рэзалюцыю якуюсь палажыць… каб ня відаць было, што я нічога ня цямлю… Вы мяне разумееце?

Мікола. Выбачайце, але я нічога не разумею.

Філімон. Ну, крышачку навучыцца!.. Самае важнае для мяне, калі гэтыя хвосьцікі над «у» ставяцца?