Выбрать главу

А там на Украіне на ўзбярэжжы Росі

Ля дома Галавінскіх, ці яшчэ ўсё ўзносіць

Старая ліпа крону, пад якой, бывала,

Сто юнакоў і сто паненак танцавала?

Вы нашы помнікі! О як жа вас без меры

Зжыраюць царскіх слуг і гандляроў сякеры!

Не пакідаюць месца птушкам лёгкакрылым,

Ні песнярам, якім ваш цень таксама мілы.

Бо ліпа ж Чарналеская натхніла Яна

На столькі слаўных рыфмаў! Шмат падыктавана

І песняру-казаку дубам-многабаем.

А колькі ж вінен я лясам і нашым гаям!

Стралок слабы, я ад сяброўскіх жартаў злосных

Хаваўся ў вашым цені, векавыя сосны.

І колькі ж дум упаляваў, калі ў глухмені

Адзін на купіне сядзеў у задуменні.

Між пнямі мох сівы, бывала, серабрыцца,

Заліты сінявой растоптанай чарніцы,

А воддаль чырванеюць верасоў узгоркі,

Прыбраныя ў брусніц каралавыя зоркі.

Наўкола цемра, а ўгары на ўсім абшары -

Галіны, як зялёныя густыя хмары.

Віхор гуляў дзесь там над склепам нерухомым

З выццём і шумам, з лёскатам і громам:

Гул дзіўны, ап'яняючы! І мне здалося,

Што мора нада мной шумела шматгалоссем.

А нізам, як руіны гарадоў: пень дуба

Тырчыць з зямлі, як частка велічнага зруба,

На ім апёртыя, як сцен, калон руіны,

Гнілыя пні, калоды, з суччам верхавіны,

Абвітыя травой, імхом. У тыя гушчы

Заглянуць страшна - там жывуць магнаты пушчы:

Ваўкі, дзікі, мядзведзі. Ля ўваходу - косці

Неасцярожных, што зайшлі сюды у госці.

Шугнуць часамі з зелені лясной аблогі

Уверх, нібы фантаны два, аленя рогі,

Ці іншы звер мігне істужкай жаўтаватай

Між дрэў і гасне, як прамень між зелені кашлатай.

І зноў на нізе ціха. Дзяцел на яліне

Пастукае і далей адлятае, гіне,

Схаваўся, але дзюбай дзесьці ў дрэва тыча

I, як дзіця, знайсці сябе ў схаванцы кліча.

Арэх грызе вавёрка, скокнуўшы на хвою,

I, кутасок павесіўшы над галавою,

Нібы пяро над стройнай шапкай кірасіра,

Усё галоўкай круціць ды працуе шчыра.

А госця ўбачыўшы, лясная танцаўшчыца

Мігае з дрэў на дрэвы, быццам бліскавіца,

Пасля ў дупле якімсьці нечакана гіне,

Нібы дрыяда, грэчаскіх лясоў багіня.

Зноў цішыня.

Шасціць галінкай, пэўне, вецер.

Ды не. З-паміж разгорнутага вецця

Яснее тварам, прыгажэйшым чым рабіна,

Збіральніца лясное ягады, дзяўчына,

З кашолкі лыкавай частуе назбіранай

Брусніцай, быццам вусны у самой, румянай.

З ёй побач хлопец крочыць, гне ляшчыннік стромкі,

І ловіць дзеўчына арэхавыя гронкі.

Аж раптам брэх сабак чуваць і рога гранне,

Дык, адгадаўшы, што надходзіць паляванне,

Паміж гушчараў лісця, поўныя трывогі,

З вачэй знікаюць раптам, як лясныя Богі.

А ў Сапліцове ўзняўся рух ужо ад рання.

Але ні зычны голас труб, ні коней ржанне,

Ні брэх сабачы, ані зборы ўсе ў дарогу

Тадэвуша з пасцелі вьвдягнуць не могуць.

Ён спаў апрануты, нібы байбак, і ў дому

Шукаць яго на думку не ўзбрыло нікому,

Бо кожны быў заняты, меў сваё заданне.

І сонны сябра быў забыты ў гэта ранне.

Ён хроп, а сонца праз дзіру, што ў аканіцы

Кшталт сэрца мела, зазірнула ў глыб цямніцы,

І слупам вогненным твар хлопца асвяціўся.

Ён падрамаць яшчэ хацеў, дык пакруціўся,

Хаваючыся ў цень. Ды раптам стук раздаўся,

І сон прапаў. Вясёлым сёння прачынаўся

І чуўся рэзвым, лёгкім, быццам птушка ў полі,

Пасмёхваўся, шчаслівым чуўся, як ніколі.

Нагадваў дзень мінулы, што прайшоў так міла,

Уздыхаў і чырванеў, і сэрца моцна біла.

Зірнуў на свет, вось дзіва! ў косах залацістых

У сэрцы тым блішчала пара воч празрыстых,

Расчыненых шырока. Гэтак вось бывае,

Калі хто з яснасці дня ў цемру заглядае.

І ручку ўбачыў дробную, як веер збоку,

Настаўленую к сонцу для аховы зроку.

А пальцы дробныя, што зменшыць бляск хацелі

Наскрозь, ж бы рубінавыя, зіхацелі.

І вусны ўбачыў, што цікавасць расхінала,

I зубкі, што цвілі, як перлы між каралаў,

І тварык, хоць ад сонца даланёй прыкрьггы

Ружовай, свежых ружаў фарбай быў заліты.

Тадэвуш ля акна спаў. Сам прыкрыты ценем,

Ляжаў і разглядаў з цікавым задзіўленнем

Здань тую проста над сабой, над самым тварам

Не разумеў, ці гэта быль, ці толькі мара -

Адзін з тых ясных мілых тварыкаў дзіцячых,

Якія ў снах дзяцінства мы часамі бачым.

А тварык нахіліўся. І тады разгледзеў

З пачуццем страху, што яго ён бачыў недзе.

Прыпомніў волас залацісты і кароткі

У беласнежныя завіты папільоткі,

У серабраныя стручкі, што так на сонцы

Свяцілі, як карона на святой іконцы.