Выбрать главу

Пасля вярнуліся назад павольным крокам,

Стуліўшы вушы і хвасты, з прьггухшым зрокам.

Прыбегшы, з сораму вачэй падняць не смелі

І не збліжаліся к панам, а воддаль селі.

Пан Рэент галаву павесіў невясёла,

Асэсар сумным вокам кідаў навакола,

А потым пачалі тэорыі разводзіць,

Што ў гэткай справе гончым ход свабодны шкодзіць,

Што заяц раптам скочыў і не быў цкаваны

І што, каб хіба быў сабака падкаваны,

Тады дагнаў бы мо па гэткай камяніцы.

Разумна ўмелі на дэталях запыніцца.

Каб слухачы хацелі, многа б скарысталі,

Але не слухалі. Адны пасвістваць сталі,

Пасмейвацца другія, іншыя ў той хвілі,

Мядзведзя ўспомніўшы, аб ім загаварылі.

А Войскі толькі раз за зайцам вокам кінуў

I, ўбачыўшы, што той між дрэў у лесе згінуў,

Вось так свой сказ канчаў: "Дык жа на чым мы сталі?

Ага! на тым, што слова мне абодва далі

Страляцца праз мядзведзя скуру. Шляхта гнеўна

Крычыць: "Дык гэта ж дула ў дула! Смерць! Напэўна!"

Я ў смех, бо чуў ад Мара, мудраца старога,

Што скурай звера можна змерыць вельмі многа.

Вядома вам, панове, што Дыдо-царыца,

Прыбыўшы ў Лівію, рашьша там спыніцца

І гэтакі зямлі палетак старгавала,

Які б накрыць адной валовай скуры стала.

На тым кавалку поля вырасла Карфага!

Вось гэта абмяркоўваў я ўначы з увагай.

Ледзь стала днець, Давэйка едзе ў тарадэйцы

На зборны пляц, насустрач коннаму Дамэйцы.

Глядзяць, ажно праз рэчку мост ляжыць касматы

З мядзведжай скуры, зрэзанай на паскі-латы.

Паставіў я Давэйку на хвасце мядзведзя,

Дамэйцы ж месца выпала за рэчкай недзе.

"Цяпер страляйцеся,- кажу,- хоць і да смерці,

Але без згоды з месц вас не пушчу, паверце".

Яны - у злосць, а шляхта поўзае ад смеху.

Тут я з ксяндзом давай адводзіць іх ад грэху

Евангеллем, законам. Просім грамадою.

І так прыйшлося ім адмовіцца ад бою.

Выпадак гэты да іх дружбы прычыніўся.

З Дамэйкавай сястрой Давэйка ажаніўся,

Тады Дамэйка шваграву сястру засватаў.

Маёмасць роўна падзялілі, як брат з братам,

А месца, што праславілася справай гэткай,

Карчму паставіўшы, зваць пачалі Мядзведкай".

Кніга пятая. Звада

Змест: Паляўнічыя планы Талімэны. Гароднічка рыхтуецца ў вялікі свет і выслухоўвае навукі апякункі. Стральцы вяртаюцца. Вялікае здзіўленне Тадэвуша. Паўторнае спатканне ў Святыні дум і згода, наладжаная дзякуючы мурашак.. За сталом пачынаецца гутарка пра паляванне. Перапыненая аповесць Войскага пра Рэйтана і князя Дынасаў. Спробы перамоў паміж бакамі, таксама перапыненыя. Постаць з ключом. Звада. Граф з Гервазым праводзяць ваенную нараду.

Вяртаецца пан Войскі з перамогай з бору,

А Талімэна дома, вочы ўзняўшы ўгору,

Распачынае ўловы. Праўда, нерухома

Сядзіць, на грудзі склаўшы рукі, ды без стомы

У думках гоніць двух звяроў і разважае,

Як іх злавіць абодвух. Думкай абкружае

Тадэвуша і Графа. Граф, хоць і прыгожы,

І з роду знатнага, кахае ўжо, быць можа,

Ды гэткага пачуцці могуць адмяніцца,

Прытым, хто знае, ці захоча ажаніцца

З жанчынаю старэйшай! І не так багатай!

А свет што скажа? Сваякі? Лепш іх не кратай!

І з думкамі такімі Талімэна ўстала,

На пальчыкі ўзнялася, быццам падрастала

Адкрыла трохі грудзі, выгнулася бокам

І доўга на сябе глядзела пільным вокам:

Што скажа ёй люстэрка, ведаць захацела,

Пасля ўздыхнула, вочы апусціла, села.

Граф - пан! А панскі густ, звычайна, не трывалы,

Ды Граф бландзін! Бландзін бывае рэдка сталым.

Ну а Тадэвуш? Прасцячок! Хлапчына мілы!

Амаль дзіця! Але з усёй кахае сілы!

Адно глядзець, дык першай не парве завязкі,

Ды ўжо для Талімэны мае абавязкі.

Мужчына малады, хоць трохі ў думках зменны,

Бывае цвёрды ў пачуцці, бо ён сумленны.

І доўга сэрца хлопца носіць успаміны

Пра шчасця час і ўдзячнасць за яго хвіліны.

І хлопец радасна прымае асалоду,

Нібы вясёлую сяброўскую прыгоду.

І толькі п'яніца, віном спаліўшы кішкі,

Гідліва потым пазірае на кілішкі.

Пра гэта Талімэна вельмі добра знала,

Бо розум мела ды і вопыту не мала.

Аднак, што скажуць людзі? Можна б перабрацца

Ў другое месца і ад злых вачэй схавацца,

Або зусім у іншы край перасяліцца.

Найлепш для гэтага падходзіла б сталіца -

Там можна б хлопца вывесці у свет, у людзі,

Пакіраваць, дапамагчы, дзе трэба будзе,

Кахаць, выхоўваць, сябра ў ім мець дарагога

I, покуль сілы служаць, пагуляць нямнога!

І з марамі такімі весела і смела

Прайшлася па пакоі, потым зноў прысела.