Выбрать главу

Што рахаваць не любіць. Я скажу па-просту,

Што суд ураз закончыць згодай мы маглі бы,

Бо справа тут датычыць дворнае сялібы.

Я маю і праект, як можна замяніцца

Зямлёй"... І стаў казаць, задумаўшы спыніцца

Над тым, якія мае ён замены планы.

Ужо ў паўмовы быў, ды рух неспадзяваны

Падняўся пры канцы стала: адны штось заўважалі,

Паказвалі другім. І ўсе звярнулі ў залі

Галовы ў кут, як каласы, што іх кранула

Уздыхам ветру і у іншы бок нагнула.

З кута, дзе быў партрэт старога пана,

Апошняга Гарэшкі, з форткі, што схавана

Была дасціпна за масіўныя філяры,

З'явілася пастаць, падобная да мары:

Гервазы. Па абліччы, росце распазналі

І па той куртцы, што Паўкозіцы ўкрывалі.

Ступаў ён, быццам слуп, прамы, нямы, суровы,

Не зняўшы шапкі, не шануючы прамовы.

Трымаў ён ключ вялікі, як кінжал блішчасты,

І стаў у шафе штось пакручваць, нечым шастаць.

У двух кутах каля філяраў у той залі

У шафах двух старых гадзіннікі стаялі,

Два дзівакі, што з сонцам не былі ўжо ў згодзе:

Паўдня паказвалі тады, як дзень сыходзіў.

Гервазы папраўляць не думаў тых машынаў,

Але і без дагляду ўсё ж іх не пакінуў

І катаваў ключом штовечар вельмі дбала,

А зараз вось пара накручвання настала.

У час, як Падкаморы кіраваў увагу

На важнасць справы, Ключнік пацягнў за вагу -

Заскрыгатаў у шафе механізм іржавы.

Спыніўся Падкаморы ад такое справы.

"Браток,- сказаў,- спыніся з працай пільнай гэтай".

І прадаўжаў далей. А той са злоснай мэтай

Яшчэ мацней загрукатаў другою гірай.

Тут гіль, што зверху быў, кіўнуўся над задзірай

I, крыллямі б'ючы, куранты граць сабраўся.

Ён спрытна змайстраваны, толькі сапсаваўся,

Дык заікаўся і пішчаў штораз то горай.

Тут госці ў смех, зноў мусіў змоўкнуць Падкаморы.

"Гэй, Ключнік,- крыкнуў,- або лепш, пугач-начніца,

Калі шануеш дзюбу, раджу прыпыніцца!"

Гервазы, не ўстрашаны гразьбой такою,

Апёрся на гадзіннік праваю рукою,

А леваю узяўся ў бок і ў той паставе:

"Падкамарэньку,- мовіў,- жартаваць вы ўправе,

Хоць меншы верабей за пугача, ды дома

Ён многа адважнейшы - гэта вам вядома.

А Ключнік не пугач, вось хто ў чужую хату

Ўлез ноччу, той пугач, і я яму дам плату".

"Вон! Вон яго!"-ўзарваўся Падкаморы.

"Пане,

Пан Граф,- азваўся Ключнік,- хай пан толькі гляне:

Ужо і так ваш гонар пляміцца даволі,

Што вы з Сапліцамі п'яце ў адным застоллі.

І трэба ж, каб мяне, замковага служаку,

Гарэшкаў ключніка лічылі за сабаку

Ў паноў маіх палацы? Як пан гэта зносіць?"

Тут закрычаў Пратазы: "Сціхніце ўсе! Досыць!

На ўказ! Вось я, Пратазы Бальтазар Брахальскі,

Імён двух, генерал калісьці трыбунальскі,

Па-просту - Возны, тут выказваю сцвярджэнне,

У сведкі беручы ўсё гэта акружэнне

І заклікаючы на следства Асасора,

Бо на законах і правах мая апора,

У справах шанаванага Суддзі Сапліцы

З прычын інкурсіі - наезду на граніцы

I ў замку гвалту: праўна ім Суддзя ўладае,

А доказ вось: у замку ён за стол сядае".

"Брахун!"- ускрыкнуў Ключнік,- на вось за заслугі!"

І пук сваіх ключоў, рвануўшы ад папругі,

Крутнуў над галавой і выпусціў з размахам.

Жалезны жмут мільгнуў, як з прашчы; простым шляхам

Ён пэўне б лоб Пратазаму разбіў на чвэрці,

Ды, шчасцем, той схінуўся і не даўся смерці.

Усе ўсхапіліся і нейкі час маўчалі,

Суддзя ускрыкнуў: "Гэй, хлапцы, чаго пасталі?

Звязаць яго!" І чэлядзь кінулася жвава

Праходам вузкім між сцяной і лавай,

Але ім крэслам Граф загарадзіў дарогу

I, на апоры той умацаваўшы ногі:

"Стоп!- крыкнуў,- не дазволю, пан Суддзя, нікому

Майго слугу пакрыўдзіць у маім жа дому!

Хто мае скаргу на яго, сказаць мне можа!"

Тут глянуў Падкаморы на яго варожа:

"Без вашай дапамогі пакараць я ў сіле

Шляхцюшку злоснага, а вас мы б, Граф, прасілі

Прыпомніць, што прысвойваць замак 'шчэ зарана,

Мы за сталом не ў вас мо, а ў другога пана.

Сядзіце ціха і ўшануйце, як не гэту

Сівую галаву, дык першы чын павету!"

"А што мне? - буркнуў Граф,- даволі слоў між намі.

Нудзіце іншых паважаннем і чынамі!

Даволі глупства, што заняўся з вамі п'янствам,

Якое вось заканчваецца грубіянствам.

Вы мне яшчэ адкажаце за ўсе абразы!

Убачымся цвярозымі! За мной, Гервазы!"

Адказу гэтага ніяк не спадзяваўся

Пан Падкаморы, ён віна падліць узяўся,

Ды збіты Графа грубасцю, як громам,

Апёрся на кілішак бутлем нерухомым.

Схіліўшы галаву убок, наставіў вуха

І вочы шырака раскрыў, сказаў штось глуха,

Пасля зноў моўчкі чарку з гэткай сілай сціснуў,