Цягнуў асведчанне ўсё тое ж раўнадушна
І, толькі скончыўшы, пляц кінуў апусцелы,
Дзе засталіся грузы і пабітых целы.
Людскіх ахвяраў не было, але ўсе лавы
Амаль без ног былі, а голы стол кульгавы
Злёг на талерак, місак гурт, віном заліты,
Як рыцар на шчыты, з каня ў змаганні збіты.
А ўкруг ляжаць індычак, куранятак цельцы.
А з іх тырчаць нажы і ўбітыя відэльцы.
І хутка ўжо ў старым Гарэшкаўскім будынку
Вяртацца пачало ўсё зноў да супачынку.
Згушчаўся змрок. А рэшткі панскае вячэры
Ляжаць, як ежа для дзядоў, што, згодна веры
Народнай, сходзяцца на заклінанняў словы.
З-пад даху адгукнуліся ўжо тройчы совы,
Як гусляры, нібы ўсход месяца віталі,
Якога водбліск пранікаў з надхмарнай далі
З дрыжаннем светльм. І сярод начное цішы
Праз дзіры пацукі павылезлі і мышы,
Грызуць і п'юць. І толькі часам стукне глуха
Шампанскага бутэлька за здароўе духаў.
А на другім паверсе ў той жа час у залі,
Якую некалі люстэркаваю звалі,
Стаяў Граф на балконе насупроціў брамы
І ветрам халадаўся. Рухам з нейкай драмы
Сурдут з пляча спусціў, палою ахінуўся
І быццам у плашчы шырокім апынуўся.
Гервазы ў кут з кута хадзіў цяжкой ступою,
І кожны повен дум гуторыў сам з сабою.
Граф мовіў: "Пісталеты, а як не - палашы!"
Гервазы паўтараў: "Зямля і замак нашы!"
"Пляменніка і дзядзьку,- ўскрыкваў Граф,- кліч к бою!
Увесь іх род!" "Калі вы хочаце спакою,-
Выкрыкваў Ключнік,- замак, землі адбірайце,
Пан Граф, нічога ім не пакідайце!
Нашто судзіцца вам, мапанку? Суд кароткі:
Чатыры сотні год жылі тут вашы продкі.
Зямлі аднялі шмат дзялягі Таргавіцы
І перадалі, як пан ведаеш, Сапліцы.
Усё забраць ад іх, не толькі нашу долю,
За кошты ўсе судовыя, за самаволю!
Я вам не раз казаў: наездам праў дабіцца!
Я вам не раз казаў: даволі ўжо судзіцца!
Даўней бывала так: хто раз зямлю здабудзе,
Той пан. У полі выйграй, дык прысудзяць суддзі.
А што датычыцца з Сапліцам даўняй звады,
Дык тут не суд, а мой Сцізорычак дасць рады.
А як Мацей паможа з Розгай весці спрэчку,
То мы, мапанку, ўдвух з Сапліцаў зробім сечку".
"О брава!- ўскрыкнуў Граф.- Твой план гота-сармацкі
Мілейшы мне на шмат, чым гоман адвакацкі.
Ты ведаеш, на ўсю краіну шуму будзе,
Бо аб падобных справах і не помняць людзі,
Дык пагуляем. За маё тут прабыванне,
За два гады, хто біўся? За мяжу сяляне!
А ў тым нашэсці нашым кроў паліцца можа.
Я раз, калі яшчэ бываў у падарожжах,
Такі паход праводзіў з князем у Сыцылы.
Тады ў яго бандыты зяця захапілі
І выкупу ад сваякоў патрабавалі.
Мы хутка слугаў і васалаў пазбіралі
І - к ім. Я сам аж двух забіў з таго іх зброду,
У табар іхні ўскочыў, вязню даў свабоду.
Ах, дарагі Гервазы! Што за трыумфальны
Быў наш зварот дамоў геройска-феадальны!
Народ нас з кветкамі сустрэў, а дочка князя
На грудзі ўпала мне ва ўдзячнасці й экстазе.
Калі ж прыбыў я ўжо ў Палерма, ўсе газеты
І ўсе жанчыны славілі выпадак гэты.
І на'т раманс надрукавалі аб здарэнні,
Дзе прозвішча маё названа і найменні.
Раманс завецца "Граф, або Пра таямніцы
Бірбанта-рокка замка". Ці тут ёсць цямніцы?"
"Ёсць,- адказаў Гервазы,- варта падзівіцца.
Было ў іх і віно, ды выпілі Сапліцы".
"Жакеяў,- Граф сказаў,- таксама ўзброіць можам,
Васалаў клікнем з сёл". "Лакеяў? Крый вас, Божа!-
Гервазы ўскрыкнуў.- Вы разважце толькі самі,
Які ж наезд з лакеямі ды з мужыкамі?
Не цяміце ў наездах, бачу, вы нічога.
Вусалаў - рэч другая. Вусачы - падмога!
А мы ў засценках лёгка знойдзем іх, мапанку!
Адно даць знаць у Добрынь, Центычы, Рубанку.
Здаўна там шляхта рыцарская пражывае
І ад вякоў Гарэшкаў роду спачувае,
Яны Сапліцаў ненавідзяць усе чыста,
Адтуль вось і збяру я вусачоў са трыста.
Мая ў тым справа. Вы ж вяртайцеся ў палацы
Паспаць, бо заўтра вас чакае многа працы.
Пара даўно: пяюць другія пеўні, пане.
Я папільную замка, покуль дзень настане.
І ў Добрынь вырушу, як след, з самога ранку".
На словы гэтыя Граф адступіўся з ганку
І глянуў, адыходзячы, ў дзіру байніцы.
А ўбачыўшы агнёў шмат у двары Сапліцы:
"Ілюмінуйце!- крыкнуў,- заўтра будзе змрочна
Ў вас, а ў замку светла - гэта відавочна!"
Гервазы сеў у кут, да сценкі прытуліўся
І галавою, поўнай дум, уніз хіліўся,
А месяц асвяціў ягоны чэрап лысы.
На ім стары вычэрчваў пальцам знакі, рысы -
Відаць, што распрацоўваў новы план ваенны.
На вочы стаў насоўвацца цяжар каменны,
Дык рушыў галавой, каб цалкам не забыцца,
I, па штодзённай звычцы, спрабаваў маліцца.