На Графа за знявагу гонару, абразы,
За гвалты і разбой, што дапусціў Гервазы,
А на абодвух за пагрозы і за шкоды,
Учыненыя імі з гэтай жа нагоды.
Іск трэба вусна аб'явіць, абавязкова
Да сонца захаду. Пратазы рад, без слова
Прымае ад Суддзі пакет для даручэння,
А сэрца скача ў самаго з задавальнення.
Ад думкі аднае пра суд - адмаладзіўся,
Успомніў, колькі з іскамі ён нахадзіўся
Па гузакі і, як-ніяк, па ўзнагароды.
Так вось салдат, які правёў у войнах годы,
І ў больніцы ляжыць калекам адзінокім,
Пачуўшы бубна стук ці кліч трубы далёкі,
Праз сон ускрыкне: "У бой, браты салдаты!" -
І на назе драўлянай скача вон з палаты
Так хутка, што ніхто дагнаць яго не можа.
Пратазы апранацца стаў у падарожжа,
Ды не ўскладае кунтуша ані жупана -
Адзежа гэта на пару судоў схавана.
Ён для дарогі мае іншае адзенне:
Шырокія райтузы, куртку па калені,
Якой на гузіках падшпільваюцца полы
Або спускаюцца. Таксама могуць долу
Спускацца ўверх падвязаныя шапкі вушы.
Апрануты так, з палкай пехатою рушыў,
Бо Возны перад справай, як шпіён ваенны,
Пад выгляд маскіруецца зусім адменны.
Каб Возны не так спешна выйшаў у дарогу,
То іскам тым пацешыўся б зусім не многа,
Бо ў Сапліцове перайначыліся планы.
Ксёндз Робак да Суддзі прыбег усхваляваны
І кажа: "Вось бяда, Суддзя, нам з цёткай гэтай,
3 той Талімэнай, ветрагонам і какетай.
Як Зося апынулася ў сірочым стане,
Аддаў яе пан Яцак ёй на выхаванне,
Пачуўшы, што яна разумная, свет знае,
А бачу, што яна муціць нам пачынае.
Тадэвуша звяла інтрыгамі сваімі
І Графа баламуціць - круціць абудвымі.
Дык абмяркуйма, як пазбыцца гэтай цёткі,
Бо не агледзешся, як тут паўстануць плёткі,
Злы прыклад, нават звады з гэтае нагоды
І перашкодзяць з Графам вам прыйсці да згоды".
"Да згоды?!- закрычаў Суддзя усхваляваны,-
Са згодай скончана, план згоды разарваны!"
"А гэта што?- ускрыкнуў Робак.- Дзе ж галовы?
Што, ваша, баеш? Зноў скандал якісьці новы?"
"Віна тут не мая,- сказаў Суддзя,- вось суддзям
Даказана ўсё Графава нахабства будзе.
Латруга і Гервазы. Ды суд прыме меры!
Шкада, што не былі вы, ксенжа, на вячэры,
Пасведчылі б, як страшна Граф мяне абразіў".
"Пашто ж, пан,- крыкнуў Робак,- у руіны ўлазіў?
Я гэтак замка не цярплю. І больш нічога
Мяне туды не ўцягне. Вось зноў кара Бога!
Як там было? Скажы! Зноў трэба ўсё наладзіць.
Мяне дурнота ваша пачынае гадзіць.
Важнейшыя ёсць справы, чым мірыць разлады,
Ды раз яшчэ зміру". "Змірыць? Без вашай рады
Абыдзецца. А вы лепш ціхенька сядзіце,-
Сказаў Суддзя са злосцю.- На табе! Глядзіце!
Якісьці там манах мне дасць загад мірыцца!
Знай, ваша, што мірыцца не прывык Сапліца,
Падаў у суд, дык выйграе. Выпадкі ў нас бывалі,
Што ў шостым пакаленні суд мы выйгравалі.
Даволі глупства, што па вашаму жаданню
Я трэці раз склікаю суд размежавання,
А сёння згоды ўжо няма, няма між намі!
(Выкрыкваў і хадзіў, і біў як вол нагамі.)
Апроч таго, за свой нахабны, злосны ўчынак
Хай Граф нас перапросіць, не - дык паядынак!"
"Што ж будзе, як аб тым даведаецца Яцак?
Памрэ ад жалю, бо не можна забывацца,
Што замак ад Сапліцаў вынес шмат благога.
Ах, брат, глядзі, каб тора не было замнога!
Ты ведаеш, што землі замка Таргавіца
Забрала, а пасля перадала Сапліцам,
І Яцак за грахі пакляўся перад Богам,
Што верне ўсё назад да самага малога,
Дык у апеку ўзяў Гарэшкі ўнучку Зосю.
Плаціць за выхаванне многа ўжо прыйшлося.
А ён хацеў яе з Тадэвушам сасватаць
І гэтак дзве нязгодныя сям'і пабратаць,
Наследніцы аддаць, на што ў яе ёсць права".
"Што мне?- сказаў Суддзя.- А мне якая справа?
Я нават і не бачыўся ніколі з Яцкам,
Ледзь чуў і аб жыцці ягоным гайдамацкім.
У езуітаў я вучыўся ў тыя годы,
Пасля прыдворным быў у замку ваяводы.
Маёмасць далі, я узяў, прыняў і Зосю,
Глядзеў яе і дбаю аб далейшым лёсе,
Ды бабская гісторыя ўжо мне дадзела!
Пасля, чаго Граф лезе ў не свае надзелы?
3 якім да замка правам? Скуль яно узята?
Гарэшкам ён - вадой на кісялі дзесятай!
Ён лаецца, а я павінен з ім мірыцца?!"
"Брат,- ксёндз сказаў,- прычыны ёсць, пашто таіцца.
Ты помніш, Яцак думаў слаць у войска сына,
Пасля ў Літве пакінуў. Што тут за прычына?
Вось ён радзіме тутка больш патрэбным будзе.
Ты ж ведаеш, пра што вакол гавораць людзі,
Пра тое ж гаварыў і я не раз, бывала,
А вось цяпер сказаць усё пара настала!
Тут справы важныя, мой брат: вайна і годзе!
Вайна за Польшчу! Браце! Будзем на свабодзе!