Выбрать главу

Вайна вось-вось пачнецца! Едучы таёмна

Сюды, фарпосты бачыў я ўжо каля Нёмна.

Напаляон збірае гэтулькі народу,

Што свет не помніць, чалавек не бачыў з роду.

3 французамі ідзе і польскі корпус цэлы:

Дамброўскі, Панятоўскі і арол наш белы!

Яны ўжо блізка. Хай па першаму наказу

Праз Нёман ступяць, і Радзіма ўскрэсне зразу!"

Суддзя уважна слухаў, склаўшы акуляры,

Глядзеў ксяндзу у вочы: ці ж сапраўды мары

Здзяйсняюцца? Ўздыхнуў, сляза ў вачах свяціла...

Пасля схапіў ксяндза за шыю са ўсёй сілы:

"Ах, ксенжа,- ўскрыкваў,- ды ці толькі гэта праўда?

Ах, ксенжа,- паўтараў,- ці толькі гэта праўда?

Нас столькі зводзілі! А помніш, як казалі:

Напаляон ідзе! І мы тады чакалі.

Казалі: ён у Польшчы, ў Прусах, ля граніцы,

Да нас ідзе! А ён у Тыльжы стаў мірыцца.

Ці толькі гэта праўда? Мо ізноў памылка?"

"Як Бог на небе, праўда!" - мовіў Робак пылка.

"Хай Бог благаславіць вас тым, чаго вам трэба,-

Сказаў Суддзя з паднятымі рукамі ў неба,-

Не скаешся ў пасольстве, божы чалавеча,

Я дам на манастыр твой сотні дзве авечак.

Ты ўчора на каштанку, ксенжа, заглядаўся,

Гняды мой, ведаю, табе быў спадабаўся,

Сягоння запрагаю я ў твой воз абое.

Прасі, што хочаш зараз, я аддам любое,

Ды толькі ведай: з Графам згоды ў нас не будзе,

Аб гэтым не прасі, няхай рашаюць суддзі,

I ўсё тут".

Ксёндз, упёршыся ў Суддзю вачыма,

Аж рукі заламаў. Паціснуўшы плячыма,

Сказаў: "Калі Напаляон нясе свабоду

І свет дрыжыць, ты можаш думаць пра нязгоду?

Такіх падзеяў незвычайных ход пазнаўшы,

Няўжо чакаць спакойна будзеш рукі склаўшы,

Калі ўжо дзейнічаць пара?" "Што на думцы маеш?" -

Спытаў Суддзя. "Няўжо яшчэ не адчуваеш

Душой сваёю дум маіх? Ах, браце мілы!

Калі ў табе Сапліцаў кроў і досыць сілы,

Глядзі: французы рушаць спераду ў змаганне,

А што, каб ззаду нам узняць тады паўстанне?

Як думаеш? "Пагоня" хай заржэ, на Жмудзі

Няхай "Мядзведзь" раўне, і ўміг паўстануць людзі.

Каб з тысячу спачатку ці хоць з палавіну

Сабраць, а там паднялі б мы і ўсю краіну.

І вось, каб мы, здабыўшы тутка перамогу,

Сустрэць выбаўцаў нашых выйшлі на дарогу!

Ідзём, а імператар, здзіўлены не мала,

Пытае: "Хто там?" Мы крычым: "Літва паўстала!

Дазволь нам, кесар, з арміяй тваёй злучыцца!"

Спьггае ён: "Хто камандзір?" "Суддзя Сапліца!"

Хто смеў бы папракнуць тады нас Таргавіцай?

Браток, пакуль стаяць Панарам, Нёмну плысці,

Датуль Сапліцаў імю з памяці не выйсці!

Унукаў, праўнукаў Ягайлава сталіца

Паказваць будзе пальцам: "Гляньце, вось Сапліца,

3 Сапліцаў тых, што першыя ўзнялі паўстанне".

Суддзя на гэта: "Хто ды што казаць там стане,

Дык гэтым галава мая найменш занята.

Нічым не вінаваты я ва ўчынках брата,

Палітыкай таксама я не забаўляўся,

А толькі абавязкі выканаць стараўся.

Я - шляхціц і ахвотна сцёр бы пляму дому.

Ахвотна паслужу я краю дарагому.

Душу яму аддам. Не лепшы я з ваякаў,

Ды й мой палаш таму-сяму пакінуў знакаў.

Раз я на сейміку адным у бой паклікаў

І ў паядынку зраніў двух братоў Бузвікаў,

Што... ды не ў гэтым справа. Як тут разабрацца,

Ці трэба неадкладна ў поле выбірацца?

Стралкоў сабраць не цяжка. Пораху мы маем

І некалькі гарматак у ксяндза хаваем,

А ў Янкеля, я знаю, ёсць жалезкі к пікам,

Што будуць годныя і якасцю і лікам.

Жалезкі гэтыя прывезены з Крулеўца

Тайком, а зараз мы да іх наробім дрэўкаў.

І шабляў хопіць. Шляхту конна ўміг пасадзім,

Я - на чале з пляменнікам, а там - паглядзім!"

"Вось кроў паляка!- ўскрыкнуў бернардын,- не скрыю,

Я гэтага й чакаў! - і згроб Суддзю за шыю. -

"Ты сын Сапліцаў, ты прыслужышся радзіме

І з братніх він цяжкіх сваё ачысціш імя.

Ты быў мне мілы заўсягды, а з гэтай хвілі

Ты мне, як брат, нас справы зараз параднілі.

Мы падрыхтуемся, бо рушым не адразу,

Я месца вызначу і час, чакай наказу.

Я знаю, цар ганцоў паслаў да Банапарта -

Прадоўжыць мір ён дабіваецца упарта,

Але цяпер яго старанне мала варта.

Француз Біньён з напалеонаўскае рады

Гаворыць, што нічым закончацца нарады,

Што быць вайне. А наш князь Юзаф тому рады,

Мяне сюды ў Літву направіў ён з наказам

Разведаць, ці не хочаце вы з Польшчай разам

За кесарам ісці, як многія народы,

І ў чым ваш доказ, што чакаеце свабоды.

Тым часам, браце, з Графам трэба ўсё наладзіць.

Хоць ён дзівак, фантаст, радзіме ён не здрадзіць,

Ён добры патрыёт і справе дапаможа.

Бо кожны з дзівакоў карысць прынесці можа,

І нават могуць дурнаватыя змагацца,