Выбрать главу

І дзе цяпер французы? Ці вайну пачалі?

Хто іх вядзе? Куды ідуць? Якой дарогай?

Пяхоты колькі? Конніцы? Гармат ці многа?

Кажыце зараз, што адкуль вядомым стала?"

А грамада глядзела вокал і маўчала.

"Я раджу пачакаць прыезду бернардына,-

Сказаў Прусак,- бо гэта ад яго навіна.

Тым часам трэба слаць шпіёнаў на граніцу

І ўзбройваць тых цішком, якія могуць біцца,

А покуль што з намерамі не адкрывацца

І да паўстання ўсёй акругай рыхтавацца".

"Чакаць? брахаць? цягнуць?- другі Мацей падняўся

Які Крапіцелем праз доўбню зваўся,

Празваную Крапілам - меў яе з сабою,

I, рукі скрыжаваўшы па-над булавою

І, ўспёршы бараду, крычаў:-Чакаць! Спрачацца!

I доўга думаць! Гэм, трэм, брэм, пасля змывацца!

Я ў Прусіі не быў, і розум крулявецкі -

Для прусакоў, а ў мяне ёсць свой, шляхецкі.

Хто хоча ў бой, павінен за крапіла брацца,

А хто ўмірае, тому трэба спавядацца!

Я жыць хачу і біць! Нашто нам бернардыны

Ці Робакі? якой патрэбны нам прычыны?

Мы самі - рабакі і маскалёў падточым!

Чакаць! Цягнуць! Дзяды вы, я скажу у вочы!

І недарэкі! Хай сабака ходзіць нюхаць,

Ксёндз пабірацца, а мне трэ' крапілам рухаць!

Крапіць! крапіць! і ўсё тут". даўбню пагладзіў.

За ім: "Крапіць! крапіць!"- пранеслася ў нарадзе.

Тут Бартак, што ад тонкай шаблі Брытвай званы,

Мацей з мянушкай Конаўка, бо пастаянна

Насіў з шырокай руляй стрэльбу і з якое

Мог тузін куль, як з конаўкі, лінуць ракою,

Крычалі гучна разам: "Хай жыве Крапіла!"

Прусак зноў слова браць хацеў, ды заглушыла

Яго шмат крыкаў: "Вон з ім трусам-прусачынам

Хто трус, таму не быць байцом, а бернардынам!"

Тут галаву падняў стары Мацей з задумы,

І зараз жа заціхлі крыкі ўсе і шумы.

"Насмешкі з Робака,- сказаў ён,- без карысці,

Бо ён чарвяк, які арэхі можа грызці.

Я бачьгў раз яго, ледзь толькі кінуў вокам,

Пазнаў, што ён за птушка; ён крутнуўся бокам

І рушыў, не хацеў, відаць, мне спавядацца.

А што мне? Што мне ў справы не свае мяшацца?

Сюды не прыйдзе, не чакайце бернардына.

Калі ж вось гэта ад яго прыйшла навіна,

Дык што ў яго за мэта? Бес ён, не ксянжына!

Як апроч гэтага не знаеце нічога,

Тады чаго вам трэба? Скуль уся трывога?"

"Вайна! " крычалі. "З кім?"- спытаў. "З Масквой! Масквою!

Крычалі ўсе.- Гайда на маскалёў! Гэй, к бою!"

Прусак перакрычаць усіх яшчэ стараўся

І голас узвышаў, які пісклівым стаўся,

Прасіў паклонам слова і махаў рукамі.

"I я,- крычаў, б'ючыся ў грудзі кулакамі,-

Хачу змагацца! Раз дык жэрдкай ад віціны

Аж чатыром прусакам справіў я хрысціны

За тое, што ўтапіць мяне хацелі ў Прэглі!"

"Ты, Бартак, зух! Крапіць, крапіць, каб зразу леглі!" -

Крычаў Хрысціцель. "Бог мой! Трэба ж, хіба, ведаць,

З кім мы ваюем,- рваўся Бартак,- трэ' ж разведаць,

Адкуль і як пачаць. Падумайце ж вы самі,

Адразу так народ не вырушыць за намі!

Браты! Паны! Уважце! Як жа лезці ў схватку,

Калі няма ў нас ладу ні парадку!

Вы хочаце вайны? Перш сарганізавацца,

Намеціць планы трэба - сканфедэравацца.

У Польшчы так было: вось бачым райтараду

Нямецкую, склікаем тайную нараду,

Прыводзім шляхту і вясковы люд да ладу

І так чакаем ад Дамброўскага наказу.

Пасля - гайда на коней і ў бой скачам зразу".

"Прашу даць слова!" - камісар ускрыкнуў клецкі,

Прыстойны, малады, у вопратцы нямецкай.

Ён зваўся Бухман, але быў палякам зроду,

Хоць невядома, ці быў шляхціцам; нагоды

Ніхто не меў навесці спраўкі пра Бухмана.

Даволі, што ў вялікага служыў ён пана,

Быў добрым патрыётам, многа меў навукі

І з кніг чужых знаў гаспадарнічання штукі,

Адміністрацыю двароў вёў вельмі ўмела

І аб палітыцы судзіў заўсёды смела,

Пісаў прыгожа, вельмі гладка выслаўляўся;

Дык змоўклі ўсе, як толькі адазваўся.

"Прашу даць слова!- паўтарыў. Пасля з паклонам

Адкашляўся і так прамовіў зычным тонам: -

Мае прадмоўцы ў выступленнях красамоўных

Ужо да пунктаў дакрануліся галоўных,

Дыскусію на значную ступень узнялі,

Дык думкі трапныя, што вельмі ўсіх занялі,

Мне застаецца толькі ўзгодніць і адгладзіць,

Каб больш змястоўна нам дыскутаваць і радзіць

Дыскусія дзве часткі ў нас сягоння мела,

І я трымацца буду гэтага раздзела.

Найперш: чаму мы маем узнімаць паўстанне?

Ў якім напрамку?- гэта першае пытанне.

А вось другое ўжо адносіцца да ўлады.

Падзел тут трапны. Але перш за ўсё - загады:

Калі мы ўладу неабходнай нам знаходзім,

То ўжо з яе з'яўлення мэту, сэнс выводзім.

Дык што да ўлады. Вось вачыма прабягаю